«Залаты» выпуск Наталлі Ступчык. Зэльвенская настаўніца распавяла, як склалася жыццё яе былых вучняў

У канцы чарговага навучальнага года звычайна прынята гаварыць пра адзінаццацікласнікаў, за плячыма якіх застаецца школа і перад якімі расчыняюцца дзверы ў новае жыццё. Журналісты бяруць інтэрв’ю ў найбольш паспяховых вучняў, якія дзеляцца сваімі планамі на будучае, марамі і надзеямі. А мне б хацелася ўзгадаць тых, хто ўжо прайшоў выпрабаванне каледжамі, інстытутамі і ўніверсітэтамі. І чые планы ўжо сталі рэальнасцю.

2015 год большасці запомніўся, напэўна, як год выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А для мяне ён стаў знамянальным не толькі па гэтай прычыне: я выпусціла свой любы 11 “А” клас СШ №2, з якім мы былі разам на працягу сямі гадоў. Дваццаць пяць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сёння ўжо зусім дарослыя і на сустрэчы з якімі кожны год я іду з хваляваннем і радасцю.

Усе, хто ведаў іх тады, не дадуць мне адысці ад праўды: гэта быў вельмі моцны ў плане вучобы, згуртаваны калектыў аднадумцаў. Яны былі актыўнымі ўдзельнікамі алімпіяднага руху, паспявалі праявіць сябе ў разнастайных конкурсах і канферэнцыях, не забываліся пра грамадскае жыццё, з радасцю станавіліся валанцёрамі, мелі актыўную жыццёвую пазіцыю і ўваходзілі ў кіруючыя органы грамадскіх аб’яднанняў. Сярод іх былі і добрыя спартсмены, і выдатныя спевакі, і лідары вучнёўскіх арганізацый, пра якіх неаднаразова пісалі на старонках газет.

Бязносік Антон, Кудзелька Раман, Панасік Карына, Новік Таццяна, Сёмуха Дзмітрый, Шарснёў Аляксандр, Якімовіч Максім атрымалі разам з атэстатам граматы за актыўны ўдзел у спартыўным і грамадскім жыцці школы. Таксама Іскра Таццяна, Новік Таццяна і Сёмуха Дзмітрый былі адзначаны па выніках удзелу ў грамадскім і спартыўным жыцці раёна.

Чатыры вучні класа (Бурдук Наталія, Мацкевіч Алеся, Кудзелька Раман, Рагоўскі Яўгеній) былі ўзнагароджаны залатымі медалямі. Ды і па тэсціраванні ў той год сярэдні бал па беларускай, рускай і ангельскай мовах, хіміі, біялогіі, грамадазнаўству ў нашым класе быў вышэйшы за абласны паказчык. Самы высокі бал па рускай мове сярод вучняў раёна атрымала Панасік Карына, па хіміі – Рагоўскі Яўгеній. Адны з самых высокіх паказчыкаў былі ў Мацкевіч Алесі па беларускай і ангельскай мовах, Кудзелькі Рамана – па фізіцы, Панасік Карыны – па біялогіі і матэматыцы.

17 вучняў класа паступілі ў ВНУ, дзе паспяхова навучаліся на бюджэтнай аснове. Свае найлепшыя якасці яны здолелі праявіць і падчас вучобы пасля школы. Былыя адзінаццацікласнікі актыўна ўключыліся ў грамадскае жыццё ўстаноў, якія сталі для іх чарговым домам, і паказалі свае арганізатарскія і чалавечыя здольнасці ў якасці прафоргаў, на пасадах стараст груп і патокаў, на турзлётах, канферэнцыях і форумах.

Сёння некаторыя з іх ужо працуюць не першы год, вялікая колькасць тых, хто адправіўся на сваё першае месца працы. Патрэбна адзначыць, што большасць паспяхова сумяшчала і вучобу, і работу, таму праблема размеркавання для іх фактычна не стаяла. Хтосьці змяніў сямейны статус і ўжо называецца мамай або татам. Хтосьці паспеў аддаць абавязак Радзіме ў радах Узброеных Сіл. Сярод былых школьнікаў і студэнтаў – медыкі, фармацэўты, юрысты, спецыялісты мытнай службы і сферы ІТ, эканамісты, тэхнолагі, ваенныя… Усіх і не пералічыць.

Усе тыя, хто актыўна праяўляў сябе падчас навучання ў школе, і сёння не згубіліся ў жыццёвым віры. Высокія паказчыкі ў вучобе, мэтанакіраванасць і працаздольнасць дазволілі медалістам ажыццявіць свае мары.

Бурдук Наталія паспяхова скончыла БГУ па спецыяльнасці “Фармакалогія” і з’яўляецца хімікам у аддзеле кантролю якасці РУП “Белмедпрэпараты”. Зараз у яе новая мара – працуючы ў цэху проціпухлінных прэпаратаў, вынайсці лякарства ад раку.

Кудзелька Раман таксама скончыў БГУ, толькі па іншай спецыяльнасці – “Прыкладная інфарматыка”. Але за гады вучобы хлопец зразумеў, што яму сумна ўвесь час праводзіць за камп’ютарам. Раману падабаецца працаваць не толькі галавой, але і рукамі. Сёння ён сумяшчае фізічную і разумовую працу, займаючыся дыягностыкай і рамонтам электрычных сістэм аўтамабіляў на СТА Garage у Мінску. Дарэчы, сярод водгукаў, якія пакідаюць кліенты гэтага СТА па вуліцы Магілёўскай, я не знайшла ніводнага адмоўнага. Мяркую, сваю акуратнасць і працавітасць Раман праяўляе і там.

Мацкевіч Алеся пасля заканчэння Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (факультэт кіравання інфармацыйнымі рэсурсамі) працуе інжынерам-праграмістам у кампаніі “А2 Кансалтынг”, якая займаецца распрацоўкай аналітычных сістэм. Дзяўчына адчувае сябе як рыба ў вадзе, будуючы мадэлі дадзеных і ствараючы дашборды для е-commerce і Retail.

А вось Рагоўскі Яўгеній усё яшчэ студэнт: ён прадоўжыў слаўную дынастыю медыкаў і зараз навучаецца ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, сумяшчаючы вучобу з працай.

Хацелася б адзначыць і тых, хто ў школе спыніўся ў некалькіх кроках ад медаля, але ж здолеў за гады вучобы ў ВНУ наблізіцца да высокай планкі і атрымаць Дыплом з адзнакай, ці, як кажуць у народзе, Чырвоны дыплом. Гэта Бязносік Антон які скончыў на выдатна Беларускі інстытут правазнаўства, дзе быў страстам групы і вёў актыўную навуковую работу. Сёння Антон Аляксандравіч (а менавіта так яго называюць на працы) з’яўляецца следчым Упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці. Таксама Федаровіч Анастасія, што працуе спецыялістам па кадрах Міжнароднай транспартнай кампаніі R-group пасля заканчэння вышэй названага Беларускага інстытута правазнаўства. А яшчэ Замалойка Яўгеній і Сёмуха Дзмітрый, якія не толькі ў школе сядзелі за адной партай, але і ў Ваеннай акадэміі таксама засталіся дружбакамі. Атрымаўшы дыпломы “на выдатна”, яны разам адправіліся на сваё першае месца працы – у 6-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду намеснікамі камандзіраў роты па ідэалагічнай рабоце.

Магчыма, такіх выпускнікоў праз пару гадоў стане больш, калі скончаць вучобу тыя, хто абраў для сябе пачэсную справу медыка (Рагоўскі Яўгеній, Качук Дзмітрый, Панасік Карына). Але ж я ўпэўнена, што галоўная прафесія для кожнай сапраўднай асобы – быць чалавекам. І вельмі прыемна бачыць, што прафесійнае самавызначэнне і сталенне ў гэтых маладых людзей ідуць поруч з цэльнасцю характару і высокімі маральнымі якасцямі. Жыццё – гэта пастаянная адаптацыя, працэс неперарыўнага абнаўлення. Змяняецца навакольны свет, тым самым патрабуючы зменаў ад нас. Моладзь павінна быць гатовай садзейнічаць рашэнню вострых праблем, з якімі сутыкаецца грамадства. Хочацца пажадаць і былым выпускнікам, і сённяшнім станоўчых вынікаў і высокіх дасягненняў, крэатыўных ідэй і бліскучых думак, пастаяннага натхнення і нязгаснага энтузіязму.

Р.S. І да пабачэння на чарговай Вечарыне сустрэч!

Наталля СТУПЧЫК

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены