Зэльвенскія школьнікі паказалі высокія вынікі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах

Дар’я Несцяровіч з СШ №3 узнагароджана Дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па інфарматыцы. Трэцяе месца ў вучаніцы гэтай установы адукацыі Ірыны Новыш – па рускай мове і літаратуры, па працоўным навучанні – у Ганны Мазец з СШ №2. У алімпіядзе такога ўзроўню Дар’я прымала ўдзел у чацвёрты раз. У мінулым годзе дзяўчынка ўвайшла ў лік лепшых знатакоў інфарматыкі. Аднак не спынілася на дасягнутым, працягнула паглыбляць свае веды па любімым прадмеце. Разабрацца ў тонкасцях праграміравання Дашы дапамагала яе маці і настаўніца ў адной асобе Жанна Іванаўна. Разам яны прарашалі дзясяткі задач, прысвяцілі не адну гадзіну знаёмству з дадатковай літаратурай. Вывучэннем рускай мовы і літаратуры Ірына Новыш захапілася яшчэ ў пачатковых класах. Заўсёды імкнулася ведаць больш, чым патрабуе школьная праграма. Мэтанакіраванасць дзевяцікласніцы заўважыла настаўніца Алена Міхайлаўна Рудая, таму прапанавала ёй праявіць сябе ў алімпіядным руху. Пачалася грунтоўная падрыхтоўка – факультатыўныя заняткі, творчыя заданні, вусныя выказванні… Крок за крокам Ірына заваявала права прадстаўляць Зэльвеншчыну на рэспубліцы. І выдатна пацвердзіла свой інтэлектуальны ўзровень. На працягу некалькіх гадоў Ганна Мазец з задавальненнем займаецца на ўроках працоўнага навучання пад кіраўніцтвам настаўніцы і маці Марыны Валянцінаўны. Юная рукадзельніца не аднойчы станавілася прызёрам абласнога этапу алімпіяды па гэтым прадмеце. Атрыманы дыплом на чарговым туры – узнагарода за талент і працавітасць школьніцы. Пераможцам уручылі прэміі аддзела адукацыі, спорту і турызму, раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, настаўнікаў адзначылі Падзякай упраўлення аблвыканкама. Наталля МАЦЮК.
Вам может быть интересно

Комментарии отключены