Зінаіда Пазняк адзначае дзень нараджэння і 55 гадоў жыцця на Зэльвеншчыне. Якімі яны былі для яе?

2020 год – знакавы для Зінаіды Фёдараўны Пазняк: яна адзначае дзве даты – юбілейны дзень нараджэння і 55 гадоў жыцця на Зэльвеншчыне. Якімі яны былі для яе?

Належная падрыхтоўка да прафесіі-мары

Стаць настаўніцай Зінаіда марыла з дзяцінства. Пасля экзаменаў за сярэднюю школу адразу падала дакументы ў Гродзенскі педінстытут. На жаль, не хапіла аднаго бала, каб мара здзейснілася адразу. Сквапная да ведаў дзяўчына вырашыла не траціць часу дарэмна і перанесла дакументы ў культпрасветвучылішча (зараз каледж мастацтваў). Выкладчыкі, правяраючы музычны слых абітурыенткі, папрасілі што-небудзь праспяваць. Зіна выбрала папулярную тады песню “Колькі ў небе зор” – і пакарыла ўсіх сваім голасам. Члены прыёмнай камісія, глянуўшы на вынікі экзаменаў у інстытут, вырашылі больш не выпрабоўваць дзяўчыну. І адразу залічылі ў каманду навучэнцаў. Зіне тады здавалася, што яна аддалялася ад мары. Але, як зразумела значна пазней, гэта быў важны крок у авалоданні тым, што спатрэбіцца ў далейшым жыцці. У час вучобы яна актыўна ўдзельнічала ў мерапрыемствах вучылішча, набіралася вопыту зносін з людзьмі розных узростаў і прафесій, авалодвала навыкамі афарміцеля, харавіка, вакаліста, бібліятэкара.

Атрымаўшы чырвоны дыплом і адпрацаваўшы належныя 2 гады ў бібліятэцы, Зінаіда зноў пастукалася ў дзверы Гродзенскага педінстытута. На гэты раз вынікова. Гады вучобы былі цікавымі і насычанымі, таму несліся с неверагоднай быстрынёй. Таленавітая і актыўная натура не абмяжоўвала сябе асноўнымі лекцыямі і падрыхтоўкай да сесій. Акрамя дысцыплін факультэта пачатковых класаў дзяўчына паспявала паралельна вывучаць філалогію – і да моманту атрымання асноўнага дыплома мела на руках атэстат выкладчыка рускай мовы і літаратуры. Мала гэтага: Зінаіда знайшла аднадумцаў і стала наведваць секцыю парашутнага спорту. Таксама была салісткай студэнцкага хору, канферанс’е многіх канцэртаў, бліскучым дэкламатарам вершаў і баек.

Вось такім шматгранным, усебакова адукаваным чалавекам папоўнілася армія педагогаў Зэльвеншчыны ў 1965 годзе.

Першае месца працы

Накіравалі маладога спецыяліста ў Залацееўскую васьмігодку, дзе быў патрэбны выкладчык рускай мовы і літаратуры. Дырэктар школы П.С. Емяльянчык, наведаўшы некалькі ўрокаў Зінаіды Фёдараўны, адразу ўбачыў у ей паспяховага настаўніка і арганізатара. Не пераставаў дзякаваць лёсу за падарунак, калі педагог стварыла дзіцячы хор, у якім была і дырыжорам, і акампаніятарам. І неўзабаве прапанаваў жанчыне месца завуча па навучальнай частцы.

Нават у такой вялікай вёсцы, як тагачаснае Залацеева, усё на слыху. Пра поспехі дзіцячага хору хутка даведаліся ў калгаснай канторы. І папрасілі Зінаіду Фёдараўну ўзначаліць хор гаспадаркі. Старшыні калгасаў спаборнічалі не толькі па выніках сельгасработ, але і па развіцці культуры. Самадзейныя хары выступалі на калгаснай і раённых сцэнах, ездзілі на занальныя конкурсы. Зінаідзе Фёдараўне як кіраўніку двух хароў выступаць даводзілася часта. Яна была запатрабавана і як салістка, дэкламатар. Прыём гледачоў радаваў і натхняў на нялёгкую працу. Часта выклікалі на біс, а смельчакі пасля канцэрта цікавіліся, чаму не паступала ў кансерваторыю…

У школе і калгасе адоранага педагога цанілі, а залацееўскія дзеці па пятах за ёй хадзілі. З іх Зінаіда Фёдараўна ўспамінае Валянціну Хмяльніцкую, Ірыну Сончык, Івана Сераду, Уладзіміра Боцьку, Івана Аніську, Валянціну Траян і інш. Наўрад ці мяняла б месца працы, тым болей, што за тутэйшага хлопца замуж выйшла. Але ў 1970 годзе завуча з ліку рэзервістаў-кіраўнікоў, калі спатрэбіўся дырэктар у Тулаўскую БШ, выклікалі ў РАНА. Прапанавалі пасаду. На роздум многа часу не давалі.

Дырэктар Тулаўскай БШ

Пазнаёміўшыся з калектывам педагогаў, Зінаіда Фёдараўна пастаралася наладзіць добрыя стасункі з кіраўнікамі сельсавета і калгаса. Гэта было важна, бо Тулаўскую школу наведвалі дзеці з прылеглых вёсак. Бацькі ў асноўным працавалі на палях і фермах гаспадаркі. Трэба было больш цесна знаёміцца, бо без удзелу мам і пап праблемы школы не вырашыш. Таму па дамоўленасці педагогі выступалі на калгасных сходах і расказвалі аб хвалюючых пытаннях. На ўрачыстых сходах удзельнікі мастацкай самадзейнасці радавілі песнямі, танцамі ды фізкультурнымі нумарамі.

Тады ўкаранялася ўсеагульная сярэдняя адукацыя. Дзяцей заахвочвалі да паспяховай вучобы, каб у суседнюю Міжэрыцкую сярэднюю школу выпуснікі ішлі добра падрыхтаванымі. Тулаўскія настаўнікі, як і залацееўскія, славіліся талентамі і адказнасцю, але праблем хапала. Хацелася і харчаваннем дзяцей забяспечыць (яны рана выходзіі з дому, а школьны дзень апошнім урокам не заканчваўся); і дадатковыя заняткі па прадметах арганізаваць (якія, дарэчы, не аплачваліся, таму для педагогаў знаходзілі іншыя матывы)…

Дырэктара заўсёды падтрымлівалі такія ж творчыя натуры – арганізатары пазакласнай работы А.А. Нячай, В.У. Шнэйдар, Г.В. Манчык. Зінаіда Фёдараўна дапамагала здольным педагогам раскрываць сябе, заахвочвала эксперыментатараў. Так, І.Г. Лясота цікавілася лялечным тэатрам. Дырэктар, параіўшыся з ёю, заказала маскі. І хутка адбылася перышая пастаноўка. Пасля ад джадаючых стаць артыстамі лялечнага тэатра (адзінага на ўвесь раён!) не было адбою. Працавалі і іншыя гурткі. Класныя кіраўнікі праводзілі літаратурныя вечары да юбілею пісьменнікаў, творы якіх вывучаліся па праграме. Настаўнік музыкі звычайна рыхтаваў выступленні дзяцей на агульнашкольных вечарах і бацькоўскіх сходах. Аўтарытэт педагогаў быў бясспрэчным. Калі настаўнік рэкамендаваў звярнуць увагу на здольнасці дзяцей, бацькі стараліся падтрымаць дачку ці сына.

Цанілі Тулаўскую школу і ў РАНА. Гэта азначала, што колькасць “высокіх” правяраючых павялічыцца (адзін год нават міністра адукацыі прымалі). Давялося прывыкнуць да акалічнасці. І хоць дырэктар настройвала калектыў адносіцца да праверак спакойна, хваляванняў хапала.

Калі Зінаіда Фёдараўна палічыла, што муж гатовы замяніць яе на галоўнай у школе пасадзе, папрасілася ў РАНА. Да яе просьбы прыслухаліся.

Зэльвенкі перыяд працы

У 1975 годзе таленавітую пару Пазнякоў перавялі ў Зэльву: Міхаіла Васільевіча – у райком партыі, а Зінаіду Фёдараўну – у метадычны кабінет аддзела адукацыі. Нечакана жанчыне спатрэбіліся веды, атрыманыя ў культпрасветвучылішчы. Праўда, не з першага года працы ў РАНА. Спачатку курыравала дашкольнае выхаванне і пачатковае звяно школ. Потым садкі аддалі другому метадысту, а Зінаіду Фёдараўну (як адзінага профільнага спецыяліста) прызначылі адказнай за школьныя бібліятэкі. Нагрузка велізарная! Працы “хоць адбаўляй” нават з пачатковымі класамі: у адным толькі пасёлку іх больш за 20, а яшчэ вясковыя чакалі падтрымкі. А тут школьныя бібліятэкі з вечнай зменай кадраў ды недахопам падручнікаў…

Асабліва цяжка было ў жніўні і верасні. Як правіла, з сярэдзіны летняга месяца прыступалі да заняткаў маладыя педагогі. Трэба было кожнаму падабраць вопытнага дарадцу. Гэта называлася рухам стажорства. Прафесійны лёс стажора ў многім залежыў ад перанятага ад кіраўніка вопыту. Зінаіда Фёдараўна заўсёды цікавілася, як ідуць справы, па магчымасці наведвала ўрокі, аналізавала прычыны няўдач. І ўсё – спакойна, добразычліва, кампетэнтна. “Пакрытыкаваць лягчэй, а навучыць працаваць куды складаней”, – такім быў яе падыход. Яна безпамылкова ўгадвала, якая методыка будзе лепшай для пачынаючага настаўніка, таму і метадычную літаратуру рэкамендавала кожнаму асобна і адпаведна натуры. Калі аналізавала ўрок, пры ўсіх гаварыла станоўча, а пра недахопы – сам-насам, і то вельмі тактоўна. Таму наведвання яе не баяліся, а чакалі, каб параіцца.

Творчыя справаздачы настаўнікаў пачатковых класаў таксама праходзілі ў цёплай атмасферы. Рыхтаваліся не ў спешным парадку, а пасля ўзгаднення з калектывам. Далучалі і маладых педагогаў.

Шмат клопатаў было з падрыхтоўкай да алімпіяд выпускнога класа пачатковай школы. Як вопытны метадыст Зінаіда Фёдараўна звяртала ўвагу на верагодныя тэмы. Інтуіцыя не падводзіла, і пробныя задані дапамагалі справіцца з алімпіяднымі.

Что тычыцца экзаменаў 4-класнікаў, што хацелі б стаць гімназістамі, Зінаіда Фёдараўна таксама была памочнікам для педагогаў. Згадваючы той напружаны час, гаворыць: “На ўроках пачатковых класаў часта лавіла сябе на думцы, што мне не парады настаўнікам даваць, а вучыцца ў іх трэба. Нават не буду пералічваць лепшых, бо баюся, што пра кагосьці забудуся. Усе заслугоўвалі самай высокай адзнакі працы”.

Неацэнную дапамогу Зінаіда Пазняк аказала школьным бібліятэкарам і метадыстам РАНА, бо навяла ідэальны парадак у паступленні і ўліку метадычнай літаратуры і падручнікаў. Да яе ніхто не думаў аб каталогах: справа вельмі карпатлівая, у працоўныя гадзіны зрабіць яе нельга. Зінаіда Фёдараўна брала дадому стосікі накладных і рабіла каталог. Узнагародай была шчырая падзяка калег, якім яна давала імгненны адказ на іх запыт аб наяўнасці любой кнігі ці падручніка ў фондах метадкабінета ці школы.

Па складаных пытаннях раілася са спецыялістамі раённай бібліятэкі, практыкавала сумесныя заняткі школьных і сельскіх бібліятэк. Напрыклад, перавод фондаў на новую класіфікацыю патрабаў прафесіяналаў, а ў школьных бібліятэках у асноўным працавалі настаўнікі. Таму і прасіла сельскіх бібліятэкараў стаць шэфамі для школьных. Сама нярэдка з кіраўніком іх метадычнага аб’яднання выязджала на дапамогу.

Пры Зінаідзе Фёдараўне цікава праходзілі Тыдні дзіцячай літаратуры ў райцэнтры. Кожная школа рыхтавала нешта сваё: віктарыну, конкурс малюнкаў, прэзентацыю твораў пісьменнікаў-юбіляраў і пачынаючых паэтаў. У кінатэтры метадыст заказвала адпаведны тэме Тыдня мастацкі фільм. “Чалавек неўтаймаванай энергіі, нязломнай сілы духу і волі; працалюб, добразычлівая натура; прафесіянал, што апярэджваў свой час…”, – так адгукаюцца аб Зінаідзе Фёдараўне людзі, што добра ведалі яе.

Не абдзялілі майстра сваёй справы і ўзнагародамі: яна адзначалася ганаровымі граматамі РАНА, аблана, Міністэрства адукацыі. Мае значок “Выдатнік народнай асветы”.

Талент не старэе

Зінаіда Фёдараўна не ведае суму. Яна заўсёды ў руху. З вясны да восені даглядае дачу. Там, як калісьці ў каталогах, ідэальны парадак. А ёсць вольны час – прымае ўдзел у мерапрыемствах бібліятэкі ці цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Асабліва цэняць яе ў клубе “Спявай, душа!”. В.А. Тульвінская кажа, што не ўяўляе канцэртаў без Зінаіды Фёдараўны. Бо яна і танцуе, і дэкламуе, і спявае. Голас па-ранейшаму гучыць молада і задорна, радуе і каралінцаў, і мадзейкаўцаў, і жыхароў Ваўкавыска – усіх, перад кім выступаюць артысты-пенсіянеры. Усе яны сардэчна віншуюць Зінаіду Фёдараўну з юбілейным днём нараджэння і дзякуюць за яе талент і шчырае сэрца. Здароўя і добрага настрою!

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены