Товар, представленный на ярмарке, пришёлся зельвенцам по душе

У нядзельную раніцу спадары хто на конях, хто на веласіпедах, хто з каляскамі-сумкамі спяшаліся на кірмаш. Усе стараліся прыйсці як мага раней, каб першымі купіць мяса, рыбу, птушку, гародніну, мёд, саджанцы. У гэты дзень мы таксама прайшліся па гандлёвых радах, каб пацікавіцца, якая прадукцыя найбольш запатрабавана ў зэльвенскіх пакупнікоў.


На мясных радах
Спачатку пацікавіліся коштам свініны і ялавічыны, попытам на іх. СВК “Дабраселецкі” прадатавіў на кірмаш свежае мяса свініны. Цана – 37 500 рублёў за кілаграм. Выстраілася чарга. Мяркуючы па водгуках гаспадынь, мяса вельмі добрае, ды і прадаўцы ўлічваюць пажаданні кожнага: каму кавалак меншы, каму – мясісты.
– Пакупнікі розныя: каму неабходна і 10 -20 кілаграм, а каму і 1 досыць, – тлумачыць сітуацыю прадавец. – Кожная гаспадыня бярэ столькі мяса, колькі ёй патрэбна і можа сабе дазволіць па кошце. Многія скардзяцца, што на прадукцыя сёння высокая цана – чакалі на кірмашы таннейшай.
Ялавічыну з СВК “Караліно”, у залежнасці ад часткі тушы, можна было набыць па цане 33–35 тыс.рублёў за кілаграм. Жыхарка Зэльвы Яніна Андрэеўна сама выклікалася на размову:
– З раніцы я прайшлася па ўсіх аўталаўках, параўнала прадстаўленую прадукцыю. Мне вельмі спадабалася якасць мяса з гэтай гаспадаркі, таму вярнулася, каб купіць кавалачак з костачкай для студзеня. Прадаўцы прапанавалі на выбар некалькі кавалкаў і нават параілі, які лепш узяць.
СВК “Караліно” рэалізавала ўсю ялавічыну прыблізна за дзве гадзіны. Прадаўцы патлумачылі гэта тым, што жыхары раёна ведаюць якасць каралінскага мяса і з задавальненнем яго набываюць.


Купляйся, рыбка
Жывую рыбу можна было набыць не толькі ў гандлёвай кропцы Зэльвенскага філіяла аблспажыўтаварыства, але і прыватных рыбаводаў: Станіслава Ляуты, у фермерскай гаспадарцы “У Петруся” са Слонімшчыны. Белы амур і карп каштавалі па 25 тыс. за кілаграм, дробны карась – па 16 тыс.
Станіслаў Ляута рэалізацыяй сваёй прадукцыі застаўся задаволены –за раніцу прадаў прыблізна 60 кілаграм карпа.
–Людзі ведаюць смак маёй рыбы і таму ахвотна яе набываюць,–гаворыць Станіслаў. – Што можа быць лепшым на сямейны абед, чым смажаны карп?
І сапраўды, стравы з рыбы атрымліваюцца смачныя…


Для салодкага жыцця
Падышоўшым да лаўкі з мёдам, атрымалі прапанову гаспадара пакаштаваць прадукцыю яго пчол. Тут вам і мёд з верасу, траў, грачыхі, майскі, жнівеньскі, ад прастуды і іншых захворванняў… Добразычлівы пчаляр распытваў пакупнікоў, для якіх мэт яму патрэбен мёд, і затым прапаноўваў адпаведны гатунак.
Сям’я пенсіянераў з Санкт-Пецярбурга расказалі, што набываюць мёд менавіта ў гэтага прадаўца:
– Мёд у нас не выходзіць з меню. Мы ўжываем яго, каб быць бадзёрымі, і здаровымі. Кожны раз купляем новы гатунак. Спадзяёмся, што і на гэты раз нам пашанцавала.


Вітамінная прадукцыя
Індывідуальны прадпрымальнік з Бераставіцы прывёз на продаж цыбулю і капусту. За 2 гадзіны кірмашу ён прадаў больш за тону гародніны –трэцюю частку ад прывезенага. У асноўным цыбулю бралі сеткамі па 30 кілаграм.
–Чакаў, канешне, лепшага попыту, – пракаменціраваў ход гандлю прадпрымальнік Сяргей. – Падыходзяць па адным-два чалавекі, спачатку цікавяцца гатункам, цаной, затым ідуць па радах, параўноўваюць, некаторыя варочаюцца і набываюць у нас. Капуста чамусьці карыстаецца большым попытам, чым цыбуля.
– Я хачу купіць капусты,– дзеліцца мэтай наведвання кірмашу Валянціна Сямёнаўна з Зэльвы. – Мы любім з яе розныя стравы. А так як гэта капуста позняга гатунку, значыць і накрышым, і намарынуем на зіму. Цыбулька ж урадзіла свая.
– Свайго прысядзібнага ўчастка ў нас няма, таму на кірмашы набываем усю гародніну, – расказваюць гаспадары Верстакі. – Як і кожны год, узялі па сетцы морквы, капусты, цыбулі. Нам падабаецца і смак, і якасць – гародніна добра захоўваецца аж да вясны. Спадзяёмся, што так будзе і сёлета.
Жыхары раёна актыўна куплялі цыбулю-чарнушку, якая валодае добрымі харчовымі ўласцівасцямі і захоўваецца ўвесь зімовы перыяд. Прадавец задаволены попытам – уся прадукцыя вельмі хутка разышлася.
Морква “Каралева восені”, якую прывёз на продаж СВК “Сынкавічы”, пайшла нарасхват. Тлумачыцца гэта тым, што гатунак вельмі ўдалы для захавання, ды і прадаўцы давалі пакаштаваць пакупнікам салодкі і сакавіты караняплод.


Для падсобнай гаспадаркі
Падыходзім да машыны з парасятамі, якіх прывёз на кірмаш СВК “Міжэрычы”. Іх можна было набыць па цане 42 тысячы за кілаграм, усе парасяткі былі невялікай вагі – у асноўным па 13-15 кілаграм. Але зэльвенцы чамусьці купляць іх не спяшаліся– попыт быў зусім слабы.
Гэтая ж гаспадарка прывезла на продаж зерне пшаніцы па цане 2,2 тыс. рублёў за кілаграм. Аднак і яе бралі не вельмі актыўна, спасылаючыся на высокі кошт.
Непадалёку размясцілася машына з ячменем па цане 1670 рублёў за кілаграм. Тут ішоў бойкі гандаль. Спыталіся ў аднаго з гаспадароў, Пятра Мікалаевіча з вёскі Бародзічы чаму ён набыў менавіта ячмень:
–Зразумела, што ўлічваю кошт. Каб пшаніца была таннейшай, узяў бы. У гаспадарцы не абысціся без зярняці, таму вось 5 мяшкоў ячменю набыў.
Чатырохмесячных курэй-нясушак можна было набыць па 60 тыс. рублёў– іх прадавала прыватны прадпрымальнік з г.Баранавічы. На 11 гадзін раніцы было рэалізавана толькі 15 курэй – відаць, насельніцтва за летні перыяд выгадавала свае кураняты, ды і па словах пакупнікоў, хацелася б, каб цана была ніжэйшая.


Для саду
Павышаным попытам сярод пакупнікоў карысталіся саджанцы пладовых дрэў: людзі ахвотна куплялі маладзенькія грушы, яблыні, слівы, вішні, кусты чорных і чырвоных парэчак.лічы, кожны другі наведвальнік набыў ці то грушу, ці то яблыньку. Цэны людзей зусім не палохалі: усім зразумела, што праз некалькі гадоў пладовыя дрэвы аддзячаць добрым ураджаем.
Вялікі выбар дрэўцаў быў у аматара-садавода з Зэльвы Міхаіла Жыдка, які гандляваў разам з сынам. У іх можна было набыць яблыні, якія даюць ураджай ужо на другі год, праз 5 гадоў. Сёлета найбольшым попытам карысталіся костачкавая вішня гатункаў “Памяць Вавілава”, “Панда”, чарэшня “Бычае сэрца”, “Прыгажуня”, “Астраханская ранняя” і інш. Сярод новых гатункаў яблынь – “Жэнева Эрлі”, “Селеста” (нямецкай селекцыі), “Ліберці” (вельмі прыгожы яблык). За раніцу гаспадар рэалізаваў больш за 100 дрэў.
Нарасхват ішлі дэкаратыўныя хмызнякі і дрэвы, якія прапаноўваў гаспадар аграсядзібы “Старая Весь” Сяргей Мікановіч. Сам Сяргей Іванавіч задаволены рэалізацыяй і лічыць, што цана не завышаная. Жыхарка Зэльвы Валянціна разам з мужам Анатолем скарысталіся магчымасцю і купілі дэкаратыўны ядловец, які даўно марылі пасадзіць у палісадніку. Зэльвенец Алег набыў хвойны куст у падарунак жонцы з нагоды Дня настаўніка.
На пытанне, чаму купляеце на кірмашы, зэльвенцы найчасцей адказвалі, што прапанаваная тут прадукцыя не выклікае сумненняў па сваёй якасці.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.