Князевские гимназисты готовятся к олимпиадам даже летом

Князеўскія гімназісты і педагогі ўстановы стараюцца выкарыстаць летні адпачынак з карысцю.

 

  Князевские гимназисты готовятся к олимпиадам даже летом

 

З першых летніх дзён на базе гімназіі пачаў функцыянаваць аздараўленчы лагер, які наведвалі дзеці рознага ўзросту. У адрозненне ад мінулых гадоў, сёлета вучні мелі добрую магчымасць пазаймацца з настаўнікамі, каб не толькі замацаваць, але і паглыбіць веды па розных прадметах.
Больш масава падрыхтоўкай да алімпіяды ў разгар канікул былі ахоплены вучні-аматары нямецкай мовы. Як паказвае практыка апошніх гадоў, па выніках раённых прадметных алімпіяд менавіта “немцы” прыносяць у гімназічную скарбонку найбольшую колькасць прызавых месцаў. На базе лагера праходзілі заняткі атрада “Лінгвісцёнак” па падрыхтоўцы да алімпіяды па нямецкай мове. Для вучняў розных класаў настаўніцы замежнай мовы Луцыя Дычка і Ірына Кандак рыхтавалі не толькі лінгвістычныя заданні рознага характару, але і праводзілі цікавыя мерапрыемствы. З вялікім інтарэсам дзеці прымалі ўдзел у літаратурнай гасцёўні, завочным падарожжы, турніры знаўцаў. Завяршальным акордам заняткаў стаў фестываль ведаў.
Здавалася б, пара і перадыхнуць перад новым навучальным годам, аднак Луцыя Феліксаўна, педагог, які з года ў год рыхтуе пераможцаў раённай алімпіяды па нямецкай мове, адчувае не поўную задаволенасць ад канчатковага выніку работы. Нягледзячы на тое, што яе вучні кожны год набіраюць самую высокую колькасць балаў у раёне, для ўдзелу ў абласным этапе гэтага недастаткова. Таму разам з вучаніцай 10 класа Валерыяй Свістун яна займалася па індывідуальнай праграме. Раз на тыдзень на працягу ўсіх летніх месяцаў настаўніца сустракалася з вучаніцай у гімназіі. Вялікі дыдактычны матэрыял, багатая бібліятэка падручнікаў, дапаможнікаў, часопісаў, аўдыяносьбітаў садзейнічалі хуткаму ўключэнню ў працэс вучобы, павышэнню ўзроўню валодання мовай вучаніцы. А ў хуткім часе на дапамогу ў вывучэнні нямецкай мовы прыйдзе лінгафонны кабінет: ён з’явіцца ў гімназіі ў новым навучальным годзе. 
Не адстаюць ад вопытнай калегі і іншыя педагогі гімназіі. У многіх з іх выпрацавалася свая сістэма, як арганізаваць летні адпачынак вучняў з максімальнай для іх карысцю. Улічваючы геаграфію пражывання настаўнікаў і адораных вучняў, якія жадаюць у час летніх вакацый пазаймацца па прадмеце, каб з 1 верасня не прыступіць, а прадоўжыць індывідуальныя або групавыя заняткі па падрыхтоўцы да прадметнай алімпіяды, былі вызначаны месца і час работы з вучнямі. Напрыклад, філолагі актыўна выкарыстоўвалі рабочыя дні чэрвеня, жніўня для індывідуальнай работы з вучнямі, прапаноўвалі ім заданні творчага характару. Юныя біёлагі пад кіраўніцтвам настаўніцы Ларысы Лабовіч шмат часу ўдзялілі практычнай частцы прадмета.
З кожным годам у практыку работы педагогі ўкараняюць сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі. Не стала выключэннем і гэта лета: малады педагог інфарматыкі і матэматыкі Алена Буцько ўкараніла ў дзейнасць дыстанцыйнае навучанне. На думку Алены Анатольеўны, інтэрнэт дае магчымасць падтрымліваць цесную сувязь з вучнямі, аказваць дапамогу пры выкананні імі таго ці іншага задання, аператыўна кантраляваць правільнасць рашэння задач. 
Думаецца, што тыя намаганні, якія прыклалі педагогі і вучні ў падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд, будуць карысны не толькі ў вучэбнай дзейнасці, але і выведуць дзяцей на новы віток развіцця.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.