Любительское объединение «Кашалёўская скарбонка» возрождает народные обряды и традиции

8228

З моманту стварэння аматарскага аб’яднання “Кашалёўская скарбонка” напісана цэлая гісторыя яго творчай дзейнасці. Зацікаўленыя адраджэннем народных абрадаў і традыцый, энергічныя, вясёлыя хлопцы і дзяўчаты шмат гастраліравалі не толькі па Зэльвеншчыне, але і далёка за яе межамі. Калектыў неаднаразова ўдзельнічаў у абласным фестывалі “Панямоння жыватворныя крыніцы”. За развіццё дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў адзначаны Дыпломам II ступені абласнога агляду-конкурсу “Свет захапленняў”. У 2007 годзе кашалёўскім фалькларыстам прысвоена ганаровае званне “Узорнае аматарскае аб’яднанне”.
Больш чым два дзясяткі гадоў таму пад дахам колішняга Кашалёўскага дома культуры сабраліся мясцовыя прыхільнікі народнай творчасці, неабыякавыя да фальклору школьнікі. З мэтай захавання традыцый роднага краю вырашылі стварыць этнагра-фічны куток.
– Было вельмі цікава хадзіць з хаты ў хату, з вёскі ў вёску, знаёміцца з жыццём мясцовых народных умельцаў, даведвацца аб побытавых рэчах кашалёўцаў і жыхароў нашага рэгіёну, – расказвае кіраўнік установы культуры Лідзія Кіслая. – Думалі, што аформім цікавы куток ці пакой. Але справа пайшла далей – падлеткі чулі неардынарныя гісторыі, напрыклад, пра элементы мужчынскага і жаночага адзення, тканыя і вышываныя рэчы, посуд і г.д. Пачалі запісваць ад доўгажыхароў прыкметы, павер’і, прыказкі і прымаўкі, а потым – песні і абрады. У выніку экспедычных даследаванняў атрымалася некалькі змястоўных альбомаў і буклетаў: “Народныя прыкметы”, “Кладоўка скорагаворак”, “Загадкі ад бабулі Сабіны”, “Вясельныя пажаданні” і іншыя.
У канцы 90-х гадоў апантаная фальклорам дзетвара падтрымала ініцыятыву Лідзіі Кіслай і арганізавала аматар-скае аб’яднанне пад назвай “Кашалёўская скарбонка”. Яго ўдзельнікі вырашылі абавязкова адрадзіць, вывучыць і захаваць мясцовыя народныя абрады: як побытавая скарбонка напаўняецца дарагімі і важкімі рэчамі, так фальклорная павінна была напоўніцца мясцовымі здабыткамі.
Падтрымаць самадзейных юных артыстаў першымі адгукнуліся Антаніна Пашкоў-ская і Сабіна Антановіч. Яркія, творчыя асобы, яны былі сапраўднай знаходкай для школьнікаў. Акрамя таго, што жанчыны ведаюць шмат чаго з вуснай народнай творчасці, дык яшчэ маюць цудоўныя галасы. А колькі абрадавых элементаў яны адкрылі падлеткам! Зразумела, рэпетыцыі адбіралі шмат часу, але любімыя заняткі паглынулі дзяцей цалкам.
Праз некаторы перыяд у мясцовым Доме фальклору быў паказаны першы абрад “Піліпаўскія попрадкі”, у аснову якога пакладзены мясцовыя народныя прыкметы. Удалая пастаноўка і адкрыла “зорны” шлях калектыву. Хутка на суд кашалёўскага гледача былі вынесены так званыя абрады гадавога календара: “Зажынкі”, “Дажынкі”, “Купалле”, “Грамніцы”, “Шчодрык”, “Вадохрышча” і г.д. Удзельнікаў аматарскага аб’яднання пачалі запрашаць на раённыя агляды-конкурсы, фестывалі фальклору. І ні разу яны не вярнуліся дадому пасля выступленняў з пустымі рукамі. Атрыманыя дыпломы сведчаць аб высокім мастацкім узроўні гэтага калектыву.
У 2007 годзе на раённы агляд-конкурс аматарскіх аб’яднанняў “Кашалёўская скарбонка” падрыхтавала цікавую тэатралізаваную пастаноўку “Ільняная талака”, якая прынесла не толькі перамогу калектыву, але і права называцца ўзорным. З той пары спевакі і танцоры лічаць гэты абрад сваёй візітнай карткай. Але і на дасягнутым не спыняюцца. Адрадзіліся і па-новаму загучалі старажытныя “Вячоркі”, абрад “Лю-лю, Люляшу”. З народным абрадам апрацоўкі льну члены аб’яднання пазнаёмілі школьнікаў навучальных устаноў раёна, выступалі са сцэн сельскіх устаноў культуры.
– У калектыве 12 чалавек. Гэта хлопчыкі і дзяўчынкі рознага ўзросту – ад 6 да 17 гадоў – вялікія аматары мастацкай самадзейнасці, якія адкрываюць для сваіх аднагодкаў і для дарослых дзівосны свет фальклору, – расказвае дырэктар Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Якута. – Ні адно раённае свята народнай творчасці не абыходзіцца без іх
удзелу. Аснову выступленняў складаюць песні, танцы, прымаўкі і прыказкі, запісаныя ад старэйшых людзей. Таму па сваім рэпертуары і пастаноўках фальклорны гурт унікальны. Скажу нават больш – адзіны самабытны дзіцячы калектыў у раёне.
Трэба адзначыць, за апошнія гады значна павялічылася калекцыя экспанатаў этнаграфічнага кутка, сярод якіх ёсць саматканыя спадніцы і кашулі, фартухі і безрукаўкі. Папоўнілася і вусная народная скарбніца. На вачах расце майстэрства ўдзельнікаў. У мінулым годзе на абласным аглядзе-конкурсе аматарскіх аб’яднанняў “Кашалёўская скарбонка” атрымала Дыплом III ступені, чым у чарговы раз пацвердзіла сваё высокае званне ўзорнага.
Людміла ПОПКА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.