Гісторыя часоў вайны: як яўрэйская сям’я Вагнераў перажыла акупацыю міжэрыцкай зямлі

Памяць – гэта тая жыццёвая аснова, на якой трымаецца кожны з нас. Яна як падмурак для дома, як глеба для каранёў, як сонца для раслін. У старэйшага пакалення міжэрыцкай зямлі асабліва глыбокі след пакінула мінулая вайна, пасля якой застаўся жахлівы след у гісторыі роднага краю.       

Да падзей тых часоў вярнуў нас жыхар вёскі Міжэрычы – былы фельчар Мікалай Іванавіч Хацян, які і распавёў гісторыю сям’і Вагнераў.

У маёнтку Мэштавічы размяшчаўся ваенны гарнізон. Чуткі аб хуткім пачатку вайны ўжо распаўсюджваліся сярод мясцовага насельніцтва, і прыбыццё салдат толькі пацвердзіла гэтыя асцярогі. Сяльчане з трывогай сустракалі новых прыезджых, не ведаючы, што рыхтуе ім будучыня.

Камандны састаў, у ліку якога быў і капітан Вагнераў, расквартаваўся ў мясцовых жыхароў у  Міжэрычах. Раніцай 22 чэрвеня 1941 года ў акно хаты, дзе жыў капітан з сям’ёй, пастукаў пасыльны. Ён і прынёс вестку аб пачатку вайны. Не раздумваючы, Барыс Вагнераў далучыўся да атрада, які накіроўваўся ў бок Зэльвы.

Хутка захопнікі акупіравалі міжэрыцкую зямлю, пачалі гаспадарыць на ёй. У той час тут, як і ў некаторых іншых населеных пунктах раёна, было шмат яўрэяў. Яны моцна цярпелі ад нападу фашыстаў. Жонка Барыса Вагнерава таксама была яўрэйкай і знаходзіцца ў вёсцы з кожным днём ёй станавілася ўсё небяспечней.

Выжыць Еўдакіі Максімаўне дапамог шчаслівы выпадак. На хутары паміж Клепачамі і Міжэрычамі жыў паліцай, які закахаўся ў мясцовую дзяўчыну. Каб узаконіць адносіны, неабходны былі шлюбныя пярсцёнкі. Ён і звярнуўся з просьбай да Еўдакіі Вагнеравай, бо ведаў, што толькі яна можа іх да-
стаць. Паліцай, у сваю чаргу, абяцаў прыкрыць яе сям’ю і абараніць ад немцаў. Нягледзячы на рызыку, жанчына пагадзілася дапамагчы. Яна дастала заручальныя пярсцёнкі і перадала паліцаю.

Але неўзабаве стала відавочна, што ўтойваць сваю нацыянальнасць больш немагчыма. Фашысты схапілі жанчыну і адправілі ў Ружанскае гета, дзе ўмовы былі проста невыноснымі. Жыццё там аказалася пярэстай мазаікай пакут і надзей. Нягледзячы на адчай, яна не страціла сілу волі і рашучасць.

З Ружанскага гета Еўдакію Максімаўну перавезлі ў Дзярэчынскае. Тут Вагнеравай было вельмі цяжка. Хто здаравейшы – тых ганялі на работу, а хто стары ды слабы – тыя з голаду пухлі за калючым дротам. Харчаванне выдавалася толькі працуючым.

Калі пачалося вызваленне нашай мясцовасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Еўдакія Максімаўна зноў трапіла ў Міжэрычы. А вось пра тое, як удалося застацца ў жывых, яна распавяла сама, калі была яшчэ жывой:

– Я схапіла сваіх дзяцей і пабегла з імі ў Лешна на хутар. Так як у мясцовых жыхароў была свая гаспадарка, то і пабудоў было шмат. Для сховішча выбрала склеп, дзе мы сядзелі некалькі дзён. Здагадаўшыся, што яўрэі маглі хавацца ў ямах, адзін немец падышоў зусім блізка і абстраляў месца нашага сховішча з усіх бакоў. На шчасце, нам удалося ўратавацца.

Пасля вайны жанчына ўладкавалася на працу санітаркай у фельчарска-акушэрскі пункт у Міжэрычах Гадавала сваіх дзяўчат, вучыла, выдала замуж. Адна, Нэля, пражывала ў горадзе Барысаве, другая, Жанна, жыве зараз у вёсцы Тулава.

Ужо ў мірны час Еўдакію Максімаўну адшукаў адзін з удзельнікаў баявых дзеянняў, які ваяваў з яе мужам, і паведаміў, дзе пахаваны Барыс Вагнераў. Моцнае жаданне пабываць на брацкай магіле не пакідала жанчыну доўгі час. Урэшце яна наведала тыя мясціны. Дарэчы, знаходзяцца яны недалёка ад Баранавіч.

– Каменны абеліск з зоркай наверсе відзён здалёк, – расказвала Еўдакія Максімаўна. – Звычайны вясковы помнік стаіць на пагорку, збоч ад дарогі. Ён заўсёды дагледжаны, гэты журботны напамінак вайны. На абеліску чарнее ўмураваная дошчачка з выразнымі літарамі – прозвішчамі пахаваных байцоў. У ліку іх і дарагі мне чалавек – капітан Барыс Вагнераў.

Настаўнікі  Міжэрыцкай БШ імя Ул. Ляха Ніна Валадашчык і Аксана Трубей

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены