Неацэнны дар – жыццё ў мірнай краіне. Гісторыя з жыцця

Гванца Нужкова – беларуска па маці, грузінка – па бацьку, а нарадзілася ў сонечнай Абхазіі, дзе сустрэліся Гурам Чагмелашвілі і Надзея Бондар, яе будучыя бацькі.

Надзея Бондар да 1957 года жыла ў вёсцы Харашэвічы Слонімскага раёна ў вялікай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння базавай школы разам з сяброўкамі паехала ў далёкую Абхазію. Тады гэта было звычайнай справай: моладзь ехала ў любы куток вялікай краіны, ніколькі не хвалюючыся за сваю бяспеку. Дзяўчаты-беларускі пайшлі працаваць на чайныя плантацыі. Праца цяжкая, але хіба магла яна напалохаць звыклых да ўсяго беларусак?! Затое які цудоўны клімат – вільготныя субтропікі! А якіх толькі нябачаных на радзіме дрэў там не расло: кіпарысы, магноліі, эўкаліпты, пальмы… У вольны ад працы час дзяўчаты садзіліся ў аўтобус і ехалі ў раённы цэнтр – горад Ачамчыру, любаваліся чарнаморскім узбярэжжам, купаліся ў моры, ласаваліся персікамі і мандарынамі.

Зіма пралятала як імгненне: у студзені – да сямі градусаў цяпла. Сонца – уволю, самых разнастайных прадуктаў харчавання – таксама. Радаваліся самі, радавалі ў пісьмах блізкіх.

А неўзабаве і каханага чалавека Надзея сустрэла. Гурам быў родам з Грузіі. І гэта не дзіўна: Абхазія як аўтаномія ўваходзіла ў склад Грузінскай ССР, і грузін у ёй жыло нават болей, чым абхазцаў. (Да слова: на раскошнай зямлі Абхазіі здаўна жылі армяне, рускія, украінцы). Інтэрнацыянальная сям’я Чагмелашвілі жыла хоць без раскошы, але і не бедна. Гадавалі дзвюх дачушак – Натэлу і Гванцу. Заняткі ў школе, дзе вучыліся дзяўчаткі, вяліся на мове міжнацыянальных зносін – рускай. Родныя мовы вывучаліся дадаткова. Яны, грузінкі, вучылі грузінскую, абхазцы – абхазскую. Армяне – армянскую. Усе жылі дружна, ніякіх абраз з-за нацыянальнасці не дапускалася. Добра было дачушкам. Добра і іх бацькам. Часта ездзілі ў госці да радні Гурама Аляксеевіча. Нават вялікае гора – заўчасная смерць мужа – не заставіла Надзею Яфімаўну кінуць абжыты куток і вяртацца ў Беларусь. Заставіла іншае – непрадбачанае, страшнае: вайна. Так, у гісторыі адносін двух народаў – грузін і абхазцаў – падзеі 1992—1994 гадоў лічацца канфліктам. Для мірных людзей – гэта вайна.

Пачалося ўсё, здавалася б, з самага нявіннага рашэння Вярхоўнага Савета Грузіі аб вяртанні да Канстытуцыі 1925 года. Юрыдычныя тонкасці не былі бяскрыўднымі для абхазцаў: Канстытуцыя 1925 года Абхазію як суб’ект дзяржаўнага права не разглядала. Канфлікт законаў перарос ва ўзброены. Умяшаліся міжнародныя арганізацыі: у канцы 1993-га пачаліся перамовы пад эгідай ААН. Вясной наступнага года ў Маскве было падпісана Пагадненне, а восенню Абхазія стала незалежнай рэспублікай.

Гэта сказаць лёгка і хутка. А як было жыць людзям доўгія месяцы да доўгачаканага міру? Кожны дзень – як апошні: ніхто не ведае, ці не трапіць пад чарговы абстрэл. Спалі адзетымі, хаваліся, дзе хто мог. І з харчаваннем стала зусім дрэнна. Выручалі кукуруза ды фасоля. Заняткі ў школе спыніліся, і ніхто не мог сказаць, як надоўга.
Надзея Яфімаўна вагалася. Не за гарамі была пенсія, а што чакае яе на новым месцы? Рашэнне паскорыла старэйшая дачка. Незадоўга да канфлікту яна паехала ў Мінск, уладкаваласая на камвольны камбінат, мела пакой у інтэрнаце. І Надзея Яфімаўна пачала збірацца на радзіму. Вельмі ўдзячна тагачаснаму прэзідэнту Расіі Барысу Ельцыну, які арганізаваў выезд мірных жыхароў у бяспечныя рэгіёны. Спачатку бежанцаў прывезлі ў Сочы, пасялілі ў пансіянаце. Сабралі звесткі, хто куды вырашыў ехаць. Дамовіліся з чыгуначнікамі і авіятарамі, купілі білеты і ў вызначаны час адпраўлялі людзей каго на былую радзіму, каго да сяброў і знаёмых.

Надзея Яфімаўна з сямікласніцай Гванцай спачатку дабраліся да Мінска, да Натэлы. Адтуль ужо лягчэй было дамовіцца з раднёй са Слонімшчыны. Сёстры прынялі сардэчна. Аддалі свой старэнькі дом, каб не туліліся па чужых людзях.

Цяжка было Гванцы прызвычайвацца да новых умоў жыцця. Асабліва да надвор’я. Прыехалі ў сакавіку, калі да сапраўднага цяпла яшчэ далёка. “Неяк шэра, холадна пасля абхазскага клімату, – прызнаецца Гванца Гурамаўна, – думала, не прывыкну. І школа ў вёсцы беларускамоўная. Цяжка было. Хапала і слёз, і роспачы. Дапамагалі і настаўнікі, і новыя сябры”.

Але час ішоў, усё паціху наладжвалася. Гванца скончыла школу, паступіла на вучобу ў Слонім, дзе і сустрэла свайго суджанага – зэльвенца Аляксея Нужкова.

Вельмі ўдзячна Гванца Гурамаўна бацькам мужа, якія дапамаглі маладой сям’і пабудавацца. Гэта дазволіла забраць са Слонімшчыны Надзею Яфімаўну, бо старэйшая дачка асела ў Мінску, куды матуля ехаць не хацела.

Зараз Нужковы адчуваюць сябе ўпэўнена і надзейна. Старэйшая дачка Наталля, закончыўшы ўніверсітэт, працуе эканамістам у сталіцы. Малодшая Паліна – зэльвенская гімназістка. Ёсць надзейны заробак у гаспадара і гаспадыні. Гванца Гурамаўна працуе ў гандлі, любіць сваю неспакойную работу, хоць і нямала праблем даводзіцца штодня вырашаць. Часта расказвае сваім дзецям пра Абхазію, яе знакамітых людзей. Вельмі хацела б наведаць сваю першую радзіму. Разам з усёй сям’ёй. Пакуль гэта не атрымліваецца. Але яна ўпэўнена: мара абавязкова здзейсніцца, і яе дачушкі пабачаць цудоўную зямлю, дзе былі шчаслівыя іх дзядуля з бабуляй. Вось закончыць гімназію малодшая дачка – і можна адпраўляцца ў падарожжа. Толькі б захаваўся мір у нашым доме! Гэта – абавязковая ўмова шчасця і дабрабыту.

Згадваючы нялёгкую пару канфлікту ў Абхазіі, Гванца Гурамаўна пераканана, што нічога страшней за вайну няма. “Толькі той, хто не перажыў штохвіліннага страху, небяспекі на кожным кроку, можа з безадказнасцю адносіцца да пагрозы ваеннага канфлікту, – лічыць яна і з упэўненасцю дадае. – Калі розныя, няхай і блізкія народы, грузіны і абхазцы, дамовіліся аб мірным суіснаванні, то нам, беларусам, сам Бог наказаў адкінуць усе прэтэнзіі адзін да аднаго і мірна, спакойна прадаўжаць жыць. Веру ў гэта! Няхай радзіма маёй матулі, мужа, дачок – і мая другая радзіма – і надалей застаецца ўтульным і спакойным домам, прыкладам для іншых народаў”.

Яніна Шматко

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены