Версия для слабовидящих

Верасень 1939 года: як у Зэльве вызваленчы паход сустракалі

Просмотры: 42

Верасень 1939 года: як у Зэльве вызваленчы паход сустракалі

У сярэдзіне верасня 1939 года нямецкафашысцкія захопнікі, акупіраваўшы Польшчу, падышлі да Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Над імі навісла пагроза заняволення. Зыходзячы з падпісаных з Германіяй пагадненняў, савецкі ўрад даў камандаванню Чырвонай Арміі ўказанне ўступіць на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Вызваленчы паход пачаўся 17 верасня 1939 года. 

У той час некаторыя жыхары мелі радыёпрыёмнікі, таму вестка аб вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі хутка абляцела Зэльвеншчыну. Большасць насельніцтва з радасцю чакала братоў з усходу, многія прымалі ўдзел у падпольнай рабоце супраць польскіх улад. 

Ужо ў пачатку верасня 1939 года ў нашым раёне дзейнічаў узброены атрад працоўных колькасцю каля 100 чалавек на чале з камуністам Мазіным. Атрад разгарнуў актыўныя партызанскія баявыя дзеянні ад Дзярэчына да Зэльвы супраць часцей польскай арміі і скаваў іх сілы да прыходу Чырвонай Арміі. Разам з армейскімі часцямі яны пазней пачалі вызваляць Гродзеншчыну. 

Актывісты рэвалюцыйнага руху раёна ўзмацнілі агітацыю сярод сялян і рабочых, заклікаючы выступіць супраць акупантаў. 18 верасня 1939 года ў вёсцы Івашкавічы ўсё насельніцтва выйшла на вуліцу – было прынята рашэнне ісці ў Зэльву. Мэта шэсця – раззброіць паліцыю, звергнуць уладу гміны, урачыста сустрэць Чырво- ную Армію.

Раніцай 19 верасня калона дэманстрантаў, спяваючы рэвалюцыйныя песні, з чырвонымі сцягамі (некаторыя былі са зброяй) накіраваліся ў Зэльву. Па дарозе да іх далучыліся жыхары вёсак Кашалі, Каралін і іншых. Перад уваходам у Зэльву калона была затрымана: наперад пайшла разведка. Хутка яна далажыла, што зэльвенская паліцыя разбеглася, а са Слоніма на Зэльву рухаецца абоз польскай арміі. 

У гэты ж дзень жыхары вёсак Пятрэвічы, Паўлавічы, Цыганоўка і Зенькаўцы вырашылі пайсці ў Міжэрычы – вёскі адносіліся да Міжэрыцкай гміны. Але яны спазніліся – паліцыя і супрацоўнікі гміны ўцяклі. Дамоў вяртацца не хацелася і вяскоўцы вырашылі ісці ў Зэльву, на сустрэчу з Чырвонай Арміяй. Калонай кіраваў селянін з вёскі Клепачы, былы член КПЗБ Касьян Ракевіч. На перакрыжаванні з Ружанскай вуліцай калона сустрэлася з івашкаўцамі. Аб'яднаўшыся ў адну калону сяляне пайшлі насустрач польскаму атраду. Завязаўся бой. Шмат салдат польскай арміі перайшло на бок паўстанцаў. Падобнае выступленне адбылося не толькі ў Зэльве, Івашкавічах, але і Дзярэчыне, дзе сяляне выбралі часовы камітэт на чале са старшынёй С.Л.Татарыным. 

Раніцай 19 верасня 1939 года ў Зэльву ўвайшлі асноўныя сілы Чырвонай Арміі. 

Калі ў верасні 1939 года з усходу прыйшла Чырвоная Армія, у в. Вострава была ўжо Савецкая ўлада. Пачуўшы далёкія гарматныя выбухі, актывісты (былыя члены КПЗБ і КСМЗБ) не сталі сталі чакаць вызвалення, а самі напярэдадні раззброілі паліцэйскі ўчастак (пастарунак), захапілі пошту і тэлеграф, вывесілі чырвоны сцяг. 

Адразу ж пасля вызвалення зэльвенцы пачалі будаваць новае жыццё. Перад імі паўсталі новыя і складаныя задачы. Перш за ўсё трэба было зламаць старую дзяржаўную машыну, знайсці прымальныя формы дэмакратычнага кіравання, якія б дзейнічалі ў пераходны перыяд, гэта значыць да таго часу, пакуль волевыяўленнем народа будзе вызначаны тып грамадскага і дзяржаўнага ўстройства нашага краю. З гэтай мэтай у Зэльве было створана часовае ўпраўленне, якое складалася з прадстаўнікоў мясцовага актыву, Чырвонай Арміі і накіраваных на дапамогу з усходніх абласцей Беларусі камуністаў і камсамольцаў. Была арганізавана народная міліцыя. Адной з задач упраўлення было "ачышчэнне" тэрыторыі ад рэшткаў польскага афіцэрства і чыноўнікаў. І хаця большасць людзей змагалася з фашыстамі і цяпер шукала ратунку ў Чырвонай Арміі, рэпрэсіўная машына па "ачышчэнню" тэрыторыі запрацавала ва ўсю моц. Пад кіраўніцтвам упраўлення быў арганізаваны рабочы кантроль на існуючых прадпрыемствах.

 У вёсках часовымі органамі кіравання, да правядзення выбараў у Саветы, сталі сялянскія камітэты, створаныя пераважна з сялянбеднякоў, і атрады добраахвотнай сялянскай міліцыі, якія дзейнічалі пад кіраўніцтвам павятовых часовых упраўленняў. Яны ахоўвалі маёмасць, інвентар маёнткаў, хлеб, які захоўваўся ў гумнах уцёкшых памешчыкаў і асаднікаў, вылоўлівалі скрываўшыхся ворагаў новай улады. Так, старшынёй сялянскага камітэта ў Пляцянічах выбралі Мікалая Пятровіча Малочку. У ся лянскі камітэт увайшоў таксама ўпаўнаважаны па Галынкаўскай воласці Пётр Максімавіч Жэрнасек, які праз некаторы час быў абраны старшынёй Пляцяніцкага сельсавета. 

Такія ж сялянскія камітэты былі створаны ў большасці вёсак. Яны адыгрывалі вялікую ролю пры раздзеле памешчыцкай зямлі, надзялялі ёю беззямельных і малазямельных сялян і батракоў. Так, у вёсцы Пляцянічы сяляне атрымалі амаль 500 га памешчыцкай зямлі. Батракам і беднякам бясплатна былі раздадзены коні, каровы, іншая жывёла. 

Аб тым, якім напружаным і цікавым было жыццё зэльвенцаў у канцы 1939 г. – маі 1941 г. вы можаце прачытаць у артыкуле "Гады вялікіх надзей", які апублікаваны ў "Працы” за студзень-люты 1997 года. 

Т. БРОСКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в наших Telegram-канале, MAX.  Подписывайтесь по ссылке!