Зэльвенскія дзеці прыступілі да Першай Святой Камуніі

Вераснёўская нядзеля значная і ўрачыстая для зэльвенскіх вернікаў: 8 дзяўчынак і 6 хлопчыкаў першы раз прынялі ў сваё сэрца Езуса Хрыста ў сакраманце Эўхарыстыі.

Святочная атмасфера на пляцоўцы каля касцёла Святой Тройцы панавала задоўга да пачатку імшы. Разхваляваныя бацькі давалі апошнія наказы сваім дзецям.

У прыгожым белым убранні моладзь абменьвалася ўражаннямі. Чацвёракласнік Арсеній Мекеня прызнаўся, што гэты дзень вельмі чакаў, так як з-за пандэміі ўрачыстасць сёлета перанеслі з мая на больш позні час:

– І вось свята настала, калі ў акружэнні сваіх бацькоў, хросных і родных я буду першы раз прымаць у выглядзе аплаткі цела Езуса Хрыста. Прашу ў Бога, каб Ён ніколі не пакідаў мяне.

–У суботу разам з тымі, хто рыхтаваўся да Камуніі, я прыступіў да першай споведзі, каб з чыстым сэрцам прыняць Бога, – кажа Улад Камякевіч. – Хачу заўсёды быць пад Яго апекай.

Ксёндз Яцэк Маркель, прывітаўшы маленькіх парафіян, пажадаў ім шчыра і з адкрытымі сэрцамі сустрэць Пана Бога і з верай ісці па жыцці. Пад сонечнымі промнямі бацькі благаславілі сваіх сыноў і дачок, якія затым урачыстай працэсіяй увайшлі ў святыню.

На працягу імшы ўся ўвага была скіравала на першакамунійных дзяцей. Яны былі галоўнымі асобамі ў чытанні Евангеліі, у прызнанні вызнання веры, у працэсіі дароў, у падзяках святару, настаўніцы катэхезічных заняткаў, бацькам, парафіянам старэйшага пакалення і ўсім тым, хто іх акружаў і прывёў да веры.

Са словамі: “Езус, прыйдзі ў маё сэрца. Адары сваёй ласкай і асвяці сваім аблічам” прыгожыя падлеткі падышлі да святара, каб прыняць Святую Камунію.

Пасля супольнай малітвы ксёндз уручыў кожнаму першакамунійнаму дзіцяці хлеб, як знак белай аплаткі: “ Слова “хлеб” абазначае чысціню і дабрыню. Я хачу пажадаць вам быць чыстымі і добрымі, як Пан Езус. І прапаную ў знак таго, як Пан Езус дзяліўся хлебам са сваімі вучнямі, так і вы за святочным сталом падзяліцеся за сваімі роднымі і блізкімі кавалачкамі”.

Сярод пажаданняў святара прагучалі пажаданні працягваць наведваць урокі рэлігіі, вывучаць Божае Слова, рэгулярна ўдзельнічаць ў імшы для школьнікаў і быць годнымі вернікамі зэльвенскай парафіі.

–Час падрыхтоўкі да Першай Камуніі стаў для дзяцей тым перыядам, калі мы разам з імі разважалі над вялікім Божым Дарам, – прызнаецца бабуля двух унукаў Тамара Красніцкая. – Бо самае галоўнае для кожнага чалавека быць духоўна багатым. Менавіта Святая Камунія і з’яўляецца нашым духоўным пасілкам,  а вера – нашай каштоўнасцю і фундаментам жыцця.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!