Какой литературе отдают предпочтения зельвенцы, интересовалась корреспондент газеты «Праца»

3975

Ці знаходзяць свайго чытача кнігі, выдадзеныя на роднай мове? Да якой літаратуры больш за ўсё звяртаюцца зэльвенцы і што раяць пачытаць іншым, цікавілася карэспандэнт “Працы”.
Віктар ЧАРНЕЦКІ, г.п. Зэльва:
– Інтарэс да друкаванага слова мне прывілі настаўнікі Ала Мацвееўна і Яўген Васільевіч Сончыкі. Іх урокі заўсёды былі цікавымі і насычанымі. Так што не палюбіць беларускую мову было проста немагчыма. Са школьнай парты і сябрую з кнігай. Перавагу аддаю гістарычнаму раману. Тэма Вялікай Айчыннай вайны, цяжкімі дарогамі якой прайшоў мой бацька Яўстафій Іванавіч, заўсёды была для мяне важнай. Жыццёва, пераканаўча і на высокім мастацкім узроўні напісаны творы Васіля Быкава. Ёсць над чым падумаць і паразважаць, што асэнсаваць, чаму павучыцца. Усе без выключэння кнігі Быкава раіў бы пачытаць моладзі.
Валянціна ЛЯВІЦКАЯ, в. Акцябрская:
– Чытаю беларускіх класікаў і сучасных аўтараў. Вельмі люблю паэтычныя творы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Іншы раз вяжу ці вышываю і паўтараю знаёмыя з юнацтва радкі. З задавальненнем перачытваю Івана Шамякіна і Івана Мележа, сёлетніх юбіляраў. Іх творы напісаны простай і выразнай мовай. А створаныя мастацкія вобразы маюць філасофскі змест, дазваляюць адчуць сувязь пакаленняў. Дарэчы, я ўжо не адзін год вяду спецыяльны блакнот, у якім запісваю самыя трапныя радкі з твораў і змястоўныя выслоўі. Тым, хто плануе падрабязней пазнаёміцца з беларускай класікай, раю пачаць з Шамякіна і Мележа.
Марыя КАРОЗА, в. Манцякі:
– Калі з маленства чалавеку прывіць любоў да роднага слова, яго цяжка адарваць ад чытання. Ведаю гэта на ўласным вопыце. У якім бы ўзросце ні была, заўсёды знаходзіла гадзіну–другую для кніг. Практычна кожны твор прапускаю праз сваё сэрца. Таму ён надоўга застаецца ў памяці. Нядаўна з задавальненнем яшчэ раз перагарнула старонкі некалькіх твораў Алеся Адамовіча і Івана Шамякіна. Сучасныя беларускія літаратары, такія як Андрэй Федасеенка і Анатолій Рэзановіч, таксама заслугоўваюць чытацкай увагі.
Яніна Палубок, в. Марцінавічы:
– Мой чытацкі стаж вымяраецца не адным дзесяцігоддзем. Нават муж жартуе: “Зараз і зрок страціш, а ўсё чытаеш”. Будзе так ці не, але чытаць працягваю. Сама родам з вёскі, таму вясковая тэматыка і шчыміць душу. На маю думку, лепш за іншых аўтараў людскі лёс паказалі Іван Шамякін, Іван Мележ і Міхась Зарэцкі. Літаральна на днях перачытала раман пра чарнобыльскую катастрофу “Злая зорка”. З вялікай павагай стаўлюся да пісьменнікаў, якія звярнуліся да ваеннай тэмы. Таксама заслугоўваюць увагі кнігі Алы Сямёнавай, Міхася Чарняўскага і Аляксандра Афяроўскага.
Часлава БУРАК, г.п. Зэльва:
– Я – зацікаўлены, можна сказаць, апантаны чытач. Спіс любімых аўтараў у мяне вялікі. З беларускіх, безумоўна, Іван Шамякін, Кузьма Чорны, Янка Брыль… Са шматлікіх жанраў аддаю перавагу раманам. Люблю параўноўваць лёс галоўных герояў з уласным. Сваім дзецям гаварыла і ўнукаў вучу, што роднае слова патрабуе пашаны, вялікай любові да сябе. У нас немалая дамашняя бібліятэка. Нягледзячы на гэта, каб быць у курсе літаратурных навінак, рэгулярна наведваю раённую бібліятэку. У яе фондах ёсць шмат добрай літаратуры на любы густ.
Людміла ПОПКА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.