Зэльвенскія каталікі святкуюць Нараджэнне Хрыстова

“Ціхая ноч, святая ноч! Бог прыйшоў да людзей! Хор анёлаў спявае з нябёс: “Нарадзіўся вам Збаўца Хрыстос!” – прыгожымі гучнымі спевамі распачалася адна з галоўных у хрысціянскім календары ўрачыстасць Раства Хрыстова.

Каб правесці снежаньскі вечар у малітве і разам з іншымі парафіянамі падзяліцца вялікай радасцю, зэльвенцы сабраліся ў касцёле Святой Тройцы на Пастэрку. Погляд усіх быў накіраваны на ўпрыгожаную батлейку. Паводле падання, тут, у ясельках, на сенцы нарадзіўся Збавіцель. Як толькі ён з’явіўся на свет, у небе заззяла Віфлеемская зорка, якая абвясціла ўсяму свету радасную навіну.

Атмасфера нараджэння Езуса Хрыста адчувалася паўсюдна: у імпразаванай інсталяцыі, у ззянні ліхтарыкаў на ёлках, у спевах і малітвах. Падчас набажэнства зачытваліся ўрыўкі з Евангелля, узгадваліся біблейскія падзеі, якія расказвалі пра час нараджэння Пана.

Разважаючы над важнай падзеяй, а таксама над сэнсам жыцця, ксёндз Яцэк адзначыў, што перажыты 2020 год быў надзвычай складаны для ўсяго чалавецтва: “У такіх абставінах мы павінны былі зразумець, што Бог не пакідае чалавека, калі ён звяртаецца да Яго з малітвай і просьбамі. Бог асвятляе наш жыццёвы шлях. Збаўца заўсёды выбірае дабрыню, любоў, цярпенне і жадае кожнаму чалавеку толькі шчаслівага лёсу. Нованароджаны Езус хоча, каб мы жылі ў міры і спакоі, верылі ў Божае слова”.

–Няхай у сэрцах хрысціян пануе спакой, у сем’ях і Айчыне – мір. Няхай усім спадарожнічае шчасце, а Божае дзіцятка благаслаўляе на добрыя ўчынкі і справы, – пажадаў святар. А затым зачытаў пастырскае пасланне да каталікоў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

З нагоды важнага хрысціянскага свята віншаванні вернікам даслалі старшыня райвыканкама Д.А. Альшэўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў В.А. Панасік.

Пасля імшы зэльвенцы мелі магчымасць памаліцца каля батлейкі, ускласці маленькаму Езусу свае просьбы і падзякі.

Святкаваць Нараджэнне Хрыстова вернікі будуць на працягу васьмі дзён. Гэтая актава прызначана для таго, каб павіншаваць родных і блізкіх, падзяліцца радасцю, яшчэ раз пераканацца ў вялікім цудзе Божага Нараджэння.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены