У суботу пачынаецца прыём дакументаў у абітурыентаў, якія вырашылі атрымаць вышэйшую адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі
У суботу пачынаецца прыём дакументаў у абітурыентаў, якія вырашылі атрымаць вышэйшую адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі
Карэспандэнты «Звязды» пагутарылі з тымі, хто ўжо паспеў мэтанакіравана папрацаваць
Падпісаў кантракт яшчэ на пяць гадоў
Цяпер Ілья ЯФІМАЎ працуе намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Галынка» ў Зэльвенскім раёне. Прыйшоў у гаспадарку пасля навучання па мэтавай траекторыі на пасаду намесніка начальніка вытворчага ўчастка. У працу ўключыўся актыўна і з усёй адказнасцю ставіўся да сваіх абавязкаў. Гэта ён працягвае рабіць і па сённяшні дзень, а таксама вучыць прамудрасцям працы маладых спецыялістаў.
Ілья мясцовы. Скончыў Азярніцкую сярэднюю школу, сам родам з вёскі Вострава. Варыянтаў будучай прафесіі ў маладога чалавека было нямала, бо ён вельмі дапытлівы. У выніку спыніўся на сельскагаспадарчай сферы. Яго бацькі таксама працавалі ў КСУП «Галынка», дзе і прапанавалі Ільі ўзяць мэтавае накіраванне. Крыху падумаўшы, пагадзіўся і вырашыў паступаць у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.

— У такім варыянце паступлення больш упэўненасці і гарантый. Да таго ж, статус маладога спецыяліста захоўваецца на працягу ўсёй пяцігадовай адпрацоўкі. А яна мяне зусім не палохала, бо я павінен быў вярнуцца ў родны край, дзе ўсіх ведаю. Акрамя таго, разумеў, што гэта — мая сфера. Дадаткова асвоіў спецыяльнасці «працоўны зялёнага будаўніцтва» і «ландшафтны дызайнер», мне вельмі спадабалася працаваць на зямлі. Так што ўсё сышлося!
Кар’ера майго суразмоўцы адразу пайшла ўгару. Ужо праз год яму прапанавалі пасаду агранома вытворчага ўчастка, а крыху пазней — агранома па насенняводстве. Малады спецыяліст і не думаў адмаўляцца. Яму хацелася вучыцца, развівацца, даведвацца новае. Ён ніколі не саромеўся задаваць пытанні сваім настаўнікам, не баяўся памылак, бо толькі набіваючы ўласныя гузы атрымліваеш каштоўны працоўны вопыт.
Калі тэрмін адпрацоўкі завяршаўся, Ілья зразумеў, што хоча застацца ў гаспадарцы, і падпісаў кантракт на пяць гадоў. Да таго ж у калектыўнай дамове ёсць вельмі прыемны бонус для тых, хто працягвае кантракт на такі тэрмін, — выплата ў памеры 100 базавых велчынь. Пры яшчэ адным працягу гэтая сума складае 200 базавых велічынь. Але, вядома ж, гэта не адзіная прычына.
— У нас моцная гаспадарка, дзе ўсе імкнуцца да развіцця. Ды і ў цэлым працаваць у сельскай гаспадарцы не сорамна, а, наадварот, вельмі ганарова. Мы забяспечваем харчовую бяспеку. Ад аграрыяў залежыць, ці будзе хлеб на сталах беларусаў. Цяпер сяло змянілася, вёскі не тыя, што былі раней. Калі ўзяць нашу гаспадарку, то за апошнія пяць гадоў мы дабіліся значных поспехаў у нашай непасрэднай сферы: гэта мадэрнізацыі, будоўлі, рэканструкцыі, — і пры гэтым «Галынка» актыўна ўдзельнічае ў жыцці раёна. Дапамагае добраўпарадкоўваць яго. Развіваецца б’юці-сфера; як бы дзіўна гэта ні гучала, я ў гэтым разбіраюся. Калі толькі пачынаў працаваць, асвоіў манікюрную справу. А яшчэ наша гаспадарка адкрыла ПВЗ Wіldberrіes, нават тут мы атрымалі поспех.
Ілья перакананы, што, калі чалавек хоча працаваць і развівацца, ён будзе гэта рабіць у любой мясцовасці. А галоўны плюс працы ў раёне — гэтых магчымасцяў значна больш, як і самастойнасці. Так, адказнасці таксама дадаецца, але так нават лепш. А яшчэ малады чалавек з вялікім задавальненнем дапамагае маладым спецыялістам у адаптацыі.
— Не скажу, што мой першы год быў лёгкім. Усё ж такі вучоба ва ўніверсітэце і рэальная праца — розныя рэчы. Вучышся прымяняць на практыцы свае веды, мець зносіны ў калектыве. Па адчуваннях мой першы год доўжыўся бясконца. Але я ніколі не здаваўся і прыкладаў усе сілы, каб мая праца была выканана на вышэйшым узроўні. Гэтаму вучу і маладых спецыялістаў. Спачатку крыху берагу іх, а потым актыўна далучаю да грамадскага жыцця, бо сам ведаю, наколькі гэта важна і карысна. Трохі хітру і сялю хлопцаў і дзяўчат побач, у нас так сям’я ўтварылася, — усміхаецца Ілья.
Мой суразмоўца — актыўны ўдзельнік прафарыентацыйных мерапрыемстваў, паспявае цікавіцца вырошчваннем кветак, спявае і займаецца спортам. А яшчэ Ілья кажа, што ён шчаслівы чалавек. Дарэчы, яго падпісаны пяцігадовы кантракт заканчваецца яшчэ не хутка, але ён ужо ведае, што і наступную пяцігодку таксама хоча правесці на малой радзіме сярод палёў і родных людзей.





















