Зэльвенскія каталікі святкуюць Вербніцу

28 сакавіка, у апошнюю нядзелю Вялікага посту, каталіцкі Касцёл святкуе ўрачысты Ўваход Езуса Хрыста ў Іерусалім, ці Вербную Нядзелю.

Дарослыя і дзеці зэльвенскай парафіі зранку сабраліся на прыкасцельнай пляцоўцы, каб разам распачаць святкаванне пасхальнай містэрыі, а таксама перажываць уваход Хрыста ў Іерусалім, які там памёр і ўваскрэс.

Згодна Евангеллю, іудзэі сустрэлі Езуса, як месію, вялікага пророка і цудатворцу, усцілаючы Яму дарогу пальмавымі галінкамі і ўсклікаючы: “Гасанна, благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана. Благаслаўлёнае валадарства нашага Давіда, якое надыходзіць. Гасанна на вышынях!”.

Пасля ўспаміну аб далёкай падзеі, ксёндз Яцэк Маркель традыцыйна правёў пасвянчэнне ўпрыгожаных галінак вярбы, якія трымалі ў руках вернікі, сімвалізуючы сустрэчу Збаўцы.

Святочнае набажэнства прадоўжылася песнямі, у якіх праслаўляўся Хрыстус. Звычаем дадзенай урачыстасці з’яўляецца чытанне святога Евангелля паводле святога Лукі. Падчас якога кожны веруючы можа паразважаць над важнай евангельскай падзеяй, а таксама з выказвання Пана Езуса сваім вучням: “ Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрдны. Не судзіце, і не будуць вас асуджаць” зрабіць урок для сябе.

Пасля Вербнай нядзелі каталікі будуць перажываць Вялікі тыдзень, дні выпрабаванняў і цяжкіх пакут Езуса. З панядзелка і кожны наступны дзень будуць узгадваць апошнія падзеі зямнога жыцця Пана, кару Яго на крыжы, і ўжо ў суботні вечар збяруцца ў святыні, каб праслаўляць Уваскрэсенне Хрыста.

А пакуль зэльвенцы радуюцца Ўваходу Хрыста ў Іерусалім, сцёбаюць адзін аднаго асвечанымі галінкамі, прыгаворваючы: “Не я б’ю, вярба б’е, за тыдзень – Вялікдзень”. І нясуць дамоў галінкі, як абарэг ад дрэннага і благога.

Марына Сіцько, парафіянка касцёла Святой Тройцы:

–Прыгожае веснавое свята, калі можна сабрацца ўсёй сям’ёй, сустрэцца са сваякамі, выказаць найлепшыя пажаданні. Букецікі з вярбы, акропленыя святой вадой, захоўваем на працягу года. Тым самым верым, што сімвал свята ахоўвае нас, наш дом.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены