З 29 лістапада пачынаецца Калядны пост

З розніцай усяго ў адзін дзень сёлета распачынаецца Вялікі Калядны пост у праваслаўных і каталіцкіх вернікаў. Тэрмінам у сорак дзён хрысціяне будуць рыхтавацца да свята Раства Хрыстова.

Падчас святой імшы ў касцёле Святой Тройцы ксёндз Генадзь Кухарэвіч назваў вялікае свята нараджэння Збаўцы своеасаблівым юбілеем, да якога трэба старанна рыхтавацца. І вельмі важная падрыхтоўка духоўная – праз веру і малітву. Час посту неабходна зрабіць ціхім разважаннем над сваімі словамі, учынкамі, справамі, сэнсам жыцця.

Зачытваючы пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на першую нядзелю посту, святар адзначыў, што сёлетні адвэнд мы перажываем у вельмі цяжкі для ўсяго чалавецтва перыяд пандэміі каронавіруса – перыяд выпрабавання:

– Мы не можам нармальна функцыянаваць. Не можам наведваць блізкіх, асабліва пажылых бацькоў, бабуль і дзядуль. Не можам адчуць цеплыні і радасці ад супольнага прыбыцця разам, а падчас літургіі не можам падаць адзін аднаму руку, перадаючы знак спакою, – гаворыцца ў лісце біскупа. – Мы здаем цяжкі экзамен, найперш у веры і надзеі, а ўжо потым – у любові да бліжняга, салідарнасці, адказнасці, чуласці да патрэбаў іншых. Неабходна разумець: усе выпрабаванні, перажыванні, канфлікты, а таксама адпачынак, прафесійныя справы, матэрыяльныя даброты часовыя і хутка прамінаюць. Мы не можам спыніць іх ход, не можам забраць з сабой. Зямное жыццё, канешне ж, вялікае дабро. Але трэба помніць, што існуе жыццё вечнае. І няма нічога важнейшага за яго. Не будзем адмаўляцца ад споведзі, калі зрабілі грэх, і паклапоцімся аб тым, каб наша духа пастаянна была чыстай і светлай.

У сваім звароце да каталікоў Аляксандр Кашкевіч выказвае таксама надзею на тое, што перыяд, калі многія пазбаўлены магчымасці наведваць касцёл, супольна маліцца, стане часам умацавання веры, надзеі, міласэрнасці.

Таксама быў зачытаны зварот каталіцкіх біскупаў Беларусі, якія заахвочваюць хрысціян маліцца за хуткае і мірнае вырашэнне грамадска-палітычнага крызісу, за мір і спакой у нашай краіне.

На працягу імшы зэльвенцы шчыра маліліся, каб жыць згодна з Божымі запаведзямі, у згодзе, узаемнай павазе і разуменні, а таксама годна падрыхтавацца да сустрэчы з народжанным Езусам.

Богаслужэнне завяршылася адной з прыгожых традыцый касцёла – асвячэннем каляднага вяночка і аплатак. Вянок з жывых галінак хвоі, на якім размешчаны чатыры свечкі, сімвалізуе чатыры тыдні посту. Святло паказвае веруючым дарогу, рассейвае цемру і знішчае страх. Зялёныя галінкі – сімвал надзеі, якая перамагае смерць. Аплатак з’яўляецца сімвалам Эўхарыстычнага хлеба, знакам супольнасці з Касцёлам.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены