Версия для слабовидящих

Зэльвеншчына ў міжваенны час: паміж культурным уздымам і сацыяльным гнётам

14 сентября 2026
Просмотры: 427

Зэльвеншчына ў міжваенны час: паміж культурным уздымам і сацыяльным гнётам

Шмат беспрацоўных было сярод моладзі. Некаторым удавалася знайсці часова работу на лесапільнях, будаўніцтве дарог. Дзяўчаты ўлетку збіралі ў лесе кветкі, лекавыя травы, ягады, грыбы, арэхі. Усё гэта прадавалі ў гарадах, а за атрыманыя грошы куплялі ў крамах тавары. Некаторыя гаспадаркі толькі з гэтага і жылі. Надлясніцтва дзяржаўных і памешчыцкіх лясоў прымушала сялян купляць білет на права ўваходу ў лес, які каштаваў ад 1 да 5 злотых. Сяляне адмаўляліся купляць білеты. Тады леснікі перайшлі да гвалту: забіралі кошыкі, білі збаны, адбіралі ягады. Моладзь супраціўлялася леснікам: збіралася ў групы і давала адпор, пісала скаргі ў надлясніцтва. 

Ваенізаваны атрад навучэнцаў «Арля- няты» на майскай дэманстрацыі ў Зэльве. 1934 г.

У гэты час на Зэльвеншчыне побач з партыйнымі ячэйкамі існавалі грамадскія арганізацыі і школы, пры якіх працавалі клубы. Так, у многіх вёсах дзейнічалі маладзёжныя арганізацыі «Кола моладзі», якія ставілі сваёй задачай павышэнне культурна-асветніцкага ўзроўню насельніцтва. Знаходзіліся яны пад уплывам партыйных і камсамольскіх арганізацый. Такія арганізацыі працавалі ў вёсках Росцевічы, Аляксандраўшчына, Дзеркачы, Елка, Казловічы, Кашалі і інш. Юнакі і дзяўчаты, якія ўваходзілі ў «Кола моладзі», значную ўвагу надавалі развіццю мастацкай самадзейнасці: праводзілі вечарыны са спектаклямі, дэкламацыямі з харавымі выступленнямі. На выручаныя ад вечарын сродкі ў в. Вострава быў пабудаваны Народны дом. 

На новабудоўлі Народнага дома ў в. Вострава.Начало формы

Вялікай папулярнасцю ў насельніцтва карысталіся Востраўскі драматычны гурток і народны хор. На сцэне ставілі «Паўлінку», «Раскіданае гняздо» і іншыя спектаклі. Са спектаклямі ездзілі ў Дзярэчын і навакольныя вёскі. Працавала ў Востраве і бібліятэка-чытальня, у якой было звыш тысячы экземпляраў кніг на беларускай, рускай і польскай мовах. 

У іншых населеных пунктах таксама адкрываліся бібліятэкі, клубы. Так, у сярэдзіне 1930-х гадоў быў пабудаваны клуб у в. Конна. Моладзь выступала з тэатральнымі прадстаўленнямі не толькі ў в. Конна і Зэльве, але ездзіла ў Ваўкавыск, Беласток. І хоць польскія ўлады забаранялі выступаць на беларускай мове, у асноўным рыхтавалі пастаноўкі беларускіх драматургаў. Жыхары вёсак Галынка і Міжэрычы прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы спектакляў на беларускай мове. У іх рэпертуары была пастаноўка «Падарожнік», дэкламаванне твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. У 1927 г. быў пабудаваны клуб у в. Дзеркачы, дзе моладзь таксама рыхтавала пастаноўкі. Тут працавала бібліятэка. 

Члены самадзейнага тэатральнага калектыву Міжэрыцкай гміны.

У Зэльве і ў Дзярэчыне працавалі лясніцтвы, аптэкі з аптэчнымі складамі, рэстараны, булачныя, крамы. Была і кінаперасоўка з вялікай залай для гледачоў. Па аўторках праводзіўся кірмаш, на які з'язджалася шмат людзей з усёй гміны. Вялікія кірмашы па чацвяргах і трэцяга чысла кожнага месяца праводзіліся ў Зэльве. 

У сярэдзіне 1930-х гадоў на тэрыторыі раёна працавалі 3 сямігадовыя школы і каля 20 пачатковых. Навучанне ў пачатковай школе было бясплатным; бацькі толькі куплялі сшыткі і падручнікі. Вучыліся сялянскія дзеці ў асноўным зімой, калі ў гаспадарцы не былі патрэбныя рабочыя рукі. Больш як 80% пачатковых школ размяшчалася па хатах сялян. Толькі пасля прыняцця сеймам закона аб усеагульнай пачатковай адукацыі становішча палепшылася. У Галынкаўскай, Кастровіцкай, Крамяніцкай гмінах было пабудавана некалькі пачатковых школ. Большасць школ існавала на сродкі органаў мясцовага самакіравання. Не так лёгка было адкрыць новую школу, асабліва беларускую. Газета «Наш кліч» за 1 красавіка 1926 г. у заметцы «Беларускай школы не даюць» пісала: «Пры падачы дэклярацыяў мы думалі мець дзьве школы адну ў Вострава, а другую ў хутарах Вострава. Цяпер ужо школьны інспектар са Слоніма прыслаў паперу, што Беластоцкі куратар не згаджаецца на беларускую школу ў хутарох.

Вучні на ўпарадка - ванні Зэльвенскай школы. 1935 г.

В. Клімавічы атрымала паперу, што беларускай школы там ня будзе, бо частка людзей «зраклася» беларускай школы ў часе «даследавання» 22/5- 25 г.

У Вострава яшчэ ня прыслалі ніякай паперкі. Можа хоць Вострава будзе мець беларускую школу? Напэў на не! Хіба гэта быў бы «Цуд на землях Беларускіх». Адзін з пакрыўджаных» 

У в. Аляксандраўшчына ў былым маёнтку памешчыцы Белянковай была адкрыта сельскагаспадарчая школа, кіраўніком якой быў Жалязны.

Вучні Бародзіцкай школы. 1933 г.

У Жалязнага была свая гаспадарка, дзе праходзілі практыку студэнты з Польшчы, у асноўным з багатых сем'яў. На Каляды яны куплялі падарункі вучням пачатковай школы в. Аляксандраўшчына, якія вучыліся ў асадніцкіх хатах. Часта студэнты ставілі святочныя канцэрты. Праіснавала школа да лета 1939 г. 

Горшымі былі справы ў галіне аховы здароўя. У сярэдзіне 1930-х гадоў працаваў урач толькі ў Крамяніцы. Амбулаторыі былі ў Дзярэчыне і Зэльве, дзе працавала па адным урачу і адным фельчару. 

Ва ўмовах агульнага пад'ёму рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, напярэдадні другой сусветнай вайны, у красавіку 1938 г. КПЗБ была распушчана выканкомам Камінтэрна і спыніла сваё існаванне. Але, нягледзячы на вялікія цяжкасці, былыя члены КПЗБ і КСМЗБ не спынялі барацьбу супраць гнёту, за інтарэсы працоўных мас. Многія з іх зведалі беспадстаўныя ганенні і рэпрэсіі не толькі з боку польскіх улад, але і савецкіх. 

Уз'яднанне прынесла людзям радасць свабоды, а пазней разгубленасць і роспач перад рэпрэсіўнай машынай таталітарызму. Затым былі цяжкія гады вайны. Таму так мала засталося звестак аб жыцці ў складзе Польшчы, таму гэтыя звесткі супярэчлівыя і не поўнасцю высветленыя. Шмат старонак з гісторыі Зэльвеншчыны таго часу яшчэ чакаюць свайго адкрыцця.

Па старонках кнігі "Памяць. Зэльвенскі раён" 
Працяг будзе.

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в наших Telegram-канале, MAX.  Подписывайтесь по ссылке!