Зэльвенскія каталікі пачынаюць калядны пост

З 28 лістапада каталіцкі Касцёл распачынае перыяд посту – час, за які вернікі годна падрыхтуюцца да свята Божага нараджэння.

Галоўнай мэтай чатырох тыдняў Адвэнту з’яўляюцца духоўнае разважанне і шчырая малітва. Сёлета настаяцель касцёла Святой Тройцы г.п. Зэльва ксёндз Яцэк Маркель прапанаваў парафіянам падрыхтаваць да нядзельнай імшы спецыяльныя адвэнтовыя вяночкі, упрыгожваннем якіх сталі чатыры свечкі. На кожны тыдзень малітвы – асобна запаленая свечка.

У звароце да каталікоў пробашч звярнуў увагу на тое, каб яны знаходзілі кожны дзень час для размовы з Богам. Для гэтага многага не трэба: толькі на некалькі хвілін адказацца, напрыклад, ад прагляду тэлеперадач ці серыялаў, інфармацыі ў інтэрнэце, таго, што патрабуе шмат часу і ўвагі і тым самым перашкаджае засяродзіцца на малітве. Немалаважна таксама выбраць для сябе важныя рэчы – пастановы і прытрымлівацца іх на працягу посту.

У пастырскім лісце біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, які святар зачытаў зэльвенцам, акцэнт быў зроблены на тое, што Адвэнт веруючаму чалавеку патрэбен для таго, каб абудзіцца да новага жыцця, паглядзець вакол сябе другімі вачамі, паразважаць над сваім удзелам у Эўхарыстыі. Менавіта святая імша духоўна абагачае, змяняе знутры і становіцца часам вялікай падзякі Пану за тое, што Ён стварыў для чалавецтва.

Варта на імшы, падчас малітвы, быць разам з Богам, у гэтыя моманты не думаць аб паўсядзённых клопатах і справах, клапаціцца над вырашэннем будзённых праблем, – гаварылася ў лісце. – Малітва павінна стаць з’яднаннем з Айцом. Таксама вельмі важна супольная малітва – у касцёле, у сям’і. Адвэнт – гэта добры перыяд, каб адкрыць свае сэрцы для дабра і міласэрнасці, для канкрэтных спраў, накіраваных для тых, хто патрабуе ласкі, увагі і клопату.

Завяршылася нядзельная імша пасвячэннем адвэнтовых вяночкаў, свечак і аплатак. З сённяшняга дня распачынаюцца раратныя працэсіі. Сімвалічна напачатку літургіі дзеці будуць несці запаленыя ліхтарыкі і свечкі, як знак гатоўнасці да прыходу Хрыстуса.

Найперш варта кожнаму з нас усвядоміць: колькі часу мы прысвячаем таму, каб памаліцца перад абразамі, паразмаўляць з Богам, – кажа парафіянка Ядзвіга Цярэшка. – І пост – гэта той час, які неабходна правесці ў цішыні і спакоі, бліжэй да Бога. Вельмі ўраджвае, што яшчэ адна добрая традыцыя з’явілася ў нашым касцёле – асвячэнне адвэнтовых вяночкаў са свечкамі. Яны на працягу чатырох тыдняў будуць служыць напамінам аб тым, што пара прысесці і ў малітве паразважаюць аб сваіх духоўным жыцці, яго сэнсе.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены