Прафесіяналы сваёй справы жывуць на вуліцы Міхайлава гарадскога пасёлка Зэльва

У мінулым годзе мы пачалі знаёміць чытачоў з жыхарамі вуліц, што названы ў гонар герояў вызвалення Зэльвеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёння мы завітаем на вуліцу Міхайлава, якая размешчана на поўначы пасёлка.

Маленькі сакрэт вуліцы Міхайлава

Вуліца Міхайлава пачала расці не ад той, з якой перасякаецца каля магазіна “Удобный”, – Гагарына, – а з другога боку, дзе тады было калгаснае поле (у архітэктуры планаў на забудову таго поля яшчэ не было). Але ў пачатку 90-х узнікла патрэба ў адвядзенні ўчасткаў для новых забудоўшчыкаў. І атрымалася так, што адна і тая ж вуліца раздзелена на дзве часткі: адна, забудаваная першапачаткова – гэта вуліца Міхайлава, а другая, прадаўжэнне яе – гэта ўжо завулак Міхайлава.

Вось такі сакрэт трэба ведаць, калі ідзеш знаёміцца з жыхарамі вуліцы героя вызвалення.

Першыя забудоўшчыкі

Віктар Іванавіч і Фаіна Вікенцьеўна Куцкі пачалі будавацца ў 1977-м, а ў наступным годзе ўжо засяліліся ў зроблены сваімі рукамі дом. Гісторыя сям’і вельмі цікавая. Гаспадар, хоць і ўраджэнец Зэльвеншчыны, атрымаўшы вельмі добрую адукацыю (да арміі скончыў Ваўкавыскі зааветтэхнікум, а пасля службы – Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут), працаваў далекавата ад радзімы. Выдатніка вучобы накіравалі ў Ашмянскі раён, дзе ён і сустрэў сваю палавінку. Паважалі і цанілі і яго, і жонку. Віктар Іванавіч працаваў галоўным заатэхнікам, а потым старшынёй аднаго з калгасаў. Фаіна Вікенцьеўна загадвала ўчасткам, а потым – дыспетчарскай службай (мае таксама два дыпломы: агранома і бухгалтара). Але брат Віктара Іванавіча вельмі прасіў пераехаць на Зэльвеншчыну, каб быць побач. Бацькі памерлі, пакінулі ў в. Кашалі неблагі дом, і брат, не прэтэндуючы на яго, прасіў Віктара стаць спадкаемцам. Вось так і пераехала сям’я Куцко з Ашмяншчыны на Зэльвеншчыну. Спадчыну бацькоў перавезлі ў Зэльву, на новую вуліцу, і, не пакладаючы рук, пасля працы, бервяно за бервяном узводзілі сваю сядзібу.

Гаспадару затрымлівацца на адным месцы не даводзілася: як камуніста накіроўвалі то на адзін участак, то на другі. Самы працяглы час, хіба, узначальваў комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы ў калгасе імя Леніна. Тады ўтрымлівалі 6 тысяч галоў, прычым на аднаго жывёлавода прыпадала адна тысяча! Ды і спецыялістаў было толькі двое: ён, кіраўнік, і ветфельчар. Складаная, але і шчаслівая была пара для Віктара Іванавіча. На кожным месцы рабіў так, нібы яно было галоўным у жыцці, хоць добра ведаў, што гэта зусім не так. У ветплемстанцыі адразу ўзяўся за фундамент пад гараж, а то машыны ледзь не хаваліся вясной у вадзе (вельмі нізкае месца чамусьці для племстанцыі выбралі). Давёў да ладу і бойню, калі туды на нейкі час накіравалі. Адным словам, рабіў усё, што ў яго сілах, каб падначаленым было ўтульна і камфортна. За сваю працу меў не толькі падзякі ды медалі, але і ордэн “Знак Пашаны”.

Гаспадыня таксама была паважаным членам калектыву сельгасхіміі, дзе працавала бухгалтарам. Акрамя грамат ад мясцовай улады атрымала падзяку і ад Вярхоўнага Савета БССР.

Віктар Іванавіч Куцко

У адзін год з Куцкамі сталі “міхайлаўцамі” і Ельяшэвічы. Аляксандр Мікалаевіч і Наталля Мікалаеўна будаваліся паскоранымі тэмпамі: у маі перавезлі зруб з Грабава, а ў лістападзе ўжо абжывалі новы дом. Маладыя, энергічныя, толькі што ажаніўшыся, стараліся, як маглі, каб будучым дзеткам было дзе жыць, вучыцца і адпачываць.

Працоўны шлях абое Ельяшэвічы пачалі рана. Наталля, напрыклад, ужо ў 15 год стала даяркай, і да выхаду на пенсію мела 43 гады стажу. Не адстаў ад жонкі і гаспадар: як сталяра яго вельмі цанілі ўсюды, дзе працаваў. На жаль, рана страцілі яны здароўе, і зараз вельмі ўдзячныя сыну, што не пакінуў іх адных, не паехаў шукаць шчасце ў вялікія гарады, а працуе тут, у Зэльве.

Крыху пазней, але таксама сваімі сіламі будаваліся Кавалені. Мікалай Васільевіч як уладкаваўся ў ветстанцыі, так да пенсіі і працаваў на адным месцы. Клаўдзія Міхайлаўна таксама не мяняла б прафесіі. Ды па шэрагу прычын давялося: на міжрайфабрыцы ў перабудовачны час пачаліся скарачэнні. Стаж у абоіх – пад 40 гадоў. Не сядзяць без справы і ў статусе пенсіянераў. Да таго ж і пачэсны статус дзядулі з бабуляй абавязвае клапаціцца пра 5 унукаў. Як людзі веруючыя вельмі цешацца з унучкі, што з’яўляецца ўдзельніцай царкоўнага хору. Вось і нядаўна выступала на сцэне раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў “Каложскім Благавесце”.

У сям’і Каваленяў выхоўваецца павага да мінулага нашай краіны, пашана да ветэранаў. Бацька Клаўдзіі Міхайлаўны, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Васільевіч Санукевіч – прыклад і для дзяцей, і для ўнукаў.

Кавалені – надзейныя памочнікі для Алены Мацкевіч. Адна са старэйшых жыхарак вуліцы Алена Юр’еўна засталася ўдавой у 50 гадоў. Муж Пётр Паўлавіч пражыў у пабудаваным сваімі рукамі доме ўсяго 3 няпоўныя гады. Яна, як прадчувала нядобрае, угаворвала мужа застацца ў кватэры на Шашэйнай, дзе мірна і ціха пражылі каля 20 гадоў. Пра яго хворае сэрца клапацілася, а ён жыў марай аб уласным доме. З якой любоўю ўкладваў кожную цаглінку ў сцены, кожную дошчачку на падлогу!..

Зараз Клаўдзія Міхайлаўна і Алена Юр’еўна часта ўспамінаюць, як гадавалі дзяцей і ўнукаў, цешацца, што яны сталі дастойнымі людзьмі, дасягнулі значных поспехаў у вучобе і працы. Унукі Алены Юр’еўны, хоць і жывуць у Мінску, – найактыўнейшыя памочнікі бабулі. Не за стол пасядзець прыязджаюць, а адразу бягуць глядзець, што трэба падправіць у бабулінай гаспадарцы.

Старажылы на Міхайлава і Саўкі. Гаспадар працаваў у райспажыўсаюзе, гаспадыня – у бальніцы. Зараз Марыя Генрыхаўна на пенсіі, а яшчэ зусім нядаўна ўзначальвала бухгалтэрыю раённай бальніцы. 40 гадоў аддала бухгалтарскай справе жанчына, і 20 з іх – на пасадзе галоўнага бухгалтара.

Марыя Генрыхаўна Саўко

Пазнейшыя забудоўшчыкі

Куцкі, Ельяшэвічы, Лабовічы, Трубеі, Кавалені, Белянкі, Капцюхі і інш. – гэта першапачынальнікі вуліцы. Паслядоўнікі прыйшлі ў 90-я і 2000-я гады…
Міхаіл Мікалаевіч і Вольга Аляксандраўна Скробаты жывуць на завулку з 1993 года. Працоўныя біяграфіі ў абодвух – пазайздросціш. Міхаіл Мікалаевіч добра памятае легендарную для раёна Каралінскую ГЭС, бо пачынаў там працоўную біяграфію. Быў сакратаром Каралінскага, старшынёй Азярніцкага сельсаветаў, працаваў у сельгастэхніцы і РЭСе, і закончыў працоўны шлях на пасадзе загадчыка гаспадаркі зэльвенскай бальніцы.

Вольга Аляксандраўна – культработнік. Загадвала клубам, а потым бібліятэкай у Кашалях, была ў штаце раённай бібліятэкі. Апошнія працоўныя гады прайшлі ў школе №1, якая атрымала статус гімназіі.
Разам са Скробатамі пачала будавацца сям’я Русакоў. Настаўніца фізкультуры Данута Пятроўна мае стаж каля 40 гадоў. Пачынала ў Тулаўскай васьмігодцы, а як пераехала ў Зэльву – увесь час працавала ў санаторнай школе. Фізкультурная справа – гонар сям’і Карозаў (дзявочае прозвішча Дануты Пятроўны).

Трое дзяцей жанчыны – таксама жыхары Зэльвы. Пяцёра ўнукаў падарылі ёй, якія не-не ды наведаюць бабулю. Калі што дапамагчы, а калі – і пасакрэтнічаць.

Пазнейшым забудоўшчыкам часта дапамагалі кіраўнікі арганізацый, дзе працавалі гаспадар ці гаспадыня. Цёпла ўспамінаюць кіраўніка райаграпрамзабеспячэння Мікалая Бязносіка, які дапамог ажно шасці “міхайлаўцам” пабудавацца тут. Удзячныя РЭСу Скробаты, Якубені, Сталпцы; Чапкевічы, Папялухі, Жамойціны – аўтакалоне; Ботвічы – чыгунцы… Няхай потым і свае сродкі ўкладвалі, але першапачатковы – і немалы – узнос належыў арганізацыям. І гэта не забываецца. Не толькі бацькамі, але і дзецьмі.

У тыя гады дзяцей на Міхайлава было шмат. У недалёкія садок і СШ №3 бегалі дзеткі Папялухаў, Сакалоўскіх, Парфенчыкаў, Якубеняў, Жамойціных, Жукоў, Стасько, Лазутаў…

Дзеці садзіліся за парты, а бацькі спяшылі на свае рабочыя месцы. Людзі розных прафесій і спецыяльнасцей жывуць на вуліцы героя. Таму ніякія праблемы не палохаюць “міхайлаўцаў”. Занядужаў – дапамогуць медыкі Рэгіна Слаута, Святлана Сталпец, Святлана Жук (нават вадзіцель “хуткай” свой – Мікалай Жук). Непаладкі з электрычнасцю – выручаць электрыкі Аляксандр Сталпец, Пётр Якубеня. Як ідуць справы на валютным рынку, раскжуць банкаўскія работнікі Ірына Чапкевіч і Іна Парфенчык. Дзяцей ці ўнукаў заахвоцяць да бухгалтарскай справы Святлана Папялуха, Ірына Якубеня, Марыя Саўко, Святлана Сакалоўская, Люцыя Стасько. А за парадкам у доме-вуліцы прыгляне сам начальнік Зэльвенскага РАУС Валерый Парфенчык. Цудоўная каманда прафесіяналаў падабралася на Міхайлаўскай вуліцы!

Кароткая даведка пра М.Міхайлава

Імя Міхайлава адной з паўночных вуліц Зэльвы нададзена недарэмна: менавіта ў гэтай частцы пасёлка ішло наступленне другога батальёна 556-га палка маёра Сямізорава, у якім служыў артылерыст М. Міхайлаў. Як сведчаць гістарычныя звесткі, штурм войск праціўніка, што ўмацаваўся ў Зэльве, пачаўся ў 2 гадзіны 30 хвілін 12 ліпеня 1944 года. Бой быў жорсткі: немцы замініравалі пойму Зальвянкі, глыбіня іх абароны складала некалькі кіламетраў, за перамяшчэннем Чырвонай Арміі сачылі з выдатных назіральных пунктаў – з царквы і касцёла. І на чыгуначнай станцыі разгружаліся эшалоны з падмацаваннем…

Артылерысты Сямізорава прыкрывалі роту А.П. Аляксеева. Старшы сяржант М. Міхайлаў у баі каля чыгуначнага пераезду знішчыў тры кулямётныя кропкі ворага. Быў двойчы паранены. Пасля першага ранення працягваў бой, а вось другая рана аказалася смяротнай. Пахаваны адважны воін у брацкай магіле ў Зэльве.

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены