А у дяди Володи — да сплошные приключения

Уладзімір Мазго – “дзіцячы пісьменнік” – слынны і творча актыўны. На ягоным мастакоўскім рахунку кнігі “Калі спрачаюцца маланкі” (1989), “Суседзі па сусвеце” (1994), “Смехапад” (1999), “Таямнічая планета” (2008). Дый яшчэ дзве, што прынеслі аўтару заслужаныя ўзнагароды: “Прыгоды марахода” (2002) былі адзначаны прэміяй прафсаюзаў Беларусі, а за кнігу “Цуда-вуда” (2008) У.Мазго атрымаў прэстыжную літаратурную прэмію “Залаты Купідон”.

Важкія ягоныя набыткі і ў галіне паэзіі дарослай. Цудоўна зарэкамендаваў сябе таксама як паэт-песеннік, супрацоўніча-ючы з вядомымі кампазітарамі Эдуардам Ханком, Леанідам Захлеўным, Эдуардам Зарыцкім, Алегам Елісеенкавым, Уладзімірам Буднікам і іншымі.

Сёння У. Мазго па-ранейшаму радуе новымі творамі. Нядаўна ў выдавецтве “Народная асвета” літаральна адна за адной у некалькі месяцаў з’явіліся дзве кнігі: паэтычны зборнік “Лепшыя сябры” і “Загадкавая азбука”.

У казцы “Каплі для чаплі” У.Мазго, па ягоным прызнанні, “расказаў па сакрэту” гісторыю пра Белую Чаплю, якая сярод іншых сваіх суродзічаў вызначалася тым, што “казкі чытала маленькай басоце // Пра скарбы Палесся, чароўную Прыпяць”. Толькі здарылася так, што Чапля “нечакана свой голас згубіла”, бо яе “схапіла за горла знянацку прастуда”. Маленькія чапляняты, каб вылечыць маці, паспяшаліся да мудрага доктара Бацяна. Бусел адказаў, што вылечыць іхнюю маці можна кроплямі з гаючай травы, якая расце каля Прыпяці. Чапляняты наскублі яе, не пабаяўшыся нават зубастага Шчупака, які пільнаваў дзіва-траву. А ўжо доктар Бацян зрабіў з яе каплі і вылечыў Чаплю.

Гісторыя, здавалася б, про­ стая. Затое павучальная і займальная. Акурат для дзяцей да-школьнага і малодшага школьнага ўзросту, якім кніга “Лепшыя сябры” і адрасуецца ў першую чаргу. Хлопчыкі і дзяўчынкі, пазнаёміўшыся з казкай, зразумеюць: трэба са спагадай ставіцца да тых, хто блізкі табе. Дый увогуле да ўсіх, каму неабходна твая дапамога. Як гэта і зрабіў мудры Бацян. А яшчэ важна быць смелым– як чапляняты.

Уладзімір Мазго перакананы: жанр казкі ніколі не састарэе, пра што і гаворыць у вершы “Казка”: “Але бясконца верыць сэрца: // Навекі казка застанецца. // Яна дабру, любові вучыць, // Яна не можа надакучыць. // У ёй спагада ёсць і ласка. // Нам у жыцці патрэбна казка”.

Як і патрэбны дзецям добрыя, пазнавальныя і вясёлыя вершы. Такіх твораў у кніжцы таксама нямала. У. Мазго знаёміць з першадрукарамі (“Францыск Скарына”, “Сымон Будны”). Прапануе вершы, пры-свечаныя хараству прыроды, паўсядзённым справам хлопчыкаў і дзяўчынак. Наўрад ці пакінуць абыякавым каго-небудзь з чытачоў і гісторыі “Тузін Васевых прыгод, паяднаў якія спорт”. Апроч таго можна і загадку напаткаць “Што за ліхтар?”, пазнаёміцца з анаграмай “Яна–Аня”. Але куды больш твораў гэтых двух жанраў змешчана ў кнізе “Загадкавая азбука”, што прапануецца дзецям  малодшага школьнага ўзросту. “Мазгуем разам”, – заяўляе аўтар, адкрываючы гэтую кнігу вершам:

Для розуму зарадка –

У вершах і загадках.

Мазгуйце ўсе да аднаго:

Стварыў яе для вас Мазго.

Такі своеасаблівы ўваход, безумоўна, адразу настройвае на тое, што і ў гэтай кніжцы не абыдзецца без добрай усмешкі, якая лёгка ўзнімае настрой. Сам жа твор “Загадкавая азбука”, што і даў назву ўсяму зборніку, як няцяжка здагадацца, складаецца з загадак.

Першая з іх такая:

Быццам

Белы снег на дол,

Пакрывалам

Лёг на стол.

Рады госцю

Беларус,

Засцілаючы…

Слова-адказ “абрус” лёгка рыфмуецца з папярэднім. Гэтак пабудаваны і іншыя загадкі. Праўда, часам слова-адказ падабраць крыху цяжэй. Што ж, на тое загадка, каб падумаць. Дарэчы, У. Мазго прадставіў у “Загадкавай азбуцы” і літары “й”, “ў”, “ы”, “ь”. Паколькі словы з іх не пачынаюцца, загадкі пабудаваны такім чынам, што слова-адгадка заканчваецца на тую ці іншую з гэтых літар.

Надта ж удалым атрымаўся раздзел “Парад шарад”. Шарада, як вядома, – гэта таксама загадка, але такая, у якой зашыфраванае слова адгадваецца па частках. Прытым кожная з гэтых частак уяўляе сабой самастойнае слова, склад ці літару. Каторую шараду ў кнізе не в о з ь м е ш , адказ не адразу “даецца”. Трэба падумаць, каб знайсці яго. Безумоўна, гэта добра, бо развіваецца лагічнае мысленне хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны пашыраюць свой кругагляд, атрымліваюць лепшае ўяўленне пра некаторыя паняцці. Як, скажам, дзякуючы гэтай шарадзе:

Слова першае

Праколе

Слова іншае,

Што ў коле,

I красуе

Ярка дужа

У трэцім слове

Дзікай ружай.

Падумаўшы, паразважаўшы, дзеці здагадаюцца, што шып “праколе” шыну, а пасля таго разам з ёю закрасуе шыпшынай.

Запрашае У. Мазго і на “Вечарынку анаграм” – яшчэ адзін раздзел:

Гэта што за шум і гам?..

Вечарынка анаграм!

Да цябе,

Да таты, мамы

Завіталі анаграмы.

Без рэкламы.

Без раскруткі –

Анаграмы-перакруткі.

Анаграмы невыпадкова ўспрымаюцца перакруткамі, бо анаграмы – гэта такая перастаноўка літар у слове, пры дапамозе якой утвараецца новае слова. Гэтаксама, як і шарады, яны, несумненна, паспрыяюць развіццю разумовых здольнасцей дзяцей, пакажуць ім вялікія магчымасці роднай мовы, як часам з адных і тых жа літар могуць узнікнуць розныя паняцці. Узяць хоць бы гэтую анаграму: “Часам кашу, // Часам суп // Варыць мама // 3 белых круп. // Прачытай // Наадварот – // Просіцца // У бутэр-брод”. У першым выпадку маецца на ўвазе рыс, у другім – сыр.

Ёсць у кніжцы і акразагадкі, што спалучаюць у сабе сам акраверш і загадку, напісаную ім. Сэнс прачытваецца па пачатковых літарах радкоў. Для пацвярджэння таго, наколькі паспяхова справіўся гэтым разам паэт з пастаўленай задачай, прывяду першую ж акразагадку з падборкі, што складаецца з чатырох твораў згаданага жанру:

Домік летні між прысад,  

Агарод і  спеўны сад

Часта вельмі  клічуць нас

Адпачыць у вольны час.

Адказ відавочны: дача.

Прадстаўлены ў зборніку і звычайныя загадкі, а таксама паліндромы (такое слова, выраз і сказ, якія маюць аднолькавы сэнс пры чытанні злева направа і наадварот), метаграмы, пазнаёміцца з якімі      У. Мазго запрашае так:

Што такое метаграма?

Пашукай адказ таксама.

Літару змяніўшы ў слове,

Ты другое слова зловіш.

А гэта запрашэнне дык і зусім незвычайнае – “Дагонім мы амонімы”. Так называецца заключны раздзел. А “сакрэт амонімаў такі: // Хоць цёзкі, а не двайнікі”. Гэтых “цёзкаў” У. Мазго напісаў ажно 57. Пераважная большасць іх надзіва арыгінальныя.

Калі ж падсумоўваць гаворку пра дзве новыя кнігі У. Мазго, нельга не адзначыць, што гэта не толькі важкі набытак самога аўтара, але і дастойны ўклад у сучасную беларускую дзіцячую літаратуру ўвогу­ ле. Сёння Уладзімір Мазго–адзін з самых яркіх прадстаўнікоў у ёй.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.