Зэльвенскія вернікі святкуюць Унебаўшэсце Пана

Сорак дзён пасля свайго змёртвыхпаўстання Збаўца быў на зямлі. Паказваўся сваім вучняў, умацоўваў іх веру і, як гаворыць Святое Евангелле, падрыхтоўваў да таго часу, калі прадстане перад імі ў новай постаці. Так і адбылося: яны сталі сведкамі ўзнясення Хрыстуса на нябёса. 21 мая, на ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана, зэльвенскія каталікі дзякавалі за адыход Езуса да Нябеснага Айца, а таксама прысутнасць яго ў касцёле, святым сакраманце, сэрцах веруючых.

Пан Езус жыў таямніцаю свайго ўнебаўшэсця яшчэ задоўга да яе здзяйснення. Падчас апошняй вячэры Хрыстус абвясціў апосталам аб сваім адыходзе да Нябеснага Айца. Месцам унебаўшэсця стала Аліўная гара. Там, дзе распачалася яго мука, узяла пачатак і яго хвала. Хрыстус вярнуўся для дабра, каб аддаць свайму Айцу ўсё і сабраць усіх у Касцёле.

Настаяцель касцёла Святой Тройцы Яцэк Маркель, звяртаючыся да прахаджан, адзначыў, што ўрачыстасць вельмі важная для нашай веры:

– Нам трэба як найчасцей слухаць Слова Божае і супастаўляць нашыя дзеянні, учынкі, планы з тым, што найбольш значнае для Бога. Ён вучыць нас бескарыслівай любові, міласэрднасці, сардэчнасці, дабру. Патрэбна рабіць канкрэтныя справы, згодна з асноўнымі Божымі запаведзямі. Гэта вельмі складана, бо на зямлі шмат спакусаў. Езус, адыходзячы на неба, гаворыць: “Я вас не пакідаю, я з вамі да канца свету”. Прымаючы Яго ў сакраманце, асабліва ў час прыняцця Святой Камуніі, мы ўпэўнены, што Ён дае нам моц і сілу перажыць цяжкасці і выпрабаванні часу. Нават такія, якія склаліся з-за пандэміі каранавірусу.

Унебаўшэсце – гэты дзень, які мае вялікае значэнне для ўсяго чалавецтва: добрая нагода задумацца, што на самай справе ёсць важным у нашым жыцці.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены