Святая ноч. Зэльвенскія каталікі сустракаюць Нараджэнне Збаўцы

Найсвяцейшай ноччу з 24 на 25 снежня хрысціяне каталіцкага веравызнання сардэчнымі малітвамі і душэўнымі словамі праслаўлялі Нараджэнне Езуса Хрыста. У святыні разносілася мілагучнае: “Ціхая ноч, святая ноч, Бог прыйшоў да людзей. Хор анёлаў спявае з нябёс: “Нарадзіўся вам Збаўца Хрыстос”. Ён збаўленне прынёс. Ціхая ноч, святая ноч. Божы сын, шчасці нам. І ў сэрцы любоў запалі, супакоем наш край адары, поўнай радасці дай”.

Вялікае хрысціянскае свята аб’яднала зэльвенцаў, гасцей парафіі. Сёлета вернікі сабраліся загаддзя ў касцёле Святой Тройцы, каб памаліцца перад Бэтлеемскай стаенкай і жлобкам, каб супольна сустрэць ззянне Віфлеемскай зоркі.

Праз некалькі хвілін калакольны звон абвясціў радасную навіну: нарадзілася Немаўлятка. Прысутныя на святочнай імшы сардэчна праслаўлялі цудоўны момант і шчыра маліліся да Марыі і Юзафа. Слухаючы ўрывак з Евангелля, які яшчэ раз нагадаў аб вялікай падзеі ў горадзе Бэтлееме, кожны разважаў над значнасцю Божага Нараджэнне.

Ксёндз Яцэк Маркель, разважаючы над Словам Божым, акцэнтаваў увагу на тым, наколькі важна прыняць Бога ў свае сэрца, умацоўваць сваю веру, надзею ў беззаганную любоў Пана:

Калі чалавек годна перажывае час Адвэнту, яго не здзіўляе той момант, што Бог гатовы да таго, каб вы ў чарговы раз запрасілі Яго ў сваё жыццё. Езус спадзяецца на тое, што людзі Яго пазнаюць і прымуць. Ён гатовы прыйсці ў любы момант, адчыніце толькі для гэтага сваю душу. Сёння Ён нарадзіўся ў стаенцы. Але Ён нараджаецца і кожны раз падчас прыняцця Эўхарыстыі.

Пасля таго, як вернікі прыступілі да Святой Камуніі, разам памаліліся, святар зачытаў святочныя віншавальныя лісты, адрасаваныя біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, старшынёй раённага выканаўчага камітэта Дзянісам Альшэўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Вадзімам Панасікам. Ксёндз Яцэк Маркель таксама далучыўся да віншаванняў. Парафіяне, у сваю чаргу, пажадалі святару Божай міласэрнасці і дапамогі ў святарскай справе.

На працягу ўсёй урачыстасці Светлае Раство Хрыстова ўслаўлялася прыгожымі каляднымі спевамі ў выкананні касцельнага хору, малітоўна – перад яселькамі з нованароджаным Панам.

Святочная актава працягнецца да 1 студзеня. На працягу васьмі дзён штодня будзе праходзіць святая імша.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены