Зэльвенскія каталікі адзначаюць свята Ахвяравання Пана, ці Грамніцы

2 лютага па традыцыі веруючыя каталіцкага веравызнання ўзгадваюць евангелійскія падзеі, калі Панна Марыя і святы Юзэф, выконваючы загад Месіі, прынеслі свайго народжанага Сына ў святыню Іерусаліма, каб ахвяраваць Яго Пану. У свята Ахвяравання Пана ў касцёлах праходзяць святочныя набажэнствы. Не засталіся ў баку ад урачыстасці і парафіяне касцёла Святой Тройцы ў Зэльве.

На пачатку святой імшы хрысціяне запалілі свечкі як сімвал таго, што адчыняюць свае сэрцы насустрач Пану, “запальваюць” святло Хрыстовае, якое перамагае цемру ў свеце, у сваіх сэрцах. Таксама свечкі сімвалізуюць Марыю, у душы якой гарыць святло ласкі, веры, надзеі і любові да свайго Сына.

Пасля таго, як святар благаславіў і асвяціў свечкі, пачаліся супольная малітва і разважанні над Словам Божым. Гучалі прыгожыя песні, у якіх праслаўлялася Найсвяцейшая Панна Марыя і Сын Божы.

У гэты дзень да каталікоў даслаў свой зварот біскуп Аляксандр Яшэўскі. У лісце ён адзначыў, што заўсёды 2 лютага адзначаецца яшчэ і Дзень кансэкраванага жыцця. Яго сэнс у тым, каб аддаць даніну павагі і разам памаліцца за асоб, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу ў розных манаскіх ордэнах і кангрэгацыях, свецкіх інстытутах.

Сваім жыццёвым прыкладам кансэкраваныя асобы паказваюць, як можна поўнасцю прысвяціць сябе Богу, – гаварылася ў пісьмовым звароце адказнага за інстытуты кансэкраванага жыцця і таварыствы апостальскага жыцця пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.Яны – увасабленне нябачнага чалавеку Хрыста, Яго голасу, рук і сэрца. Яны стараюцца паказаць чалавеку, як можна духоўнае жыццё зрабіць насычаным і поўным, яркім і прыгожым. Іх сардэчная малітва, паўсядзённае жыццё ў святынях павінна вучыць нас набліжацца да Езуса, быць шчырымі перад Ім, светам і самым сабой, умацоўваць супольнасць Касцёла, натхняць на ўдзел ў набажэнствах, прыняцце святой камуніі.

У завяршэнні імшы ксёндз Яцэк пажадаў зэльвенцам маліцца за такіх асоб, а таксама захоўваць у сваіх сэрцах святло Езуса.

Парафіянка Анжэла Мачок кажа:

У Год гістарычнай памяці вельмі важна аднавіць і захаваць духоўную спадчыну і рэлігійныя традыцыі, якія існавалі і перадаваліся ад пакалення да пакалення. Нашы бабулі і дзядулі, бацькі асвечаныя грамнічныя свечкі запальвалі падчас маланкі і грому, абносілі свечкай пакоі і дом у час моцнага ветру, навальніцы. Звярталіся з просьбамі і малітвамі да Панны Марыі, каб яна ўратавала сям’ю ад небяспекі і стыхіі. Зараз мы вельмі рэдка ўзгадваем пра свечку. Хіба толькі, калі непагадзь ці цяжкія абставіны.

Ведаю, што запаленую грамнічную свечку даюць у рукі паміраючаму чалавеку, каб Найсвяцейшая Панна прывяла яго душу ў неба.

А, наогул, лічу, што свечка – жывы агеньчык Пана, і маліцца, запаліўшы яе, можна ў любы час.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены