Як на Зэльвеншчыне захоўваюць народную творчасць і самабытных майстроў?

Папулярызаваць народную творчасць, захаваць культурную спадчыну, перадаваць ад пакалення пакаленню мастэрства самабытных майстроў. Такую задачу, акрамя асноўных, ставяць перад сабой спецыялісты цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Зэльвенскага раёна.  З гэтай мэтай работнікі філіяла аграгарадка Каралін арганізавалі выяздны майстар-клас. Сваім уменнем па-майстэрску вышываць дзялілася з пажылымі аднавяскоўцамі і падрастаючым пакаленнем таленавітая Людміла Херкова.

Паколькі дом жыхаркі вёскі Аляксандраўшчына больш падобны на музей, чым на жылое памяшканне, гаспадыня прапанавала правесці мерапрыемства ў пакоі, сярод яе работ, а не на вуліцы. І сапраўды, удзельнікам сустрэчы было на што паглядзець: усе прадметы інтэр’еру ўпрыгожаны вышытымі вырабамі. На тумбачках і шафе –яркія сурвэткі, стале – беласнежны абрус, вышыты букецікамі кветак, ложак засланы ў даўніх народных традыцыях.

Разгаварыўшыся, пажылыя людзі ўспомнілі аб тым, што ў гады іх маладосці ўсе дзяўчаты і жанчыны займаліся рукадзеллем. У адных атрымлівалася лепш, у другіх – трошкі горш. З часам хтосьці закінуў майстэрства, а некаторыя зрабілі яго сваім хобі. У доме Людмілы Мікалаеўны ўсе зразумелі, што любімая справа грэе ёй душу. Сваёй вышыўкай яна з радасцю дзеліцца з усімі, каму спадабаўся той ці іншы выраб. Па благаслаўленні святара жанчына абрамляе абразы. Яе вышыўкай упрыгожаны храм у аграгарадку Міжэрычы, які яна ўвесь час наведвае, іншыя святыні раёна.

Самабытная ўмеліца пастаянна прымае ўдзел у святах і выставах рознага ўзроўню, у тым ліку і на Ганненскім кірмашы. Неаднойчы прыгожыя ручнікі, сурвэткі, абрусы і іншыя рэчы займалі годнае месца на выставе ў філіяле ЦСАН.

Амаль у 70-гадовым узросце Людміла Мікалаеўна актыўная і пазітыўная. Сваёй энергіяй зараджае равесніц, заклікае не сумаваць. Вось і на майстар-класе паказала, як арганізаваць свой вольны час.

Жанчына таксама марыць перадаць сваё майстэрства сучаснаму пакаленню, якое захоплена тэлефонамі і Інтэрнэтам. Яна лічыць, што вышыўка – гэта нацыянальная каштоўнасць, духоўная спадчына народа, якую нельга страціць, і згодна навучыць майстэрству вучняў.

Першы крок у гэтым накірунку быў зроблены: падчас майстар-класа рукадзеллем зацікавілася шасцікласніца Ульяна Крэчка:

Мне даспадобы рэчы Людмілы Мікалаеўны, але сумняваюся, што калі небудзь авалодаю гэтым майстэрствам. Разумею, што патрэбна ўседлівасць, настойлівасць. Вельмі буду рада, калі з цягам часу перайму вопыт мясцовага таленавітага чалавека і стану прадаўжальніцай народных традыцый.

Людміла ПОПКА

Цікавыя і актуальныя навіны Зэльвенскага раёна ў нашым  Telegram-канале. Падпісвайцеся па спасылцы!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены