Няхай звон аб каралінскіх талентах разносіцца над роднай зямлёй

З даўніх часоў Зэльвеншчына славіцца народнымі майстрамі. Іх талент надзвычай шматгранны. У работах перадаецца любоў да радзімы, цудоўных беларускіх пейзажаў і краявідаў, усяго, што акружае чалавека. Каб захаваць бясцэнны здабытак, на пастаяннай аснове ладзяцца фальклорныя святы, сярод якіх брэндавае, па-сапраўднаму аўтэнтычнае “Перазвон талентаў” у аграгарадку Каралін.

У суботні выхадны сардэчныя гаспадыні, ролю якіх выканалі мясцовыя культработнікі, сустракалі гасцей. З нагоды правядзення чарговага мерапрыемства сюды з’ехаліся майстры не толькі з аграгарадка, але і бліжэйшых вёсак. Паглядзець на рукатворныя цуды і ўзамен аддзячыць таленавітым людзям добрай песняй і прыгожай музыкай далучыліся прадстаўнікі ўстаноў культуры з аг. Дзярэчын, Елка, Князева, Бародзічы, Галынка, Цяглевічы, Міжэрычы. Дождж перашкодзіў разгарнуць выставу на пляцоўцы пад адкрытым небам, але не сапсаваў настрой ні галоўным героям, ні гледачам.

–  Мы прадстаўляем лепшыя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нашых землякоў, нашых адметных майстроў каралінскай зямлі, –  запрасілі вядучыя разглядзець асобныя зоны, аздобленыя вышыўкай М.В.Масальскай, Л.М.Хярковай, Р.І.Таболіч, С.С.Сакалоўскай, І.І.Паляшчук. – Гэта вырабы, якія заваявалі славу не толькі ў нашай мясцовасці, але і далёка па-за межамі Зэльвеншчыны. Майстрыхі ўдзельнічаюць ў розных выставах, ахвотна дзеляцца тэхнікай вышыўкі з моладдзю.

Першыя навыкі вышывання пераняла ад матулі, –  расказала адна са старэйшых умеліц Ірэна Паляшчук. – Разам з сястрой, нягледзячы на цяжкую штодзённую працу ў калгасе, вышывалі, як толькі з’яўлялася свабодная хвілінка. З часам настолькі пасябравала з іголкай і ніткамі, што не ўяўляю ні дня без любімага занятку. Ствараць прыгожае – гэта імпульс для настрою, маё захапленне.

Выдатна рэалізавалі сябе ў мастацтве Т.І.Пачынчык (на выставу прадставіла моднае адзенне, звязанае пруткамі і кручком), маладая мастачка Святлана Масальская, якая робіць першыя, але вельмі ўдалыя крокі ў тэхніцы малявання па нумарах. Упершыню паказала свае творы алмазнай мазаікі В.І.Марцінчык. Дзякуючы настойлівасці засвоіла тэхніку пляцення з папернай лазы І.М.Крэчка, і цяпер яе арыгінальныя рэчы займаюць пачэснае месца на выставах. Вырабы з дрэва Уладзіміра і Аляксандра Ішчанка – гэта не толькі шэдэўры, але і гонар саміх разьбяроў.

Задача сучаснага пакалення – захаваць нацыянальнае спрадвечнае майстэрства беларусаў, –  адзначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце дзяржаўнага прадпрыемства “Галынка” Галіна Яцулевіч.Мы ганарымся, што каралінская зямля багата таленавітымі майстрамі, якія не шкадуюць сваіх экспанатаў (па іншаму гэтую прыгажосць нельга назваць), а прапануюць для шырокага агляду. Іх талент – гэта вялікі скарб, аб якім павінны ведаць землякі. І такія мерапрыемствы гэтаму садзейнічаюць.

За вартае ўвагі свята, здабыткі роднага краю, дзе спалучаецца старадаўняя творчасць с жаданнем перадаць спадчыну новаму пакаленню, дырэкцыя сельгасарганізацыі падрыхтавала для майстроў і ўдзельнікаў свята сувеніры і салодкія пачастункі. Мясцовыя кулінары да якіх далучыліся і прыезжыя культработнікі таксама здзівілі сюрпрызам – пачаставалі ўсіх стравамі з бульбы. Майстар-класы па вырабу цацак з нітак, саломы, гліны правялі работнікі раённага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Вясёлы настрой стваралі самадзейныя артысты Зэльвеншчыны, якія выйшлі на сцэну з прыгожымі песнямі, павучальнымі гумарэскамі, жартоўнымі прыпеўкамі. Па густу каралінцам прыйшліся побытавыя танцы.

Сёння мы апынуліся ў краіне майстроў і творцаў, – выказала думку Р.С.Вярстак, якая прадставіла на выставу фота дызайна свайго прысядзібнага ўчастка. – Чалавек, які дасягнуў высокага майстэрства ў сваёй справе, заслугоўвае павагі і пашаны. Фальклорнае свята – гэта штуршок да таго, каб народнае майстэрства жыло, а спіс майстроў папаўняўся, каб моладзь ведала, што наша беларуская старонка вельмі багатая нацыянальнымі каштоўнасцямі.

Падзякавала арганізатарам і ўдзельнікам “Перазвону талентаў” загадчык сектара культуры райвыканкама Галіна Раманчук: “Зэльвенскі край – дзіўны куточак з багатымі традыцыямі і абрадамі, культурнай спадчынай. Падобная практыка, калі работнікі ўстаноў культуры ладзяць адметнае свята, паказала, што любоў да песень, музыкі, танцаў, гульняў захавалася ў населеных пунктах, а народная творчасць не толькі захоўваецца, але і будзе жыць”.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены