Скарбонка кашалёўскіх традыцый

Кожны куточак Зэльвеншчыны мае свае адметныя традыцыі і звычаі. Колькі цікавых фальклорных асаблівасцей, трапных прыказак і прымавак, унікальных гульняў запомніла наша старэйшае пакаленне! Каб з цягам часу не страціць культурных каштоўнасцей, захаваць і перадаць іх надалей, кашалёўскія падлеткі некалькі год таму аб’ядналіся ў аматарскі калектыў “Кашалёўская скарбонка”, які за свае заслугі атрымаў званне «ўзорны». І вось ужо 15 год запар моладзь упэўнена: мяс- цовы фальклор – гэта здабытак, мастацтва і гонар.

Яшчэ працуючы мастацкім кіраўніком Кашалёўскага дома фальклору, Лідзія Кіслая не раз задумвалася аб тым, што мясцовыя традыцыі абавязкова трэба захаваць. Знайшліся доўгажыхары, якія не толькі падтрымалі ідэі работніка культуры, але і з задавальненнем дапамаглі ў арганізацыі этнаграфічнага кутка. Прыносячы тую ці іншую рэч, расказвалі аб яе прызначэнні, выкарыстанні ў гаспадарчых мэтах, аб традыцыях, звязаных з ёю. Слова за словам – і ў гутарцы ўзгадваліся даўнія гісторыі, часы, калі ў вёсцы ў адным доме збіралася большасць жыхароў, якія праводзілі вечары за рукадзеллем, а таксама спявалі, танцавалі, гулялі ў гульні…

– Даведвацца аб народных промыслах, рэгіянальных святах і абрадах – даволі-такі цікавая справа, – кажа Лідзія Міхайлаўна. – Гэта было настолькі захапляльна, што ўпусціць такі момант і не заняцца пошукава-экспедыцый- най работай было б непрабачальна. Тым больш, што сведкаў з кожным годам заставалася ўсё менш. А калі нам (у той час я працавала разам з Галінай Данік) на дапамогу прыйшлі хлопчыкі і дзяўчынкі, якія загарэліся нашай прапановай, справа пайшла намнога хутчэй. Больш скажу: мы не толькі збіралі каштоўнейшы матэрыял, які лёг у аснову альбомаў і буклетаў, але і аднаўлялі нацыянальную культуру. Толькі ўявіце: у канцы 90-х гадоў падлеткі спачатку зацікавіліся, як праводзяць вольны час старэйшыя жанчыны вёскі, а затым самі селі разам з імі прасці пражу. З часам спрабавалі паглыбіцца ў сутнасць такіх абрадаў, як, напрыклад, “Хрэсьбіны”, “Каравай” і г.д.

Лідзія Кіслая, узгадваючы дэвіз аматарскага аб’яднання “Што сёння зробіш, тое заўтра як знойдзеш”, гаворыць, што ён сапраўды сам сябе апраўдаў. І самае цікавае дзейства пачыналася тады, калі старэйшыя ўсё расказвалі і паказвалі, а за імі паўтаралі старшакласнікі, да якіх далучаліся і малодшыя вучні. Прычым ніхто не прапускаў рэпетыцый і вельмі рады быў вывучыць кожны новы элемент ці дзею.

Так дзетвара на чале з кіраўніком калектыву адрадзіла каляндарна-гадавыя абрады “Водахрышча”, “Грамніцы”, “Святое Юр’е”, “Багач”, “Сё- муху”. У рэпертуары калектыву многа народных святаў: “Вяно- чак звіваем, дабра маладым жа- даем”, “Вялікдзень”, “Купалле”, “Яблычны спас” і інш. – У нашым калектыве займаецца 12 чалавек, – дзеліцца актывістка Вікторыя Колбік. – І ўсім нам цікава на мясцовым матэры- яле ўзнаўляць гісторыі з жыцця і побыту землякоў.

Кожны з нас разумее: фальклор – гэта праўда, захаваная праз гады, і мы не маем права штосьці выдумляць ці дапаўняць. Наша задача – аднавіць яго і праз свае творчыя здольнасці ўвасобіць у сцэнічны вобраз. Я, напрыклад, са сваёй сяброўкай Надзеяй Данільчык люблю вы- конваць галоўныя ролі.

У прыватнасці, нам пашчасціла адна- віць “Піліпаўскія вячоркі”, зразумець сэнс варажбы на Каляды. А яшчэ ў адным з абрадаў мы даведаліся: калі дзве дзяўчынкі разам плятуць вянок, а затым пацалуюць адна другую, будуць сябраваць усё жыццё, і ніякія аб- ставіны і адлегласць іх не разлу- чаць. – Калі запытаць у мяне, які з абрадаў самы любімы, я адназначна не адкажу, – дапаўняе Надзея Данільчык. – Усе ролі, што выконвала, дарагія сэрцу. Калі сам вывучаеш дзею, правільнасць слоў, рухаў, паслядоўнасць выканання, працэс захапляе і зацягвае.

Уяўляеш, хоць гэта і складана, жыццё бабуль і дзядуль у ранейшыя часы, спасцігаеш і становішся сапраўдным артыстам. Наш калектыў рос, развіваўся, і вельмі прыемна, што стаў выступаць не толькі ў вясковым клубе, але і на раённай сцэне, па-за межамі Зэльвеншчыны. “Кашалёўская скарбонка” ўдала заявіла аб сабе на абласных аглядах-конкурсах аматарскіх аб’яднанняў “Свет захапленняў”, абласных фестывалях рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”.

Стала пастаянным удзельнікам раённых і абласных конкурсаў і семінараў. Не раз узнагароджвалася дыпломамі ў намінацыі “Лепшы клуб трады- цыйнай народнай культуры”. А адноўленым абрадам “Ахвяраванне калодзежу” нават зацікавілася здымачная група пазнавальна-турыстычнай праграмы Беларускага тэлебачання “Маршрут пабудаваны” і запісала яго для адной з перадач. – Да выканання любога абраду трэба ставіцца сур’ёзна.

Гэта фальклорныя элементы, якім трэба адпавядаць, – выказвае сваю думку Ілля Шпетны. – І ролю выканаць згодна з традыцыяй. Удзельнічаў разам с маімі равеснікамі ў конкурсных праграмах, і заўсёды хацелася як найбольш па-сапраўднаму перадаць гледачам каралінскі этнаграфічны матэрыял. Любы абрад – гэта невялікае свята, дзе гучаць родная мова, народная музыка і, самае галоўнае, выкарыстоўваецца аўтэнтычны мясцовы фальклор. А як цікава праходзіць у нас свята “Вялікдзень”, у якім мы аднавілі многія спо- сабы варажбы! На “Благавешчанне” гукаем вясну. Для гэтага самі вырабляем птушак. Дарэчы, асвоілі тэхніку саломапляцення, выцінанкі, робім і лялькіабярэгі. Не памылюся, калі скажу: удзельнікам нашага калектыву падабаюцца пасядзелкі, пазнавальныя і гульнёвыя праграмы, і, безумоўна, свята фальклору “Перазвон талентаў”.

Трэба адзначыць, што раскрываючы і ўдасканальваючы свае мастацкія здольнасці, юныя выканаўцы засвойваюць размоўны, танцавальны і гульнёвы этыкет. Дзеці перанялі ад бабуль шмат вясковых выразаў, народных прымавак, вершаваных радкоў, песень, карагодаў. Кашалёўскі і каралінскі край настолькі багаты гутарковым жанрам, што ўдалося сабраць “Загадкі ад бабулі Сабіны”, “Кла- доўку скорагаворак”, “Кашалёўскія выслоўі” (прывітанні, пажаданні, засцярогі, дражнілкі, жарты). Многае пашчасціла даведацца ад старажылаў Сабіны Станіславаўны Антановіч, Антаніны Антонаўны Пашкоўскай. Зараз даволі карыснай інфармацыяй дзеляцца Зінаіда Міхайлаўна Шчаўровіч, Тамара Іосіфаўна Пачынчык, Раіса Сцяпанаўна Вярстак, Соф’я Сцяпанаўна Сакалоўская і іншыя. – Багатай скарбніцай творчых набыткаў з’яўляецца кожная вёска, амаль кожны чалавек старэйшага пакалення, – разважае Лідзія Кіслая. – Таму пры гутарцы трэба быць вельмі ўважлівым. Пажылы чалавек багаты на ўспаміны, словы, фразеалагізмы менавіта сва- ёй мясцовасці. Вось, напрыклад, не так даўно я даведалася, што ў вёсцы Росцевічы жылі вельмі га- ласістыя людзі. Калі яны спявалі, чуваць было ажно ў Івашкавічах. Вельмі хочацца запісаць тыя песні і аднавіць іх. Бывае, што выпадко- ва даведваешся пра нейкую асаб- лівую страву.

Так, у Пятрэвічах удалося запісаць рэцэпты юшкі, пышак, бабкі (гэтыя стравы рыхтаваліся на багатую куццю), комаў і аўсянага кісялю (ежа на Дзяды). – Негледзячы на тое, што састаў аматарскага аб’яднання праз час змяняецца (да кашалёўскіх падлеткаў далучыліся каралінскія, а старшакласнікі закончылі школу), нам удаецца захаваць калектыў, зацікавіць новых удзельнікаў гісторыка-культурнай спадчынай, падтрымаць творчыя ініцыятывы, – дадае кіраўнік калектыву. – Сёння мы аднаўляем багацейшы фальк- лор Зэльвеншчыны, менавіта свайго краю, у якім адлюстроўваецца рознабаковы характар землякоў, іх жыццё, быт. Творчыя пошукі не спыняюцца. У планах – аднаўленне не аднаго абраду. Раней існаваў цэлы шэраг прыкмет, калі і куды завя- заць хустку таго ці іншага колеру, памеру, матэрыялу. З дапамогай старэйшых жыхароў працуем над узнаўленнем дадзенага абраду. Таксама хочацца перадаць маладому пакаленню мясцовыя побытавыя танцы, танцавальныя рухі і карагоды. Пакуль ёсць таленавітыя вышы- вальшчыцы Людміла Мікалаеўна Херкова, Марыя Венедыктаўна Масальская, спрабуем захаваць адметнасць адзення, асабліва ўзораў на ім. Упэўнена: “Кашалёўская скарбонка” валодае дастатковым творчым патэнцыялам для далейшай працы па зборы і аднаўленні краязнаўчага матэрыялу – скарбу нашай малой радзімы.

Людміла ПОПКА


Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены