У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылася школа вучобы па ткацтве паясоў
У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылася школа вучобы па ткацтве паясоў
У Гродзенскай вобласці актыўна захоўваецца традыцыя па ткацтве паясоў у 8 раёнах. Зберагаецца і аднаўляецца гэта майстэрства і на Зэльвеншчыне. Тут не толькі паважаюць сакрэты продкаў, але і вучацца новым тэхналогіям. Дзякуючы надзвычайнай захопленасці і зацікаўленасці народнай творчасцю, Лідзія Кіслая асвоіла шмат узораў і зараз сваімі дасягненнямі з задавальненнем дзеліцца з землякамі.

Цікавае мерапрыемства прайшло ва ўстанове культуры Зэльвы. Дзве майстрыхі народных мастацкіх рамёслаў – Лідзія Кіслая з Зэльвеншчыны і Вера Дзевятчанка са Слонімшчыны паказалі майстар-класы. Увазе моладзі і дарослых былі прадэманстраваны сакрэты рамяства.

Але спачатку гасцей запрасілі на прэзентацыю паясоў, дзе можна было пазнаёміцца з прыгожымі ўзорамі, даведацца, які сэнс яны нясуць. Гучалі і слушныя парады – пад якое адзенне носіцца пояс, у якіх выпадках завязваецца.


Далей увазе зэльвенцаў былі прапанаваны майстар-класы па ткацтве пояса на дошчачках і на станку. Гледзячы за ходам рук майстрых, здавалася, што справа вельмі лёгкая. Але, калі паспрабаваць, то з першага разу мала ў каго атрымалася нават прайсці адзін радок. А жанчыны ўжо ўмеюць камбінаваць адразу некалькі нітак, плесці паясы рознай даўжыні і шырыні. Магія іх майстэрства зачароўвае: за кожным паваротам маленькіх квадрацікаў ці бердзечкі з’яўляецца новы непаўторны ўзор.

Урокі прышліся даспадобы многім, так як можна было за некалькі хвілін з дапамогай умеліц зрабіць для себя абярэг.

Напрыканцы Лідзія Мікалаеўна падзялілася сваімі ўражаннямі ад удзелу ў выставе, якая ладзілася ў Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Яна паказала відэапрэзентацыю і расказала аб тых эмоцыях, якія ахапілі нашых суседзяў ад прыгажосці беларускіх паясоў.

Настаўнікі і вучні гімназіі №1 г.п. Зэльва дзякавалі майстрыхам за захаванне спадчыны і пажадалі, каб традыцыйнае мастацтва развівалася і папулярызавалася.

Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в наших Telegram-канале, MAX. Подписывайтесь по ссылке!
























