Зэльвенскі Свята-Троіцкі храм: мінулая гісторыя і cённяшняе жыццё

Поселение древнее здесь,
на землях на западных,
Расцвело гордо-молодо
неподвластно векам!
В центре Зельвы возвысился
красотой необычною
С мелодичной звонницею
Свято-Троицкий храм…

Е.Кароза

Помнік гісторыі і архітэктуры

Зэльвенская царква Святой Жываначальнай Троіцы – помнік архітэктуры класіцызму і рэтраспектыўна-рускага стылю. Па форме – падоўжаны прамавугольнік з паўкруглай апсідай. Да галоўнага фасада дабудавана двухярусная чатырохгранная званіца. Яе чатырохсхілы дах завершаны макаўкай.

Фасад расчляняецца арачнымі аконнымі праёмамі. Ліштвы (планкі вокнаў аконнага праёму) плоскія, з замковым каменем, што характэрна для стылю класіцызму.

Зала царквы ўвенчана плоскай столлю, над уваходам створаны хоры з разным парапетам (таксама прыкмета класіцызму). Апсіда вылучана мураваным іканастасам, мае выгляд класічнага порціка.

Згодна з пісьмовым згадваннем храм быў пабудаваны ў 1815 г. па праекце архітэктара Аляксандра Градзецкага на фундаменце старажытнай драўлянай праваслаўнай царквы 1434-га (па другіх крыніцах – 1443-га) года. Будаваўся храм для патрэб уніятаў, і толькі ў 1904–1909 г.г. быў пабудаваны для праваслаўных вернікаў. Сродкі выдзеліў Сінод, частку сабралі прыхаджане па просьбе святара Іосіфа Янкоўскага. Тады ж па праекце І.К.Плотнікава была дабудавана званіца, а ў 1910 годзе епіскап Міхаіл асвяціў усю забудову. Значыць, калі прыняць за дату першапачатковай пабудовы царквы 1434-ы год, хутка можна будзе гаварыць аб шасцісотгоддзі існавання намоленага тысячамі хрысціян месца ў цэнтры сучаснай Зэльвы!

Легенды вакол храма

Вакол узнікнення будынка існуюць і легенды. Некоторыя лічаць, што ён перабудаваны з… тэатра. Уладальнік Дзярэчына Аляксандр Міхаіл Сапега ў 1793 годзе аформіў завяшчанне, у якім абавязваў сына Францішка перабудаваць у хрысціянскі храмдзеючы ў Зэльве падчас Ганненскіх кірмашоў тэатр. На карысць гэтай гіпотэзы гаворыць геаграфічнае размяшчэнне храма адносна старон свету. Звычайна праваслаўныя святыні будаваліся алтаром на ўсход, а ў нашым выпадку галоўная частка храма – на поўдні.

Маленькія пакойчыкі за алтаром прыхільнікам гэтай легенды нагадваюць грымёркі для артыстаў. Ды і вонкава выгляд царквы не надта нагадвае класічную культавую забудову. Выразна вылучаюцца дзве часткі будынка. Уваход і званіца маглі належаць храму, а вось другая частка вельмі нагадвае гаспадарчую пабудову, якая і магла быць прыстасавана для патрэб заезджых акцёрскіх труп.

Існуе легенда і наконт убранства царквы: як бы частка ікон калісьці належала Бярэжкаўскай царкве, зруйнаванай да падмурка. Усё гэта вельмі цікава само па сабе, але ці адпавядае рэчаіснасці? – Тут слова – за маладымі даследчыкамі, якія некалі зоймуцца разгадваннем такіх гіпотэз.

Рэліквіі храма

Святары і прыхаджане ганарацца прысутнасцю ў храме цудадзейных ікон: храмавай іконы Прасвятой Троіцы і дакладнай копіі з арыгінала цудадзейнага абраза Ціхвінскай Маці Божай. Яны былі падараваны царкве ў 1867 годзе асабіста імператарам Аляксандрам ІІ. Каля іх заўсёды шмат вернікаў, якія звяртаюцца са сваімі асабістымі просьбамі і да Святой Троіцы, і да Маці Божай, шчыра верачы, што іх малітвы будуць пачуты. І хіба можа быць інакш?! – Паводле падання, Ціхвінская ікона была напісана святым апосталам Лукой, у Расію трапіла цудоўным вобразам: яе заўважылі рыбакі Ладажскага возера, потым – на рэчцы Ціхвінцы каля г. Ціхвіна, дзе і спынілася ікона-падарожніца.

А хіба не страпянецца сэрца каля звана з такім надпісам: “Колокол 1880 года, 26 августа, изделие Дениски и Марка Саковича и прихожан”?!
…Ёсць над чым задумацца і ў храме, і вакол яго нават не дужа дасведчанаму чалавеку.
з прыходам – назаўсёды

За час існавання храма ў ім верай і праўдай служыла шмат святароў. Яны сведкі розных гістарычных падзей і, напэўна, прыклалі шмат намаганняў для павяртання зэльвенцаў у праваслаўную веру. Хутчэй за ўсё стваралі і летапіс сваіх прыходаў, бо яшчэ ў 1866 годзе свяцейшы Сінод выдаў Указ, паводле якога святары абавязваліся весці дзённікі-летапісы. Мэта была вельмі далёка накіравана: ствараць гісторыю Царквы і Айчыны. Епархіяльныя “Ведомости” надрукавалі прыкладны план, што павінна быць адлюстравана ў гэтых дзённіках-справаздачах.

Свой спачын на тэрыторыі храма знайшлі некалькі святароў. На жаль, надпісы вельмі недасканалыя, не хочацца дадумваць незразумелае. А вось з добра чытальнага адзначым.

Да 1904 года ў храме служылі айцы Міхаіл Дзмітрыевіч Губараў і Мікалай Міхайлавіч Смірноў. Смірноў быў намнога маладзейшы і, відаць, быў памочнікам Губарава. А вось памерлі абодва ў адным і тым жа 1904-ым годзе (Смірноў нават крыху раней за старэйшага).

Вядома, вельмі добра дагледжана магіла Івойлавых – святара і матушкі. Зэльвенцы памятаюць і пратаіерэя Валянціна, і яго памочніцу Кацярыну, бо жылі і працавалі яны зусім нядаўна, ужо ў 21-ым стагоддзі.А вось пратаіерэй Давыд Якабсан, што служыў у зэльвенскай царкве ў 20-30-ыя гады мінулага стагоддзя, спачыну каля царквы не мае. Лёс яго вельмі трагічны, і зэльвенцы павінны ведаць хоць асноўныя вехі яго біяграфіі.
Нарадзіўся айцец Давыд у 1868 годзе, Рыжскую духоўную семінарыю скончыў у 1901 годзе. Служыў псаломшчыкам у царкве вёскі Скрудаліна Рыжскай епархіі. У 1902 г. рукапаложаны ў сан іерэя і прызначаны святаром Сасінскай царквы Брэсцкага павета. У 1903 г. пераведзены на пасаду настаяцеля царквы ў Самагруд Сакольскага павета (зараз у Польшчы). У 1915-ым – настаяцель Праабражэнскай царвы в. Коматава Гродзенскага павета.

У маі 1919 года прымаў удзел у хрэсным ходзе ў Гродна. У 1920-ым як настаяцель Пакроўскай царквы ў мястэчку Скідзель абараняў храм ад канфіскацыі польскімі ўладамі. Апошняе месца службы – Зэльвенская Свята-Троіцкая царква. 17 верасня 1939 года арыштаваны мясцовымі актывістамі. Больш за тыдзень яго ўтрымлівалі ў каменным падвале без ежы, здзекаваліся і катавалі. 29 верасня без усякага суда расстраляны. Пахаваны разам з іншымі расстралянымі ў той дзень (у тым ліку з ксяндзом касцёла Святой Троіцы Янам Крынскім) каля в. Варонічы. Зараз там устаноўлены помнік.

Сённяшняе жыццё храма

У кастрычніку 1989 года дзякуючы палітыцы перабудовы і святкаванню 1000-годдзя хрысціянства на Русі ў нашай рэспубліцы быў створаны беларускі экзархат – Беларуская праваслаўная царква. У склад Гродзенскай епархіі ўвайшлі 8 благачынных акруг, у тым ліку і Зэльвенскае благачынне.

Закончыліся ганенні на святароў і вернікаў, пачалася зусім другая эпоха ў жыцці хрысціян. У 2008 годзе пачалася вялікая работа па падрыхтоўцы храма да 100-гадовага юбілею. Як расказаў нам пратаіерэй Георгій Субаткоўскі, вялікую дапамогу ў рэканструкцыі храма аказалі абласны і раённы выканаўчы камітэты, арганізацыі і прадпрыемствы раёна, прыхаджане. Дні і месцы напружанай працы прынеслі цудоўны вынік. Вельмі ўдзячны айцец Георгій Генадзю Генадзьевічу Панасіку, які рабіў разлікі для надбудовы званіцы, старасце прыхода Ларысе Георгіеўне Клімуць, якая штодзённа арганізоўвала людзей на пасільную працу, многім-многім зэльвенцам. Зараз у храме не сорамна прыняць самых паважаных гасцей.

Незабыўнай падзеяй стала для праваслаўных вернікаў Зэльвы ХV Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга. Тады, у верасні 2008 года, удзельнікі экспедыцыі наведалі і зэльвенскі храм. Усіх сабраных айцец Георгій благаславіў Загор’е-Сталавіцкай іконай Пакрова Прасвятой Багародзіцы. А колькі вернікаў сабрала Цудатворная ікона Божай Маці Пясчанскай у канцы 2009-га года! Два дні была яна ганаровай госцяй праваслаўных хрысціян Зэльвы. Гэта адзін са спіскаў Казанскай іконы, вельмі шануемай веруючымі ўсіх канфесій. У гады Першай сусветнай вайны яна была прывезена на нейкі час у Магілёў, у Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. І пакуль там знаходзілася, ні адна бітва не закончылася паражэннем рускіх воінаў.

…Выхаванню дружнай малітоўнай сям’і прыхаджан айцец Георгій надае вельмі вялікае значэнне. Не так даўно арганізаваў пабудову будынка нядзельнай школы. Там з дзеткамі займаюцца яго верная памочніца – матушка Наталья і дзве прыхаджанкі – Наталля Глушэня і Вольга Ганжына). На працягу трох гадоў у гульнёвай форме дзеці спасцігаюць азы веры, наталяюць душу Божым словам. Рыхтуюць сцэнкі да дзён Божага Нараджэння і Вялікадня, наведваюць іншыя святыні раёна. Не застаецца “без нагляду” святара і моладзь. Асабліва часта сустракаюцца хлопцы і дзяўчаты летам: у час епархіальнага экалагічнага злёту праваслаўнай моладзі, які праходзіць на тэрыторыі прыхода храма Святой Жываначальнай Троіцы, калі рыхуюцца да Каложскіх песнапенняў і іншых мерапрыемстваў.

“Няхай насенне благадаці заўсёды знаходзіць добрую глебу”, – жадае сваім прыхаджанам айцец Георгій.

Яніна Шматко

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены