Яблычны Спас: каталікі Зэльвеншчыны ўшаноўваюць Панну Марыю і дзякуюць ёй за плады новага ўраджаю

Штогод 15 жніўня малітвамі і спевамі хрысціяне каталіцкага веравызнання праслаўляюць Найсвяцейшую Панну Марыю, якая з душой і целам была ўзята на неба. З верай і пакорай просяць яе заступніцтва і дзякуюць за плады бягучага года.

Святая імша распачалася з прыгожых спеваў, якімі праслаўлялася Панна Марыя. Настаяцель касцёла Святой Тройцы ксёндз Яцэк Маркель адзначыў, што сёння важна падзякаваць Пану Богу за Яго цуды і асабліва за цуд – Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Яна апякуецца над намі, моліцца за нас, дапамагае нам у штодзённым жыцці і паўсядзённых клопатах:

Як калісьці апосталы прынеслі свае дары да грабніцы Пана Бога, так мы на свята прыносім кветкі, зёлкі, ураджай з палёў, садоў і агародаў, просячы Панну Марыю аб благаслаўленні пладоў нашай крапатлівай працы. Гэта сімвалічна. Бо веруючы чалавек павінен разумець: усё, што вырасла, расквітнела, ператварылася ў плод, – гэта не толькі заслуга працавітых рук хлебаробаў і гаспадароў, але і вялікі падарунак Бога. Бо Ён разам ідзе з намі па жыцці, падтрымліваючы ў працавітых і часамі не вельмі лёгкіх буднях, у радасці, у гадзіны роспачы. Мы павінны праз малітву ўшаноўваць Пана Бога і Марыю. Важна таксама захоўваць духоўныя традыцыі і сімвалы, перадаваць іх з пакалення ў пакаленне.

Слухаючы словы Евангелля, вернікі разважалі над тым, што набожнасць Маці Божай з’яўляецца крыніцай дабра, адкрытасці і міласэрнасці. Яна асвятляе і паказвае шлях, яна поўная ласкі і пакоры. А свята Ўнебаўзяцця – гэта свята радасці і надзеі: Марыя знаходзіцца на небе і з цягам часу мы таксама будем там.

У знак удзячнасці за ласку Божую і заступніцтва Божай Маці хрысціяне асвяцілі разнастайныя плёны сваёй працы: прыгожыя букеты з кветкамі і зёлкамі, кошычкі з садавінай і агароднінай.

Галіна АЗЁРСКАЯ:

Радуюся вялікай урачыстасці Ўнебаўзяцця Панны Марыі. Яна – мая падтрымка, мая – надзея, мая – заступніца. Як удзячнасць ёй і Пану Богу за ўраджай бягучага года, пасвянчу яблыкі і зёлкі. Гэта для мяне добры знак: я адкрываю сваё сэрца насустрач Найсвяцейшай Марыі.

Максім Шчыткавец:

Па праўдзе кажучы, не ведаю чаму прыносяць у касцёл упрыгожаныя кветкамі яблыкі. Але падчас імшы буду ўважліва слухаць і зразумею. Больш таго, пацікаўлюся ў бабулі, да якой прыехаў у госці. Думаю, што, калі старэйшыя прытрымліваецца такой традыцыі, то наш абавязак – яе захаваць.

Ядзвіга Урбановіч:

Свята падводзіць вынікі працы бягучага года. Мы дзякуем за збожжа, садавіну і агародніну, лекавыя зёлкі, кветкі Пана Бога і Панну Марыю. Так як да гэтага часу паспявае практычна ўвесь ураджай, у тым ліку яблыкі, у народзе ўрачыстасць называюць Яблычны Спас. Букецікі як абарэг кладу дома каля абразоў. А яблыкамі частую родных, каб былі здаровымі і поўнымі сілы. Узносячы малітву, прашу апекі і заступніцтва за сваіх родных, землякоў, суайчыннікаў.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены