Жыхары сельскіх населеных пунктаў праводзілі зіму і сустракалі вясну (+Відэа)

На народнае гулянне мясцовых жыхароў запрасілі ў аграгарадку Бародзічы. Нягледзячы на спробу зімы нагадаць пра сябе – з раніцы ішоў мокры снег – жадаючых паглядзець на дзейства было нямала. Тамара Жабрак, напрыклад, прыйшла на свята разам з унукам Мацвеем. Прачытаўшы аб’яву аб правядзенні мерапрыемства, вырашыла, што выхадны дзень прысвеціць культурнаму адпачынку. Да таго ж  гэта чарговая нагода сустрэцца са знаёмымі вяскоўцамі. Нямала было і зэльвенцаў. Наталля Хвясюк жыве непадалёку, таму стараецца скарыстацца кожнай магчымасцю, каб цікава правесці час. Тым больш што мясцовыя культработнікі заўсёды ладзяць цікавыя і насычаныя святочныя праграмы. Вядучыя нагадалі прысутным, што ў масленічны тыдзень кожны дзень меў сваю назву і патрабаваў адпаведных дзеянняў. Панядзелак прысвячаўся сустрэчам, калі родзічы абмяркоўвалі падрыхтоўку да свята. У аўторак хлопцы сваталіся да дзяўчат, каб пасля посту згуляць вяселле. Серада называлася лакамкі: цешча павінна была запрасіць у госці зяця і пачаставаць яго блінамі. З чацвярга пачыналіся шырокія гулянні: людзі каталіся на санях, ладзілі кулачныя баі і іншыя забавы. У пятніцу цешча сама прыходзіла ў госці да зяця, а бліны ўжо пякла яе дачка. Субота была адзначана сустрэчамі нявесткі з роднымі мужа і называлася залоўкінымі пасядзелкамі. Кульмінацыяй жа масленічнага тыдня, безумоўна, была нядзеля. Яна называлася провады. Праводзілі, вядома, зіму, якая саступала месца вясне. Людзі прасілі адзін у аднаго прабачэння за дастаўленыя непрыемнасці і крыўды. Гучныя крычалкі, вясёлыя прыпеўкі, загадкі, конкурсы – усё спрыяла добраму настрою і дарослых, і малых. Не забыліся арганізатары мерапрымства і пра традыцыйныя забавы. Знайшлося шмат ахвотнікаў згуляць у снежкі, збіць валёнкі, злавіць бліны… Работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у рамках акцыі «Бяспека – у кожны дом» запрашалі дзетвару паўдзельнічаць у віктарыне і адказаць на пытанні па бяспечнай жыццядзейнасці. За правільныя адказы хлопчыкі і дзяўчынкі атрымлівалі падарункі. Падлеткі з задавальненнем знаёміліся з асаблівасцямі працы выратавальнікаў, прымяралі іх адзенне. Як заўсёды, галоўным пачастункам на свяце былі аладкі. Іх з варэннем і гарбатай мясцовыя кулінары прапаноўвалі ўсім без выключэння. А бліны, як сцвярджае народнае павер’е, сімвал сонца. З’ядаючы іх, мы атрымліваем кавалачак сонечнай энергіі. Не абышлося свята і без спальвання саламянай лялькі Зімы, вакол якой удзельнікі вадзілі вясёлы карагод. А яркае полымя яшчэ раз нагадала, што пара сыходзіць халадам. Наталля МАЦЮК
Вам может быть интересно
2 комментариев
  1. Натали_Л. says

    класс, и нас засняли!
    было весело, детям очень понравилось! блинов поели и зиму провели…

  2. Данута says

    Масленицу проводили и …весну встречаем. В этом году, как никогда, угадали и с праздником, и с погодой.

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.