Невялікая вуліца на поўдні Зэльвы ёсць, названая ў гонар генерала арміі І.Д. Чарняхоўскага

Непасрэднага дачынення да вызвалення пасёлка генерал як бы і не меў. Але яго і даваенны, і ваенны лёсы цесна звязаны з Беларуссю. У 1938-1941 г.г. Іван Данілавіч камандаваў адным з палкоў Беларускай ваеннай акругі. Да 1944-га вызначыўся ў баях за вызваленне многіх расійскіх і ўкраінскіх гарадоў і сёл, бо камандаваў танкавай і стралковай дывізіямі, танкавым корпусам, быў камандуючым арміяй на Паўночна-Заходнім, Варонежскім, Цэнтральным і 1-м Украінскім франтах.

У красавіку 1944-га двойчы Герой Савецкага Саюза, генерал арміі І.Д. Чарняхоўскі быў прызначаны камандаючым войскамі 3-га Беларускага фронту, і разам з 1-м Прыбалтыйскім ажыццявіў Віцебска-Аршанскую аперыцыю. А летам – ужо з 1-м і 2-м Беларускімі франтамі – стварае “мінскі кацёл”, вызваляе Віцебск, Оршу, Барысаў, Мінск, Ліду, Вільнюс. Яго фронт першым уступіў ва Усходнюю Прусію і Паўночную Польшчу. Каля сучаснага польскага горада Пяненжна генерал быў смяротна паранены. У яго гонар названы горад у Калінінградскай вобласці. Нямала і іншых адзнак пашаны, у тым ліку і вуліц у гонар героя.

Упіралася ў тупік

Пачынаецца вулачка Чарняхоўскага зусім недалёка ад магазіна “Родны кут”. Узяла ды перапыніла лік дамоў на адной з цэнтральных вуліц пасёлка (Пушкіна) і, апісаўшы паўдугі, пайшла ў напрамку да вуліцы Камсамольскай. Але гэта зараз яна ўпіраецца ў Камсамольскую. А калі ў канцы 60-х гадоў прыйшлі на яе першыя забудоўшчыкі, яна, як кажуць старажылы, “упіралася ў тупік”. На жаль, старажылаў засталося мала: нехта адышоў у свет іншы, нехта прадаў дом, а нехта спадзяецца на пакупнікоў…

Добра памятае ўсіх першых жыхароў вуліцы найстарэйшая яе прадстаўніца – Л.К. Попка. Яны з гаспадаром пачалі будавацца ў 1972 годзе. Крыху раней да іх прыйшлі асвойваць новую вуліцу Рэдуты, Федзяні, Макарэвічы, Войткі… А яшчэ раней – Паршыны, якія мелі некалькі невялікіх домікаў для сваёй вялікай сям’і. Гэтыя хацінкі потым выкупілі іншыя і адбудавалі іх так, што нізавошта не пазналі б старыя гаспадары сваіх “времянок”.

Крыху пра першых жыхароў вуліцы

Дом самой Людмілы Казіміраўны Попка па сённяшніх мерках незвычайны. Не па выгляду, а па насельніках яго. Згадзіцеся, зараз рэдка можна знайсці сем’і ўзору першай паловы 20 стагоддзя. Калі ў адной хаце жылі прадстаўнікі некалькіх пакаленняў. А вось на вуліцы Чарняхоўскага такая сям’я ёсць! Людміла Казіміраўна сагрэла сваёй любоўю сем’і дачкі і ўнучкі. Маленькая праўнучка Анжаліка ўсё, чаму навучылася ў садку, нясе да бабулі. Калі не хапае альбома, то свае малюнкі пераносіць на шпалеры каля бабулінай канапы-ложка. І бабуля толькі заахвочвае малую да творчасці. Сама яна, дзіця вайны, вельмі марыла пра адукацыю. Але засталася сіратой і мару сваю здзейсніць не магла. “А была б наша бабуля добрым матэматыкам, – кажа ўнучка Глорыя, – яна і зараз хутчэй за нас падлікі робіць”.

Глорыя Яцэнка

Тэрэза Антонаўна Макарэвіч разам з матуляй і братам перавезлі дом з хутара Гарадзішча, пра які сёння ўжо амаль ніхто не памятае, і пачалі абуладкоўвацца на новым месцы. Ім, дарэчы, прапаноўвалі ўчастак і на вуліцы Камарова, але лепш спадабалася ім тут, на Чарняхоўскага. Магчыма, таму што было тут больш прасторна, і гэта нагадвала ім ранейшае жыццё на хутары.

Тамара Гойла

Тэрэза Антонаўна згадвае, як нялёгка тады было будавацца. Не толькі таму, што не хапала сродкаў: іх заўсёды мала. У дэфіцыце былі будаўнічыя матэрыялы – вось што больш за ўсё напружвала. Ёй, як лічыць і сёння жанчына, вельмі пашанцавала. Дапамог кіраўнік тагачаснага быткамбіната, дзе працавала Тэрэза Антонаўна. Яшчэ калі жылі на хутары, дабіралася на працу ў Міжэрычы. Пэўны час і з Зэльвы туды ездзіла. А потым знайшлася справа швачцы і ў ткацкім цэху Зэльвенскага быткамбіната: аблямоўвала пакрывалы і дываны, якія былі вельмі запатрабаваны як у Беларусі, так і ў іншых рэспубліках СССР.

Тамара Паўлаўна Гойла, хоць і мае некалькі запісаў у працоўнай кніжцы, па сутнасці, усё жыццё працавала на адным месцы. Бо гэта было прадпрыемства бытавога абслугоўвання, якое некалькі разоў мяняла то гаспадара, то назву. Працаваць тут пачала ў маладосці, займала пасады майстра, затым – інжынера. Рана засталася ўдавой, адна вучыла і жаніла сыноў. Удзячныя дзеці не забываюць матулю і бабулю, дапамагаюць утрымліваць у належным парадку дом і ўчастак пры ім. Гэта і даніна памяці аб бацьку, які (хоць і не цалкам будаваў дом, а толькі дабудоўваў) вельмі хацеў мець менавіта сядзібу, а не кватэру.

Аляксандра Данілаўна Іскра таксама не нарадуецца з дзяцей і ўнукаў. Усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю (сыны нават па дзве вну закончылі), вучацца і старэйшыя ўнукі. Дзяцей у яе трое, а ўнукаў – шасцёра. Сама жанчына працавала то эканамістам, то бухгалтарам, бо на адным месцы жыць не выпадала. Калі купілі невялічкую хатку ў Паршыных і пачалі яе дабудоўваць, працавала ва ўпраўленні сацыяльнай абароны.

Спадкаемцы

Напэўна, самая вялікая радасць для старэючых бацькоў, калі ёсць на каго пакінуць усё, што здабывалася з вялікімі цяжкасцямі. На вуліцы Чарняхоўскага гэта сем’і Лабовічаў і Урублеўскіх.

Сын Лабовічаў-старэйшых – Дзмітрый Мікалаевіч – слаба памятае, як ішло будаўніцтва прынятага ім у спадчыну дома. Трохі болей змагла расказаць старэйшая сястра Таццяна з Бародзіч. Высветлілася, што жылі іх бацькі ў Горна, матэрыяльную дапамогу маладой сям’і аказвала маміна сястра. Пакуль прыйшла пара ісці дзецям у школу, дом быў узведзены. Усе іх успаміны звязаны з маленькай, але такой
дарагой вулачкай. Дзеці-школьнікі былі ў кожным доме, сябравалі між сабой, разам беглі ў школу.

Зараз Дзмітрый Мікалаевіч мае сваю сям’ю. Сам працуе ў РЭСе, жонка Ларыса Уладзіміраўна вучыць хіміі і біялогіі дзяцей у Князеўскай СШ. Пагодкі – дачка і сын – ужо студэнты. Абралі вну ў Мінску, магчыма, таму, што там жыве іх блізкі родзіч – пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік, не толькі таленавіты празаік, але і цудоўны чалавек (у мінулым годзе, як памятаем, у Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме Уладзімір Іванавіч атрымаў Нацыянальную прэмію за свае цікавыя кнігі аб прыродзе). Кожны раз, калі Ягоўдзік прыязджае з прэзентацыяй кніг у дзіцячую бібліятэку, ён ніколі не мінае і сваю радню.

Урублеўскія таксама жывуць у бацькоўскай хаце Міхаіла Міхайлавіча. Будаваліся прыкладна ў той час, што і астатнія першазасяленцы вуліцы. Сённяшні гаспадар працуе ў спартыўнай школе, а гаспадыня – у раённай паліклініцы. Маюць трох дарослых дачок. Адна – у Мінску, другая – у Гродна, а вось малодшая, Вераніка Міхайлаўна, – зэльвенка. Жыве разам з бацькамі, працуе настаўніцай у Міжэрыцкай школе.

Выхаванцы вуліцы героя

Вуліца героя вызвалення Беларусі, акрамя ўжо згаданых людзей, падарыла нямала іншых знакавых асобаў, якія, хоць і не жывуць на ёй, тым не менш Зэльву не пакінулі. Сярод іх – ажно некалькі чалавек з дома Сакалоўскіх. Сёстры Лявонцьеўны – Тамара, Людміла і Марына – паважаныя ўсімі жанчыны. Людміла і Марына – медыкі, а Тамара – культработнік. Святы, якія дорыць Тамара Лявонцьеўна Кісель жыхарам зэльвенскіх вёсак, застаюцца ў памяці надоўга. Сын Марыны Лявонцьеўны, Іван Шапуцька, вельмі таленавіты юнак. У мінулым годзе ён стаў пераможцам у абласным конкурсе “Архітэктурныя помнікі малой радзімы” за цудоўны макет Зэльвенскага касцёла.

Плённа працуюць у СШ №3 Жанна Іванаўна Несцяровіч (Кандак), у СШ №2 – Таццяна Мікалаеўна Кічук (Лабовіч). Не так даўно працавала ў ваенкамаце Алена Анатольеўна Рагоўская (Іскра). Не пакінуў Зэльву сын Т.С. Макарэвіч: Анатоль Станіслававіч працуе матарыстам на выратавальнай станцыі.

Усе яны з цеплынёй гавораць пра сваю невялікую вуліцу, дзе жывуць працавітыя і вельмі дружалюбныя людзі. І якая дарагая яна ім у любую пару года.

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены