Не паддалiся панiцы абаронцы зэльвенскай пераправы

2996 Пра трагічнае лета 1941-га засталося няшмат дакументаў. Але, на шчасце, захавалася нямала ўспамінаў сведкаў тых падзей: і нашых воінаў, і мірных жыхароў, а таксама нямецкіх салдат і афіцэраў. Менавіта адзін з прадстаўнікоў варожага боку так высока ацаніў дзеянні савецкіх салдат пад Зэльвай: “…советские солдаты фанатично сражались, а во главе их встали неустрашимые офицеры и комиссары, которых не коснулась паника первых поражений». Абапіраючыся на дакументы архіваў, успаміны ўдзельнікаў баёў з абодвух бакоў, паспрабуем яшчэ раз узнавіць у памяці тыя страшныя чэрвеньскія дні і нагадаць пра людзей, якія не паддаліся паніцы. Раніцай 22 чэрвеня гітлераўцы ўварваліся на Гродзеншчыну на ўчастку Сапоцкін–Аўгустоў. Вораг рушыў на шашу Гродна–Баранавічы–Мінск. Авіяцыя бесперапынна бамбіла прыгранічныя гарады. Немцы спаўна выкарысталі магчымасці пагаднення, вядомага ў гісторыі як пакт Молатава-Рыбентропа: іх разведка нанесла на ваенныя карты ўсе аэрадромы, склады са зброяй, палівам, электрастанцыі, месцы дыслакацыі войск і г.д. Ведаем добра па Зэльве, якую таксама бамбілі 22 чэрвеня і знішчылі аэрадром ля Горна, казармы ў Зэльве і бліжэйшых вёсках, дзе размяшчаліся чырвонаармейцы, а 23-га – склад са зброяй, які знаходзіўся ў касцёле “на горцы”, масты на шашы Зэльва–Слонім і г.д. 56-я дывізія 3-й арміі, якая абараняла Гродна, вымушана была пакінуць горад на другі дзень вайны. КП арміі яшчэ вечарам 22 чэрвеня перабраўся ў Масты. Разам з камандаваннем туды прыехаў і Д.М.Карбышаў, які ў тую ноч якраз знаходзіўся ў Гродне. КП 10-й арміі з Беластока перабраўся спачатку на станцыю Валілы, а потым пад Ваўкавыск. У гэтай арміі, як памятаем, начальнікам разведаддзела служыў А.В.Смалякоў, адзін з удзельнікаў баёў за зэльвенскую пераправу. Вайна для палкоўніка Смалякова пачалася з першых яе хвілін. Ён не паспеў нават паклапаціцца аб лёсе сваёй сям’і. Спешна пакідаючы кватэру ў Беластоку, пакінуў жонцы толькі кароценькую запіску з просьбай не чакаць яго, а эвакуіравацца з дачкой на ўсход. Гэта і былі яго апошнія стасункі з сям’ёй. 2997 Нашы часці, што адступалі з-пад Мастоў і Ваўкавыска, ішлі на Зэльву і Дзярэчын. У ноч з 25 на 26 чэрвеня ў раёне Дзярэчына адбылася сапраўдная мясарубка. Немцы, акружаючы адступаючыя часці Чырвонай Арміі, ціснулі і душылі салдат танкамі, расстрэльвалі ва ўпор, а вёску Алексічы спалілі. Пад Зэльвай, выкарыстоўваючы ўзвышэнні і кустоўе, нашы байцы пэўны час паспяхова атакавалі ворага, не давалі яму магчымасці замацавацца на ўсходнім беразе Зальвянкі. Уздоўж шашы Зэльва–Слонім каля в. Даўгаполічы савецкія войскі стрымлівалі наступленне разведвальнага і матацыклетна-стралковага батальёнаў, батальён пяхотнага палка праціўніка, не дапусцілі іх выхаду на запланаваную лінію Даўгаполічы–чыгуначная дарога– Зэльва–Слонім. Гэты час афіцэры 3-й і 10-й армій выкарыстоўвалі для пера-правы войск на правы бераг Зальвянкі. Паколькі шашэйныя масты былі знішчаны, найбольш інтэнсіўная перакідка ішла праз чыгуначны мост. Па сведчаннях некаторых удзельнікаў тых па-дзей, арганізоўвалі пераправу і яе абарону Д.М.Карбышаў і А.В.Смалякоў. Аляксандр Васільевіч змог наладзіць няспынны паток машын і людзей у хвіліны перадышкі, якія давалі пунктуальныя немцы. Адзінае месца пераправы фашысцкія лётчыкі абстрэльвалі праз кожныя 15–20 хвілін. Палкоўнік падлічыў, што за гэты час ён можа пераправіць 9 адзінак тэхнікі. Але гэта патрабавала зладжаных дзеянняў усіх жадаючых рызыкаваць. Аляксандр Васільевіч сабраў афіцэраў і папярэдзіў: “Старанна праверце кожную машыну, падбярыце надзейных вадзіцеляў, каб ніводная машына не заглохла, а шафёры ўмелі знайсці выхад з крытычнай сітуацыі”. Па загадзе Смалякова быў зроблены памост, каб машынам лягчэй і хутчэй было ўзбірацца на чыгуначнае палатно. Вось так, падскокваючы на шпалах, машына за машынай перабіраліся на другі бераг, спяшаючыся схавацца ў лесе. Накіроўваў Аляксандр Васільевіч людзей і ўверх па цячэнні Зальвянкі, дзе, па дадзеных яго разведкі, было вузкае месца і прыдатнае дно. Не ўсім удавалася праскочыць і там. Як згадвае ў сваіх успамінах жыхар Зэльвы Адам Данюк, некалькі танкаў і трактар доўга заставаліся пасярод ракі нямымі сведкамі чэрвеня 1941-га. З кожным днём тэхнікі і лю-дзей, што імкнуліся на ўсход, станавілася ўсё больш і больш, а магчымасці для іх пераправы – усё менш. Як з боку Ваўкавыска, так і з боку Дзярэчына насоў-валася на адступаючых лавіна нямецкіх палкоў і дывізій. У штабе нямецкай 29-й матарызаванай дывізіі занепакоіліся поспехам савецкіх часцей, якім удавалася прарвацца ў накірунку пінскіх балот. Каб прымусіць рускіх адмовіцца ад гэтага, было вырашана скаардынаваць дзеянні штурмавой группы палкоўніка Томаса, часцей 10-й танкавай дывізіі, двух батальёнаў 71-га пяхотнага палка, двух артылерыйскіх дывізіёнаў і сканцэнтраваць іх у раёне ракі Зальвянкі. У ходзе контратакі нашы воіны адсеклі групу палкоўніка Томаса, пусцілі ў тыл ворага танкі і паспрабавалі адбіць у акупантаў захоплены чыгуначны мост. Здзіўленне і захапленне вы-клікалі ў ворага дзеянні пехацінцаў. Яны выстраіліся ў 3 шарэнгі і з крыкамі “Ура!” атакавалі адборныя сілы 15-га пяхотнага варожага палка. Здавалася, немцы не вытрымаюць гэтага націску. Але зброі ў іх хапала: кулямёты скасілі байцоў першай шарэнгі, другой… Поле пакрылася раненымі і забітымі. Трэцяя шарэнга адступіла, каб, сабраўшыся з сіламі, вечарам зноў пайсці ў наступленне. На гэты раз байцоў падтрымліваў браняпоезд. Невялікая падмога, пушкі на пляцоўках і брані-раваныя вагоны на нейкі час стрымалі немцаў. Адначасова з браняпоездам па абодва бакі чыгункі паскакалі кавалерыйскія эскадроны. (Думаецца, што на кавалерыю Смалякоў ускладаў немалыя надзеі: у грамадзян-скую вайну ён сам быў кавалерыстам). Нямецкія сапёры спешна разабралі чыгуначныя пуці, каб перапыніць шлях браняпоезду, а артылерысты падагналі 37-міліметровую супрацьтанкавую пушку і нацэлілі на браніраваную машыну. Кулямётным агнём немцы спынілі і атаку 6-га кавалерыйскага корпуса… Калі хто з зэльвенцаў быў сведкам тых падзей, то, напэўна, да канца дзён будзе помніць тую жудасную карціну мук падбітых коней, іх перадсмяротныя крыкі… Раніцай 29-га чэрвеня ўзмоцнены перадавы атрад 292-й пяхотнай дывізіі ворага рухаўся ў зэльвенскім накірунку. У яго складзе знаходзіліся дзве роты вела-сіпедыстаў, два эскадроны самакатчыкаў, тры групы з цяжкімі і шэсць – з лёгкімі кулямётамі, тры аддзяленні гранатамётчыкаў, сапёрны батальён, дзве батарэі гармат, батарэя цяжкіх палявых гаўбіц артдывізіёна, перасоўная радыёстанцыя, узвод другога разведвальнага батальёна. Каля Пасуціч гэты атрад выбіў савецкія кавалерыйскія часці і падраздзяленне бронемашыны і спы-ніўся ў двух кіламетрах на паўднёвы захад ад Зэльвы. Адсюль да разрушанага моста былі высланы два эскадроны самакатчыкаў, задачай якіх было ўстанаўленне кантактаў з 15-м пяхотным палком 29-й матарызаванай дывізіі, што знаходзілася на другім беразе Зальвянкі. Скаардынаваўшы дзеянні часцей на адным і другім берагах ракі, немцы раз’ядналі савецкія войскі і вымусілі іх групамі прабівацца на ўсход. Як ведаем, адна з груп, у якую ўваходзіў Д.М.Карбышаў, змагла паспяхова прабіцца праз Шчару. А вось А.В. Смалякоў з невялікай групай байцоў прыкрываў адыход… І застаўся ў зэльвен-скай зямлі навекі. Ажно да 1979 года палкоўнік лічыўся прапаўшым без вестак. І толькі пры будаўніцтве вадасховішча, калі ў пойме Зальвянкі знайшлася імянная шабля Аляксандра Васільеві-ча, удалося ўстанавіць факт гібелі яе гаспадара. Ды яшчэ дапамаглі пошукі бацькі і сына Рэшыных, якія даследавалі жыццё Д.М.Карбышава і вы-светлілі некаторыя факты трагіч-нага лёсу Смалякова. Карбышаў і Смалякоў. Генерал і палкоўнік. Два загартаваныя вайной і лёсам афіцэры. Не дзіўна, што шляхі гэтых двух неардынарных людзей перасякліся на зэльвенскай зямлі: яны былі знаёмыя па Ваеннай акадэміі і службе ў прыгранічных раёнах Гродзеншчыны. Дачка Аляксандра Васільевіча, Ларыса Аляксандраўна Семянюк, не змагла прыехаць у Зэльву, каб ускласці кветкі да памятнага знака, устаноўленага каля вадасховішча ў гонар герояў зэльвенскай пераправы. У гонар і яе бацькі. Гэта зрабіў унук Мікіта Семянюк, што, як і пра-дзед, прысвяціў сваё жыццё ганаровай мужчынскай справе – абароне мірнай працы людзей. 2998 2999 3000 Яніна ШМАТКО. P.S. Матэрыял падрыхтаваны на падставе дакументаў, што са-брала няштатны карэспандэнт “Працы” Валянціна Боцька. Дзякуем за дапамогу! Публікацыі, якія датычацца палкоўніка Смалякова і яго сям’і, з якой добра была знаёма Валянціна Боцька, мы будзем працягваць друкаваць на старонках раённай газеты.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.