Зэльвенскія гімназісты сабралі калекцыю навагодніх цацак і паштовак

З дапамогай яскравых экспанатаў можна перанесціся ў далёкае мінулае і прасачыць гісторыю развіцця упрыгожванняў.

14 студзеня прынята адзначаць Стары Новы год – рэдкі гістарычны  феномен, дадатковае свята, якое ўзнікла па прычыне змены Юліянскага календара на Грыгарыянскі. Гэта выдатная нагода перанесціся ў далёкае мінулае і прасачыць гісторыю развіцця упрыгожванняў, успомніць, як прыбіралі ёлку раней. Зрабіць гэта дапаможа анлайн-экспазіцыя «Навагодні вінтаж», якая працуе на сайце гісторыка-краязнаўчага музея гімназіі. Дарэчы, дадзеная экспазіцыя адзначана дыпломам 1 ступені падчас абласнога віквізу «Чытаем гісторыю па ёлачных цацках», які прайшоў у снежні мінулага года.

Аснову калекцыі склалі навагоднія цацкі і паштоўкі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў сем’ях вучняў і настаўнікаў гімназіі.

Цікава, што ў 19 стагоддзі можна было купіць ужо ўпрыгожанае дрэва. Вы думаеце, што для гэтага патрэбна было адправіцца ў краму з цацкамі? А вось і не здагадаліся! Такія ёлкі  прадаваліся ў кандытарскіх, і былі яны дэкараваны рознымі прысмакамі: садавінай, пернікамі, цукеркамі…

А яшчэ, як сведчаць дакументальныя крыніцы, у багатых сем’ях ёлкі ўпрыгожваліся ні многа ні мала ювелірнымі вырабамі! Хутчэй за ўсё, шкляныя каралі, якія мы сёння вешаем на ёлку, – гэта своеасаблівы  водгалас такога «ювелірнага» дрэва.

Прадстаўлены ў навагодняй калекцыі і цацкі з ваты, якія сталі найбольш папулярнымі пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі не хапала матэрыялу для вырабу шкляных цацак. Падатлівы, зручны ў працы матэрыял дазваляў вырабляць вялікую колькасць сюжэтных цацак.

Ёсць у экспазіцыі і сучасныя цацкі з ваты, зробленыя па колішніх узорах. Іх стылізавалі і перадалі ў музей вучаніца 2 класа Вераніка Яскевіч і яе бабуля Таццяна Аляксандраўна.

Як бачым, традыцыі не губляюцца. Беражліва захоўваюцца не толькі матэрыяльныя каштоўнасці, але і сам дух Новага года і Каляд. Але ж не будзем раскрываць усе сакрэты! Аб гэтым і многім іншым з гісторыі ёлачных цацак вы даведаецеся, калі наведаеце анлайн-экспазіцыю і запусціце відэаэкскурсію «Навагодні вінтаж». Для гэтага пераходзьце па спасылцы.

Прыемнага вам падарожжа ў мінулае!

Наталля Ступчык

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены