Зэльвенскія каталікі адзначаюць 100-годдзе з дня нараджэння Яна Паўла II

У панядзелак, 18 мая, хрысціяне-каталікі адзначаюць 100-годдзе з дня нараджэння Яна Паўла II. Зэльвенскія вернікі не засталіся ў баку ад важнай падзеі і праз малітву выказалі ўдзячнасць Пану Богу за святога біскупа Рыма.

Падчас нядзельнага набажэнства ў сваім слове да парафіян настаяцель касцёла Святой Тройцы Яцэк Маркель засяродзіў увагу на асобе Вялікага Папы. Пробашч расказаў, што яму пашанцавала ў юнацкія гады, калі стаяў перад выбарам далейшага жыццёвага шляху, сустрэцца з Папам і быць ім благаслаўлёным.

– Гэта было, калі Пантыфік прыехаў у Прагу для спаткання з вернікамі. Мне і маім сябрам вельмі хацелася здзейсніць пілігрымку і мы выпрасілі дазвол у бацькоў на паездку. Да святой Імшы заставаўся вольны час, які я выкарыстаў для экскурсіі па горадзе. Я трапіў на цэнтральную плошчу, дзе ў храме прыходзіла сустрэча Яна Паўла са святарамі, якіх было не вельмі шмат. Далей так атрымалася, што пасля размовы мне ўдалося знаходзіцца непадалёк ад Яна Паўла, які асабіста мяне паблагаславіў. Тыя абставіны пераканалі мяне ў тым, што я буду ксяндзом і буду абвяшчаць Божае слова.

Напрыканцы Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту. Святар разам з вернікамі памаліліся літаннем да святога Яна Паўла II і прычыталі малітву аб яго заступніцтве, а таксама дапамозе перажыць складаныя выпрабаванні, у тым ліку і пандэмію.

Ксёндз Яцэк нагадаў, што 2020 год Каталіцкім Касцёлам абвешчаны годам святога Яна Паўла II і заахвоціў вернікаў далучацца да малітвы з дапамогай сучасных сродкаў камунікацыі (анлайн-трансляцый, на канале “Радыё Марыя”, у групе “Зэльвенскі касцёл” у Viber). У храме ўсталявала фігура Святога Папы, маюцца яго выявы (адна з якіх перададзена асабістым сакратаром Яна Паўла ў падарунак зэльвенскаму касцёлу), перад якімі прыхаджане маюць магчымасць маліцца.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены