Юбіляры жніўня 2022 года – народныя пісьменнікі Беларусі

АМАТАРЫ СЛОВА – ПРА САБРАТАЎ ПА ПЯРЫ

Янка Брыль (1917 – 2006)

Да самай смерці не здолеем мы начытацца Талстога, не здолеем перачытаць яго, бо ён як раз належыць да ліку тых нешматлікіх пісьменнікаў, якіх нельга прачытаць адразу, а трэба – галоўнае – хочацца перачытваць зноў і зноў. — Я любіў і люблю яго (Чэхава), не пытаючыся ні права, ні дазволу. Без рэўнасці да іншых, хто яго любіць таксама. І гэта – самая чыстая, самая высокая, самая няздрадная любоў, часціна той магутнай сілы, што яднае людзей добрай волі. — Родны для ўсіх, хто любіць жыццё, хто любіць мір і культуру, Адам Міцкевіч неаддзельны ад свайго народа, ад сваёй радзімы. — …першыя дзверы ў краіну чароўнага слова нам адчынілі Купала і Колас. Яны нам паказалі той архімедаў пункт апоры, умацаваўшыся на якім, можна “перавярнуць зямлю”.

ЗГОДНА З ЛІТАРАТУРНЫМ ЗАВЯШЧАННЕМ

Незадоўга да смерці Іван Антонавіч перагледзеў усе выданні яго твораў і архіў, і папрасіў улічыць яго меркаванні, калі, як ён напісаў, “дойдзе да паслясмяротнага выдання майго Збору твораў”. У тым літаратурным запавеце ён папрасіў, між іншым, не ўключаць у Збор многіх апавяданняў і нарысаў, што, на яго думку, перажылі свой час і не будуць цікавымі нашчадкам. Інстытут літаратуразнаўства імя Я.Купалы, пачынаючы працу над 10-м Зборам да 100-годдзя пісьменніка, пастараўся выканаць просьбу Брыля. Выйшла ўжо шэсць тамоў. Прадмову напісаў Міхась Тычына. У падрыхтоўцы тэкстаў і каментарыяў прымала ўдзел Алеся Шамякіна.

ВАЙНА Ў ЖЫЦЦІ І ТВОРЧАСЦІ

Вайна пакінула цяжкі след у жыцці пісьменніка. Нездарма так шмат у яго малых і вялікіх твораў антываеннай тэматыкі. Прызваны армію ў даваеннай Польшчы вясной 1939 года, Брыль перажыў шалёныя баі верасня, палон, уцёкі і барацьбу з фашыстамі ўжо на тэрыторыі савецкай Беларусі. Раман “Птушкі і гнёзды” – гэта і пра яго блуканні па пакутах. Нельга не згадаць пра дакументальную кнігу “Я з вогненнай вёскі” – сумесную працу трох таленавітых літаратараў і былых партызан: Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка. Яны аб’ехалі ўсю Беларусь, выслухалі сотні тых, хто застаўся ў жывых са спаленых вёсак. Запісалі на плёнку, абагулілі пачутае і стварылі кнігу-дакумент, якая абышла ўвесь свет і стала літаратурнай сенсацыяй 70-х гадоў XX стагоддзя.

МАЙСТАР МІНІЯЦЮР

Янку Брыля часта называюць бацькам беларускай мініяцюры, настолькі багата распрацаваны ў яго гэты жанр. У 1965 годзе выйшла цэлая кніга яго мініяцюр пад назвай “Жменя сонечных промняў”. Большую частку зборнікаў “Вітраж” і “Сёння і памяць” таксама склалі мініяцюры.

ЯНКА БРЫЛЬ – ДЗЕЦЯМ

Напэўна, самым любімым творам дзяцей можна лічыць “Сірочы хлеб” Янкі Брыля.

Але ж нельга не згадаць і пра іншыя цудоўныя апавяданні, тыя ж

“Ліпку і клёнік”, “Зялёную школу”, “Сняжок і Волечку”, “Асколачак вясёлкі”, “Жыўбыў вожык”. “…У кухні нашай жыла квактуха з куранятамі. Спачатку яны былі маленькія, нібы камочкі жоўтага пуху, і ўсё пішчалі, дзёўбалі тварог і мітусіліся па земляной падлозе кухні, як сонечныя зайчыкі. А потым падраслі, квактуха пачала вадзіць іх на двор і толькі начаваць прыводзіла ў кухню. Сядзе пад лавай, затуліць іх крыламі, яны паціўкаюць трохі і спяць. I вось Тупалу стала зайздросна. Уночы ён ціха залез пад квактуху, прымасціўся пад цёплым крылом і давай ад радасці варушыцца. Кураняты прачнуліся і заціўкалі. Квактуха хацела пашкадаваць іх, мацней прытулілася крыламі і раптам закрычала так моцна і так спалохана, што ўсе мы ў хаце прачнуліся. Як толькі мама запаліла лямпу, квактуха ўсхапілася, сонныя кураняты з піскам рассыпаліся па кухні, а ў кутку, на тым месцы, дзе яны сядзелі, застаўся шэры калючы клубок. Квактуха пазнала яго, узлавалася і дзюбнула – моцна, балюча. – Ну, вось, – казала мама, выносячы Тупалу з кухні, – вось ты і зарабіў. Бачыш, чаго табе захацелася, жэўжык! Каб жэўжыку было весялей, я зняў аднойчы са сцяны люстэрка і паставіў яго на падлозе. А ён ужо тупаў па хаце і ўдзень, не баяўся нікога. Падышоў да люстэрка, наставіў лычок, паглядзеў і надзьмуўся. Каб пастрашыць таго, што ў люстэрку. А той, што ў люстэрку, надзьмуўся таксама, і вось яны абодва разам зрабілі: «Пых!”

(Урывак з апавядання “Жыў-быў вожык”).

Пімен Панчанка (1917 – 1995)

Пушкін! Назавіце гэтае імя, і радасна, і горача заб’ецца сэрца. У маленстве і юнацтве, у гады сталасці ўсе мы пілі і п’ем з невычэрпнай крыніцы празрыстай і жыватворчай пушкінскай паэзіі.

Сіла ўздзеяння гэтага паэта сапраўды дзівосная. Лермантаў прыходзіць да нас вельмі рана, у бясхмарнае маленства, і ўладарна прымушае думаць, трывожыцца, радавацца і абурацца.

Можна пагадзіцца, што паэзія Купалы ясная і простая, як народная песня. І ў той жа час яна складаная, мудрая і шматфарбная. А галоўнае: Купала – выразнік лёсу беларускага народа.

У вершах Танка заўсёды ёсць значная думка, свежая нечаканая метафарычнасць, багатая разнастайная рытміка.

Аркадзь Куляшоў быў і застаецца паэтам арыгінальным, самабытным, нечаканым і глыбока народным.

ПЯКУЧАЯ ПРАЎДА ВАЙНЫ

У СОРАК ПЕРШЫМ
Жоўты месяц у пчаліных сотах,
І ляціць ад зор пчаліны звон.
Спіць на лузе пыльная пяхота,
Бомбы не ірвуць салдацкі сон.
Перш чым леглі, цэлы месяц беглі…
Адпачынак крохкі і малы.
Над ракой туман узняўся белы,
Маскіруе чорныя ствалы.
Камандзір чакае данясення,
Думае аб жонцы маладой:
«Эх, навошта паспяшыў з вяселлем…»
Смерць і рэўнасць ходзяць над вадой.
Ёсць вінтоўка і махоркі пачак.
Ёсць ватоўка, хлеб і зрэдку боршч.
Б’ешся чэсна ты, а людзі плачуць,
І на сэрцы ўсё цяжэй і горш.
Будзе ганьба. Будзе акупацыя.
Будзе потым пераможны май.
А пакуль што вокліч: «Акапацца!»
Уставай, салдат, і зноў капай.
Тэхніка пазней загрукатала.
А найбольш запомнілася нам,
Як сапла, варочала, крахтала,
Ціха мацюкалася вайна.
Ноч капалі моцныя акопы,
На світанні – зноўку адступаць…
Мы перакапалі паў-Еўропы,
Перш чым перамогу адкапаць.

ГОРКАЯ ГОРДАСЦЬ
Каралеўскімі замкамі
Ганарацца,
Саборамі.
Мы – зямлёй партызанскаю,
Перамогай над ворагам.
Нехта хваліцца рознымі
Трыумфальнымі аркамі.
Мы – аршанскімі соснамі,
Магілёўскімі хмаркамі.
Хай наўкол электроніка
І машын табуны, –
Плача тоненькі, тоненькі
Ў сэрцы голас вайны.
Жыта шчодрае косім,
Славім шчасця гады,
А гасцей усё возім
У Хатынь, у Хатынь.
На зямлі нашай светлай
Добра жыць і любіць.
Аб чацвёртым, чацвёртым
Мы не можам забыць.
Наша горкая гордасць
Прасвятлее ў вяках.
Не скрышылі нас орды,
Не адолеў нас страх,
Ні трапічная парнасць,
Ні мароз невыносны…
Каралеўскія пальмы,
Партызанскія сосны.

РОДНЫЯ СЛОВЫ ЛЮБАЙ МОВЫ
ХЛЕБНЫЯ СЛОВЫ

Акраец – шлях, дарога
І зайцаў хлеб лясны.
Скарынка – сум, трывога
І боль былой вайны.
Здараецца, вядома,
Што, выпіўшы ў гасцях,
Грызе скарынку дома
Пахмурны халасцяк.
А скіба – дзень вясновы.
Ралля. Плугі. Сяўба.
Наш хлеб – жыцця аснова,
Працяг і барацьба.
А луста – слова сытнае,
Духмянае і шчодрае.
Яно ад маці – сітнае
Ці наздравата-чорнае.
А каравай – вясельнае,
Святочнае яно.
На ручніку нясе яно
І радасць, і віно.
І справа тут не ў ежы,
А ў смачным змесце слоў,
І ў жытнім ветры свежым,
І ў звоне каласоў…

ЗАПАВЕТ
СКАРБОНКА

Я сябе адчуваю скарбонкаю.
Пацяшайцеся, хто ахвоч,
Я не грошы збіраю, а звонкія
Галасы салаўёў усю ноч.
І дзяцей галасы, і ветру,
Кроплі сонечныя капяжоў.
Глянь на лес: ён зялёна-светлы,
Паглядзі ізноў: ён пажоўк.
Мудрасць кніг і радасць людскую,
Гнеў і гора – усё лічу.
Я збіраю, пішу, святкую,
Сто разоў у бездань лячу.
Ах, як многа імгненне важыць!
Над сталом мяне, праца, гні.
Калі выйдзе, дык гэта і ваша,
А не выйдзе – спалю на агні.
То знаходкі, то непаладкі,
То ярчэй мой дзень, то цямней.
Не разгадваюцца загадкі,
Што жыццё падкідвае мне.
Бо жыццё – акіян, не задачнік,
Дзе падгледзець можна адказ.
Што там значна і што нязначна
У табе, наш напорысты час?
Я на ідалаў не малюся
І з няпраўдаю не міруся,
Дык, удача, хоць раз мне падзьмі!
Зноў збіраю і зноў дзялюся
Сваім скарбам малым з людзьмі.

Яніна Шматко

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены