Зэльвенскія каталікі святкуюць Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі

15 жніўня каталіцкія вернікі святкуюць адну з вялікіх хрысціянскіх урачыстасцей – Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі. У супольнай малітве ўшаноўваюць Божую Маці, а таксама дзякуюць ёй за ўраджай бягучага года.

У сувязі са складанымі абставінамі ў краіне святая імша распачалася не як звычайна. Ксёндз Яцэк Маркель зачытаў звароты біскупаў да беларусаў, у якіх святары прапануюць хрысціянам  далучыцца да штодзённай малітвы ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны і ўсяго народа, 16 жніўня ва ўсіх парафіях правесці агульнабеларускую Эўхарыстычную малітву.

З малітвай аб міры і супакоі на нашай роднай зямлі, хутчэйшым вырашэнні канфлікту вернікі схілілі галовы перад абразамі Пана Бога і Панны Марыі.

Каменціруючы ўрывак з Евангеліі,  настаяцель касцёла Святой Тройцы звярнуў увагу на тое, што веруючыя людзі маюць магчымасць перажываць вялікую радасць Унебаўзяцця. Марыя асвятляе шлях кожнаму  чалавеку, бо яна першая была ўзята Айцом да неба. Яна моліцца, апякуецца за нас, абараняе ад зла, атуляе ўсіх цеплынёй і ласкай, як найлепшая маці сваіх дзяцей. Святар прапанаваў зэльвенцам сабрацца 16 жніўня ў 10 гадзін раніцы і сумесна перад Найсвяцейшым Сакрамантам памаліцца за нашу Айчыну.

У святочны дзень існуе традыцыя прыходзіць у касцёл з пладамі новага ўраджаю – дарамі Божай Маці. Таму зэльвенцы прынеслі з сабой зёлкі, палявыя кветкі, каласкі збожжа і аўса, садавіну і агародніну. Пасля  імшы адбылося іх асвячэнне.

Валянціна і Вераніка ПУЗАЧ:

–Спакон вякоў у нашай сям’і існаваў абавязак прысутнічаць на імшы на такое вялікае свята. Таму сёння скіроўваем свой позірк на Марыю, бо яна паказвае нам шлях да веры, пакоры і суцяшэння. Просім у яе заступніцтва для родных і блізкіх, а таксама землякоў і ўсяго беларускага народа.

Яўгенія Клімчук:

–Ушаноўваючы Марыю Унебаўзятую, у мяне ўзнікае жаданне ўдзячнасці за дар веры, за дар хлеба, які сёння ўвасабляецца ў каласках жыта. А таксама прашу Беззаганную Марыю, нашу Маці і Заступніцу аб вечнай апецы, ласцы і падтрымцы людзей.

Алена Ламака:

–Душу перапаўняе радасць ад праўды Унебаўзяцця Марыі на неба з душой і целам, так як яна не мела першароднага граху, бо з’яўлялася маці Божага Сына. Да Найсвяцейшай Марыі звяртаюся з рознымі малітвамі і часта адчуваю яе дапамогу. Канешне ж, традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне. І ва ўрачыстасці прымае ўдзел уся наша сям’я. Асвечанымі дарамі будзем дзяліцца з роднымі, травы захаваем як абярэг.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены