Свята фальклору «Перазвон талентаў» звінела на ўвесь Каралін

Брэндавыя святы прадаўжаюцца на Зэльвеншчыне. На гэты раз таленавітыя майстры сабраліся ў гасцінным аграгарадку Каралін.

Добрымі словамі і задорнай музыкай віталі вядучыя аднасяльчан, жыхароў з бліжэйшых вёсак і гасцей, якія прыехалі з гарадоў адпачыць і не прамінулі магчымасці пазнаёміцца з мясцовым фальклорам. Шырока, раздольна разгарнулася на пляцоўцы каля мясцовай установы культуры выстава народных рамёстваў.

Тут і вышываныя ручнікі, сурвэткі і посцілкі Марыі Венедыктаўны Масальскай з Кашалёў, розныя цудоўныя рэчы, у тым ліку абразы, Людмілы Мікалаеўны Хярковай з Аляксандраўшчыны, вязаныя кручком і на спіцах вырабы Тамары Іосіфаўны Пачынчык з Караліна. Сярод тых, хто годна адпрацаваў і на заслужаным адпачынку авалодаў уменнем рабіць цікавыя сувеніры з паперы, – Соф’я Сцяпанаўна Сакалоўская і Ірына Мікалаеўна Крэчка (загадчыца і ўдзельніца гуртка “Некогда скучать”, які дзейнічае на базе філіяла ЦСАН). Ажыло дрэва ў руках Уладзіміра і Аляксандра Ішчанкаў, работы якіх не толькі “вандруюць” па раёне і вобласці, але і некалькі гадоў запар упрыгожваюць тэрыторыю ўстановы культуры. Прафесійна авалодалі майстэрствам вырабаў з падручных матэрыялаў работнікі раённага Дома рамёстваў, якія ў Каралін завіталі з разнастайнымі сувенірамі.

Па ўсім было відаць, што Гаспадыні (работнікі ўстановы культуры) старанна рыхтаваліся да свята. Малеча і моладзь цікавіліся ў рамеснікаў сакрэтамі майстэрства, бавілі час на батутах і горках, частаваліся кулінарнымі прысмакамі. Людзі старэйшага ўзросту не толькі адпачывалі пад прыгожыя спевы запрошаных выканаўцаў – калектываў аматарскай творчасці з Крывічаў, Бародзічаў, народных ансамбляў “Званочкі” і “Весялуха”, але і ўзгадалі танцы гадоў маладосці. Не меншую цікавасць у прысутных выклікала выстава старажытных побытавых рэчаў.

Настрой ўзнялі конкурсы – баяністаў, прыпевак, прыказак і прымавак, народнага гумару, пляцення вяночкаў. Станоўчыя эмоцыі атрымалі тыя, каго задзейнічалі на гульнёвай і танцавальнай пляцоўках.

Вырабы, аздобленыя вышыўкай, звязаныя спіцамі і кручком, з розных матэрыялаў, не могуць не выклікаць цікавасць і захапленне, – падзялілася ўражаннямі сям’я Скіба. – Водгук у душы знайшла выстава даўніны, узгадаліся бацькі, бабулі, іх вячэрні час за кроснамі і калаўроткам. З той пары мінуў не адзін дзясятак гадоў. Як добра, што работнікі культуры захавалі рэчы хатняга побыту і працы, традыцыі і фальклор. Няхай таленты каралінскай зямлі разносяцца па прасторах Зэльвеншчыны і перазвоньваюцца рознымі адценнямі і мелодыямі!

Трэба адзначыць, што свята адбылося пры падтрымцы дзяржаўнага прадпрыемства “Галынка”, якое выступіла спонсарам падарункаў для майстроў, прызоў для ўдзельнікаў мерапрыемства, салодкага пачастунку для ўсіх прысутных. Сумесна з Каралінскім сельвыканкамам і філіялам ЦСАН быў арганізаваны збор жыхароў з бліжэйшых населеных пунктаў, выдзелены транспарт па іх дастаўцы на святочную праграму.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены