Як дашкольнікі праводзяць час у дзіцячым садзе?

Кожны з вас лёгка ўспомніць гульні, якімі бавілі час з таварышамі: цот-няцот, рыбак і рыбка, выбівала, кракадзіл, гусі і мядзведзь…Калі станавіліся старэйшымі, колькасць удзельнікаў павялічвалася – і пачыналі гуляць у футбол, валейбол, піянербол, квэсты…

Паназірайце за дашкольнікамі, якія прыйшлі ў малодшую групу. Пасля бацькоўскага дома ўжо само знаходжанне ў садку – вялікі стрэс. Пераадолець яго, а таксама фарміравацца як асобе дзецям дапамагаюць гульні. Аднак калектыўныя адразу прапанаваць нельга.

Трэба прывучыць дзіця гуляць самастойна. Развіццё навыкаў здзяйсняецца пры непасрэдным удзеле дарослых. Ад таго, наколькі скрупулёзна выхавацель, бацькі і родныя аднясуцца да справы, залежыць, ці палюбіць дзіця гульню.

Перш за ўсё дарослы мусіць падабраць цацкі, якія захапілі дзіця і садзейнічалі праяўленню ў яго інтарэсу. Гэта могуць быць лялькі, машынкі, канструктары, кубікі, складанкі…

Акрамя тэматычных забавак, што прапануюць вытворцы, старэйшы член сям’і разам з малодшым можа стварыць адмысловую цацку са спадручнага матэрыялу. У такім разе развіваецца фантазія дзіцяці: яно сабраныя лісцікі пераўтварае ў кветачкі, звычайную каробачку – у домік, з пруцікаў выкладае дарожку для цягніка.

Даросламу неабходна гуляць разам з дзіцём, паказваючы ход дзеянняў: малыя не могуць зрэжысіраваць усё самастойна, бо яшчэ не маюць дастатковага вопыту. У першы раз дзіця будзе забаўляцца па вашых правілах, а пасля атрыманыя навыкі зможа перанесці і на іншую гульню.

Дашкольнікі ў гульнях не толькі знаёмяцца з многімі прадметамі і з’явамі, але і адлюстроўваюць убачаныя падзеі і зносіны паміж людзьмі. Педагог па паводзінах пад час забаў можа меркаваць, у якім асяроддзі расце дзіця. У гульні раскрываецца ўнутраны свет і праяўляюцца чалавечыя якасці. Яна дазваляе дзіцяці як бы паставіць сябе ў становішча таго дарослага (у тым ліку з сямейнага акружэння), на якога хочацца быць падобным. Малы спрабуе паўтарыць ўчынкі, паводзіны, дзейнасць.

Іншымі словамі, ужываючыся ў ролю, дзіця паводзіць сябе суадносна. Яно захапляецца колам пачуццяў і атрымлівае навыкі, якія пазней можа прадэманстраваць у рэальнай жыццёвай сітуацыі. Таму важна, каб дзіця брала на сябе станоўчыя ролі. Так яно набудзе правільны вопыт і добры эмацыйны фон. У гэтым выпадку гульня мае пазітыўнае ўздзеянне, бо прывівае дабрыню, увагу, ветлівасць, а не жорсткасць, агрэсіўнасць і г.д.

Ірына БОЦЬКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены