Зэльвенскія каталікі святкуюць Пальмовую нядзелю, або Вербніцу

У гэтым годзе хрысціяне каталіцкага веравызнання вельмі рана адзначаюць адну з важных падзей у жыцці Езуса – Яго ўрачысты ўваход у Іерусалім. Як сімвал вітання Хрыстуса ўпрыгожанымі галінкамі, 24 сакавіка зэльвенцы сабраліся ў касцёле Святой Тройцы з вербачкамі.

Пасля рэкалекцыйных навук, якія былі вельмі філасофскімі і змястоўнымі на прыклады з жыцця вернікаў, а таксама тых, хто яшчэ знаходзіцца ў пошуку сцяжынкі да Пана Бога, парафіяне з пачуццём падзякі за любоў Хрыста да кожнага чалавека прыйшлі на святую імшу загаддзя. Каб адгаварыць малітвы, быць разам у суполцы веруючых людзей, раздзяліць радасць сустрэчы Езуса.

Як і ў апошнія гады, святочная імша распачалася на прыкасцельнай пляцоўцы, якая ледзь змяшчала зэльвенцаў і гасцей парафіі. Пад спеў удзельнікаў касцельнага хору, а таксама пад святло вясновага сонца ксёндз Яцэк Маркель асвяціў вербныя галінкі.

Святочнае набажэнства прадоўжылася ў храме.

Пад час імшы гучалі ўрыўкі з Евангелля, над якімі прысутныя моўчкі разважалі. Разважанні як сумныя, бо Езусу здрадзіў адзін з апосталаў і ў Пальмовую нядзелю Ён уваходзіць у Іерусалім, каб атрымаць цярновы вянок. Так і радасныя: з сённяшняга дня пачынаецца літургічны перыяд успаміну падзеяў, праз якія здзейнілася збаўленне свету.

З Вербнай нядзелі Касцёл распачынае Вялікі тыдзень, час падрыхтоўкі да галоўнага хрысціянскага свята Вялікадня, – адзначыў ксёндз Яцэк Маркель. – Вернікі павінны духоўна і годна перажыць Пасхальны Трыдыум – чацвер, пятніцу і суботу, перш-наперш душой падрыхтавацца да Пасхальнай Вігіліі.

Пасля літургіі каталікі з традыцыйнымі словамі “Не я б’ю, вярба б’е. За тыдзень Вялікдзень, жадаю здароўя і шчасця” віншавалі адзін аднаго.

Вербніца. Сёння мы сустракаем свята для таго, каб разам з Езусам “увайсці ў Іерусалім”, дзе Збаўца споўніць збаўчую місію, – дзеліцца сям’я Саўчык. – Прыйшлі ў святыню, каб разам з Хрыстом распачаць Вялікі тыдзень, каб яшчэ раз перажыць важныя евангельскія падзеі. З удзячнасцю Богу хочам вітаць Яго і праслаўляць Яго вялікую Любоў да ўсіх людзей. Няхай яна паселіцца ў нашых душах, сэрцах, каб мы маглі шчыра дзяліцца ёю з іншымі.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены