Зоя Касмадзям’янская і Алег Кашавы. Іх імёнамі названы вуліцы Зэльвы

Вуліца Зоі Касмадзям’янскай

Герой Савецкага Саюза Зоя Анатольеўна Касмадзям’янская нарадзілася ў сяле Асінавыя Гаі Пічаеўскага раёна Тамбоўскай вобласці 13 верасня 1923 года. Бацькі Зоі – Анатоль Пятровіч і Любоў Цімафееўна – былі сябрамі дзяцінства. Ажаніўшыся, пэўны час жылі ў роднай вёсцы, а калі крыху падраслі дзеці, Зоя і Шура, паехалі ў Сібір. Год працавалі настаўнікамі ў Енісейскай акрузе, а потым пераехалі ў Маскву. І хоць Шура быў малодшы за Зою амаль на два гады, іх аддалі ў школу ў адзін год. Былі дзецьмі настолькі дружнымі, што разлучыць іх было немагчыма. Так і сядзелі за адной партай у пачатковай школе, пакуль Шура не ўзбунтаваўся, не перасеў да аднакласніка.

Анатоль Пятровіч памёр рана, і Любові Цімафееўне было нялёгка адной пракарміць сям’ю. Працавала ў двух школах, дамоў вярталася позна, і дзеці, асабліва Зоя, стараліся дапамагаць маці ўсім, чым маглі: палілі ў печы, прыбіралі ў пакоі, прыносілі ваду. Вучыліся добра, з вялікай пашанай адносіліся да настаўнікаў. 201-я Маскоўская школа была для іх другім домам. Назаўсёды запомніла Любоў Цімафееўна словы Зоі, калі яна расказвала пра суботнік, на якім саджалі дрэвы на школьным двары: “Мая ліпа трэцяя – запомні, мама”.

Усе ў сям’і вельмі любілі чытаць. Адным з любімых пісьменнікаў быў для іх Аркадзь Гайдар. Аднойчы Зоі ўдалося ўбачыць пісьменніка. Яны пасябравалі, і Гайдар падарыў дзяўчынцы сваю кнігу з аўтографам, чым яе вельмі парадаваў.

Прыкладам для Касмадзям’янскіх былі чэлюскінцы, удзельнікі грамадзянскай вайны, герой рамана Э.Л.Войніч “Авадзень”. Аднойчы Зоя прачытала апавяданне пра падпольшчыцу Таццяну Саламаху, пра яе стойкасць і мужнасць. Вобраз бясстрашнай Тані дапамог самой Зоі вынесці непамерныя мукі і здзекі фашыстаў, калі ад яе патрабавалі выдаць таварышаў. Яна і назвала сябе Таняй. Ды і ваенны карэспандэнт Пётр Лідзін так нарыс свой пра подзвіг Зоі назваў – “Таня”.

Іншы раз можна пачуць негатыўныя водгукі пра Зою Касмадзям’янскую. Маўлялі, яна вельмі мала часу правяла ў
партызанскім атрадзе, вялікіх подзвігаў здзейсніць не паспела. Дык за што ёй такая пашана?

Сённяшнія людзі не ўлічваюць маральнага ўздзеяння подзвігу Зоі на пакаленне 30-х гадоў. Забываюць, калі адбываліся падзеі. Зоя пайшла добраахвотна ў партызанскі атрад у самы цяжкі для краіны час – у кастрычніку 1941 года, калі вораг стаяў каля Масквы, і ніхто не ведаў, ці здолеюць войскі і апалчэнцы адстаяць сталіцу. І стойкасць Зоі, яе бясстрашша натхнілі сотні і сотні людзей на бязлітасную барацьбу з ворагам. Яна стала сімвалам мужнасці і стойкасці, прыкладам вернасці Айчыне.

Публічным пакараннем змучанай дзяўчыны фашысты думалі запалохаць мясцовае насельніцтва, а атрымалася наадварот. Перадсмяротныя словы Зоі: “Нас дзвесце мільёнаў, усіх не перавешаеце”, – сталі каталізатарам нянавісці да звярынага твару фашызма. Усе, хто мог, адпраўляліся на фронт і ў партызаны, каб адпомсціць за Зою. Матуля Зоі ў Маскве атрымлівала сотні пісем, у якіх хлопцы і дзяўчаты кляліся помсціць ворагу, прасілі асірацелую Любоў Цімафееўну лічыць іх сваімі сынамі і дочкамі, ганарыцца такой дачкой, што стала сімвалам непераможнасці ўсяго народа.


На эшафот бяссмерця Зоя ўзышла ў вёсцы Пятрышчава Маскоўскай вобласці 29 лістапада 1941 года.

Вуліца Алега Кашавога

А ў далёкім Краснадоне на Украіне 15-гадовы Алег Кашавы выразаў з газеты партрэт Зоі, уставіў у рамку і павесіў над сваім ложкам… Алег Васільевіч Кашавы нарадзіўся 8 чэрвеня 1926 г. у г. Прылукі Чарнігаўскай вобласці. Бацькі, Васіль Фядосьевіч і Алена Мікалаеўна, хацелі назваць хлопчыка Аляксеем, але старэнькі ўрач запратэставаў з жартам: “Не падыходзіць! Такому бутузу патрэбна багатырскае імя!”.

Рос “бутуз” здаровым і спакойным, рана пачаў заяўляць аб сваёй самастойнасці. І калі трохі падрос, многае мог майстраваць сваімі рукамі. Да самазабыцця захапляўся кнігамі. Настольнай кнігай юнака Алега была “Як гартавалася сталь” М. Астроўскага. Любіў і разумеў паэзію, сам пісаў вершы. Сям’я часта пераязджала з месца на месца ў сувязі з пераводамі Васіля Фядосьевіча ў розныя гарады Украіны. Жылі ў Палтаве, Ржышчаве, Каневе.

Пасля раптоўнай смерці галавы сям’і ў пачатку 1940 года Алена Мікалаеўна пераехала ў Краснадон. Там жыў з сям’ёй брат Мікалай, які вельмі любіў пляменніка Алега, і мог стаць апорай і для яго, і для сястры. Цяжка было Алегу адвыкаць ад любімага Дняпра, прывыкаць да суровай прыроды Данбаса.

Вясной Алег з дзядзькам пасадзілі каля доміка сад, Алена Мікалаеўна разбіла клумбы, і пачалі прывыкаць да новых умоў жыцця. Таварыскі Алег хутка знайшоў новых сяброў, сярод якіх былі тыя, хто ўвойдзе ў падпольную арганізацыю “Маладая гвардыя”.

У чэрвені 1941 г. Алег закончыў восем класаў. На канікулах хацеў праведаць мясціны, дзе жылі з бацькам. І тут – вайна. Вораг набліжаўся да Краснадона. Рабочыя і служачыя рыхтаваліся да эвакуацыі, на подступах да горада ўзводзілі абарончыя збудаванні. Алег мог застацца ў баку: ён таксама едзе ў станіцу Верхне-Курмаярскую, дзе планавалася спыніць ворага. На шчасце, у той перыяд Чырвоная Армія адагнала фашыстаў ад Краснадона і бліжэйшых мясцін. Акупацыйны рэжым устанавіўся летам наступнага, 1942-га года.

Зверствы фашыстаў не пакідалі раўнадушнымі ні старэйшае, ні малодшае пакаленне. Камсамольцы Краснадона стварылі падпольную арганізацыю, Алега Кашавога выбралі камісарам. Спачатку хлопцы і дзяўчаты пісалі і распаўсюджвалі лістоўкі, у якіх паведамлялі аб справах на фронце. Потым пачалі збіраць зброю, а каб падтрымаць сем’і франтавікоў матэрыяльна, інкогніта дапамагалі прадуктамі. Псавалі тэлеграфную і тэлефонную сувязі, зрывалі ўгон жывёлы ў Германію. Калі даведаліся, што падрыхтаваны дакументы на адпраўку тысяч жыхароў у нямецкую няволю, спалілі ўправу, дзе захоўваліся спіскі. Зманціравалі некалькі радыёпрыёмнікаў, прымалі зводкі з Масквы і распаўсюджвалі іх сярод жыхароў горада і бліжэйшых населеных пунктаў. Фашысты раскрылі маладагвардзейцаў, пачаліся страшныя катаванні.

Калі савецкія танкі ўварваліся ў Краснадон і трапілі на паліцэйскі двор, ніхто не адгукнуўся на кліч танкістаў: немцы не пакінулі ў жывых нікога. Са ста трох маладагвардзейцаў выжыць удалося толькі васьмярым. Алега Кашавога расстралялі ў Ровеньках, цела вывезлі ў лес. Можна толькі ўявіць, што перажыў ён у засценках жандармерыі, калі ў няпоўных 17 гадоў стаў увесь сівы…

Данецкія шахты названы імёнамі маладагвардзейцаў, у цэнтры Краснадона ўзвышаецца помнік юным героям. У Беларусі шмат вуліц імя Алега Кашавога ў гарадах і пасёлках, у тым ліку Гродна, Лідзе, Ашмянах, Смаргоні, Зэльве.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены