Зэльвенскія каталікі святкуюць нараджэнне святога Яна Хрысціцеля
Імёны двух асоб – Яна Хрысціцеля і Езуса Хрыста – неразрыўна звязаны паміж сабой. Кожны пабожны чалавек шануе пасрэдніка Пана Бога і складае свае малітвы да яго. Свае просьбы і падзякі выказвае і ў святочны дзень.

Урачыстасцю з нагоды нараджэння Яна Хрысціцеля Касцёл завяршае актаву Божага Цела. У гэты дзень у зэльвенскай парафіі прынята благаслаўляць зёлкі, лекавыя, духмяныя травы, палявыя кветкі. На імшу вернікі прыходзяць з прыгожымі букецікамі і вяночкамі.


Святочнае набажэнства, напоўненае духоўнымі разважаннямі, малітвамі і спевамі, узначаліў ксёндз Аляксандр Рудзевіч. Яму саслужыў мясцовы святар пробашч Яцэк Маркель. Слухаючы ўрыўкі са Святога Пісання, зэльвенцы разважаліся над пачутымі словамі, дзякавалі Богу за штодзённыя дары, а таксама за прыроднае багацце – багатыя палеткі, наліўное калоссе, квітнеючыя лугі.




Завяршаючы імшу, святар зачытаў спецыяльнае благаслаўленне на прынесеныя вянкі, сплеценыя з першых кветак, розныя травы: “Просім Пана Бога, каб сваёй усемагутнай апекай захаваў палі, лугі і лясы, абараніў іх ад знішчэння і іншых перашкод, каб першыя плады сёлетняга года былі захаваны ад розных перашкод і прыносілі радасць і карысць чалавеку”. А затым акрапіў іх святой вадой.




– Людзі старэйшага пакалення захоўваюць гэтую традыцыю, – разважае Ганна Каятанаўна. – І вельмі прыемна, што яе падтрымліваюць больш маладзейшыя, дзеткі. У гэты дзень асвячаюцца розныя травы, сярод якіх можа быць і рамонак, трыпутнік, піжма, палын, бяссмертнік. Але адно з галоўных месцаў займае мята. Я помню з даўніх часоў, што ў вяночку абавязкова павінна прысутнічаць мятная галінка. Яе водар заспакойвае, пах зачароўвае. Наогул, высушаныя травы можна заварваць, як чай, некаторыя захоўваць, як абарэг. Усё рабіць з малітвай да Пана Бога, і Ён будзе заўсёды побач.

Людміла ПОПКА
Комментарии отключены