Зэльвенскіх школьнікаў ксёндз благаславіў на новы вучэбны год

Заўсёды перад 1 вераснем у касцёле Святой Тройцы праходзіць спецыяльнае набажэнства, падчас якога моляцца аб здароўі і поспехах вучняў. Сёлетні год не стаў выключэннем: у апошнюю нядзелю жніўня на новы вучэбны год школьнікаў благаславіў ксёндз Яцэк Маркель.

Эпідсітуацыя ўнесла карэктывы ў наведванне дзецьмі храма і катэхезічных заняткаў. З дазволу біскупа падлеткі амаль пяць месяцаў мелі непрадбачаныя канікулы. Мала хто з зэльвенцаў юнацкага ўзросту прыходзіў на імшу. Таму чарговая сустрэча для хлопчыкаў і дзяўчынак стала асабліва прыемнай. Яны, не хаваючы эмоцый, віталі адзін аднаго, дзяліліся навінамі. А як толькі загучала знаёмая мелодыя аргана, усе разам заспявалі: “ У сённяшні дзень Бог парадаваў, радуемся і суцешымся Ім…”.

Напачатку набажэнства святар запрасіў усіх звярнуцца да Бога з просьбай прабачыць грахі, учыненыя за перыяд не наведвання касцёла. А затым зачытаў ліст біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, у якім гаворыцца аб рашэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі спыніць дзеянне дыспенсы (дазволу), дадзенай 20 сакавіка, і аднавіць абавязак вернікаў удзельнічаць у нядзельных і ўрачыстых святых Імшах. Аднак, неабходна помніць аб захаванні мер бяспекі. Аднаўляюцца таксама і заняткі па катэхезісу, якія распачнуцца з 26 верасня.

Пад прыгожы спеў вернікаў падрастаючае пакаленне ўзносіла свае просьбы і малітвы да Бога. Пасля гэтага святар благаславіў вучняў і асвяціў дзённікі і школьныя прыналежнасці. І пажадаў ім добра вучыцца, папаўняць веды ўсё новай і новай інфармацыяй, пашыраць свой далягляд і духоўна абагачацца.

–За лета я добра адпачыў, з нецярпеннем чакаю школьнага званка, – прызнаўся шасцікласнік Раман Нядзвецкі. – Хачу сустрэцца з аднакласнікамі, уліцца ў насычанае школьнае жыццё. Як веруючаму падлетку, мне прыемна атрымаць благаслаўленне ксяндза і бацькоў.

–Да школы гатова, – упэўнена кажа першакласніца Дарына Сянчурына. – Мяне нават запрасілі выступаць на першай верасеньскай лінейцы. Буду чытаць вершы. З благаслаўленнем святара і вучоба будзе лёгкай.

–Хачу выдатна вучыцца, каб радаваць родных, – распавядае першакласнік Дзяніс Дземідок. – Прынёс новенькі партфель, напоўнены неабходнымі прыналежнасцямі. Спадзяюся, што Бог дапаможа мне шчасліва ісці па школьнай дарозе.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены