Зэльвенцы падчас Эўхарыстычнай працэсіі па вуліцах райцэнтра ўшанавалі Божае Цела

Малітвы да Пана Езуса, прыгожыя спевы касцельнага хору і вернікаў у нядзелю гучалі на вуліцах Зэльвы. Так парафіяне касцёла Святой Тройцы прызнаваліся ў веры і ўшаноўвалі Найсвяцейшае Цела і Кроў Хрыста.

Святую імшу ўзначаліў ксёндз Яцэк Маркель не як заўсёды, у святыні, а па даўно існуючай у населеным пункце традыцыі – каля фігуркі Пана Езуса. Разам са святаром маліліся дзеці-першакамунійцы, моладзь, міністранты і лектаркі, сем’і вернікаў, старэйшае пакаленне.

Каб ушанаваць устаноўлены Хрыстом Найсвяцейшы Сакрамэнт ва ўрачыстай цэрэбрацыі працэсія пайшла вуліцамі пасёлка далей, да абраза Сэрца Маці Божай. Звон званочкаў, гучныя песні, малітоўныя словы давалі ўсім жыхарам і гасцям пасёлка зразумець, што так каталікі праслаўляюць Божае Цела.

Прачытаўшы каля алтара-стацыі ўрывак з Евангелля, веруючыя людзі накіраваліся за крыжам, за Найсвяцейшым Сакрамэнтам да абраза Сэрца Пана Езуса. Слухаючы словы святара, кожны меў магчымасць паразважаць над наступнай таямніцай веры.

Яшчэ 3 чэрвеня, калі вернікі адзначалі ўрачыстасць Божага Цела, ксёндз Яцэк зазначыў, што чалавек, які прымае Цела Хрыста, аддае сваё жыццё ў рукі Пана. Той, хто прымае Камунію ўсім сэрцам, абагачае сваю душу сілай Божай. Такі сэнс мела і нядзельная імша, якая пасля працэсіі адбывалася ў храме. Зэльвенцы дзякавалі Богу за Яго прысутнасць і дапамогу ў штодзённых справах, перапрашалі за грахі і прасілі святых аб далейшай апецы, абароне і дапамозе на жыццёвым шляху.

Пасля імшы ксёндз Яцэк Маркель падзякаваў усім, хто змог прыняць удзел у працэсіі, а таксама тым, хто прыгатаваў стацыі-абразы. Святар падкрэсліў, што абразы Сэрца Маці Божай і Сэрца Пана Езуса захоўваюцца ў святыні не адзін дзясятак гадоў і маюць не толькі векавую гісторыю, але і моцную сілу. Пробашч пажадаў, каб наша мястэчка, дамы жыхароў, сэрцы вернікаў заставаліся месцамі, дзе заўсёды прысутнічае Бог.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены