Юбілей адзначае кіраўнік клуба «Спявай, душа!» Вера Тульвінская

Восенню адыходзячага года споўнілася пяць гадоў з дня заснавання клуба “Спявай, душа!” пры дзённым аддзяленні цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. І ўвесь гэты час нязменным кіраўніком аб’яднання з’яўляецца В.А.Тульвінская. 1 студзеня ў Веры Антонаўны – юбілей. Задоўга да гэтага дня ў рэдакцыю пачалі званіць члены клуба і з захапленнем расказваць пра свайго маэстра. Мы не маглі пакінуць без увагі іх аповеды.

Вера Тульвінская справа

Пра тое, як узнік клуб, расказала загадчыца згаданага аддзялення ЦСАН Н.С.Глушэня.

Вера Антонаўна была акампаніятарам у клубах “Радасць зносін” і “Сярэбраная нітка”, якія дзейнічалі ў цэнтры яшчэ да стварэння нашага дзённага аддзялення, – гаворыць Наталля Сяргееўна, – таму мы добра ведалі яе здольнасці і любоў да музыкі. Калі выдзеліліся ў асобную структуру і пачалі самі арганізоўваць вольны час сваіх наведвальнікаў, вядома, звярнуліся за дапамогай да Тульвінскай. Яна адгукнулася адразу, без усякіх умоў, як валанцёр, і добра ведаючы кожнага наведвальніка (практычна ўсе члены былых клубаў ЦСАН сталі актывістамі нашага аддзялення), працягвала аздабляць святочныя сустрэчы пажылых. І я прапанавала Веры Антонаўне стварыць песенны клуб, нават назву “падкінула” – “Спявай, душа!”. Вера Антонаўна падумала-падумала і згадзілася. Цяпер з яшчэ большай увагай прыглядвалася яна да кожнага наведвальніка, заахвочвала да ўдзелу ў клубе. Вельмі хутка клуб стаў своеасаблівай візіткай нашага аддзялення. Едзем у Мадзейкі – Вера Антонаўна прадумвае цікавую праграму, рыхтуемся да сустрэчы з калегамі другіх раёнаў – без Веры Антонаўны ніяк! Святы на раённай сцэне таксама без клуба Веры Антонаўны не абыходзіліся. Нават зараз, калі мы не можам сабраць у сябе шмат людзей, Вера Антонаўна адзін дзень рэпеціруе з 2-3 членамі свайго клуба, другі дзень – з наступнай двойкай-тройкай.

“Каб былі ў форме, як вірус уцячэ”, – смяецца Вера Антонаўна”. Мы вельмі ўдзячны ёй і яе таленавітым памочнікам. Жадаем ім не паддавацца хваробам, верыць у шчаслівы зыход цяжкіх выпрабаванняў і паўнавартасныя сустрэчы ў нашым аддзяленні. З юбілеем, Вера Антонаўна! Вялікі дзякуй за ўсё!”.

Члены песеннага клуба згадваюць пра свае выступленні на розных пляцоўках і падрыхтоўку да іх.

“Выйсці на сцэну, хай і самую маленькую, хай перад некалькімі гледачамі (як, напрыклад, у вёсцы Акцябрскай) непадрыхтаванымі для Веры Антонаўны проста немагчыма, – гаворыць Е.А. Артурава. – Да кожнага выступлення яна рыхтуе нас доўга і старанна. Абавязкова піша сцэнарый. Калі падбірае сольную песню, улічвае магчымасці кожнага з нас. У цёплую пару гэтага непрадказальнага года Вера Антонаўна збірала свой калектыў у нашай з сынам вінаграднай альтанцы, захоўваючы ўсе меры перасцярогі. Не можа яна дапусціць, каб мы не падрыхтавалі нешта новае або каб забыліся на стары рэпертуар”.

“Вера Антонаўна навучыла мяне трымацца на сцэне, – дадае Г.Ф.Андрэева. – Раней, хоць і мела вопыт выступлення, трымалася занадта сур’ёзна і скавана. А зараз – зусім іншая справа. Выходзіш на сцэну ўпэўнена, бо ведаеш – побач твой дарадца. Яна вельмі турбуецца за рэпертуар. Глядзіць музычныя перадачы, запісвае песні, якія потым прапануе нам. Мы давяраем яе густу. Ды і самі прывыклі сачыць за навінкамі”.

Не дае зачарствець нам душою,– усміхаецца З.Ф.Пазняк. – Іншы раз так не хочацца ісці на рэпетыцыю, бо хваробаў у нас, вядома ж, больш чым дастаткова, а Вера Антонаўна то з аднаго боку да цябе падыдзе, то з другога. І не супакоіцца, пакуль не выцягне цябе са стану абыякавасці”.

“Гэта так, – пацвярджаюць С.С. Прызван, Я.І. Ганчарэнка і Н.М. Жамойціна, – неўгамонная наша Вера Антонаўна. Акрамя песень, і танцы лёгкія нам прапануе, адпрацоўваючы ўсе рухі да дасканаласці. І ўсё для таго, каб нашы выступленні не былі аднатыпнымі, а ўвесь час дапаўняліся новымі элементамі. То папросіць быць партнёршай па танцы М.І.Пазнанскаму Станіславу Прызван, то Алену Пайзулаеву, то ўсю групу навучыць паўзабытым танцам”.

А.А. Пайзулаева, напэўна, найчасцей кантактуе з Верай Антонаўнай, бо яна і вядучая, і танцор, і пявуння. “Як толькі Вера Антонаўна нешта новае прыдумае, – кажа Алена Альбінаўна, – адразу звоніць мне, раіцца, як лепей прадставіць той ці іншы нумар. Чытае новы верш і просіць ацаніць яго, дзеліцца задумкамі. Яна – наша дарадца, наша натхняльніца, і дай Бог ёй добрага здароўя на доўгія гады”.

Адзіны мужчына калектыву М.І. Пазнанскі, як сапраўдны рыцар, званіў у рэдакцыю некалькі разоў, усё хваляваўся, ці павіншуем мы Веру Антонаўну. “Яна ж пра ўсіх нас непакоіцца, – тлумачыць прычыны званкоў Міхаіл Іванавіч,– то ў савет ветэранаў звяртаецца, каб не забыліся пра юбіляра клуба, то да загадчыцы аддзялення звоніць, каб неяк падзякавалі каму-небудзь з нас. Ведаю, што і ў рэдакцыю не раз званіла, каб расказалі ў “Працы” пра наш клуб. Вельмі турбуецца пра нас. Дзе мы толькі не выступалі?! Яна ўмее знайсці для нас і сцэну, і слухочоў. Нават у суседнім раёне – Ваўкавыскім – мы дзякуючы ёй сталі да пандэміі частымі гасцямі”.

Да работнікаў і наведвальнікаў дзённага аддзялення далучаецца былая загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі В.Л.Масюк. “Зараз ужо і не згадаеш усіх нашых мерапрыемстваў, якія дапамагала нам рыхтаваць Вера Антонаўна, – успамінае Валянціна Людвікаўна. – А клуб “Восень жыцця” ўвогуле без яе ўдзелу немагчыма ўявіць. Мы ж не толькі ў сценах бібліятэкі сабіраліся. Часта віншавалі ветэранаў вайны з юбілейнымі датамі. Як тут было без музыкі?!”.

Самыя сардэчныя пажаданні ад усіх, хто ведае Веру Антонаўну, – згаданых тут і незгаданых. Здароўя і моцы духу! Так трымаць, маэстра!

Верачка, Вера Антонаўна,
Што табе сёння сказаць?
Што ў гэты дзень светлазорны
Можам табе пажадаць?
Слаўная, мілая, добрая,
Хочам сягоння сказаць,
Як жа ўсім ты нам дорага,
Сонейкам ясным назваць.
Толькі ласкавыя, цёплыя
Словы ты можаш пачуць,
Бо і сама светлым талентам
Усіх можаш сэрцам адчуць.
Верачка, Вера Антонаўна,
Што засталося сказаць? –
Шчасця вялікага, поўнага
І ста гадоў пажадаць!

P.S. Гэтымі радкамі на музыку вядомай песні “Я назову тебя зоренькой” мы віншуем Веру Антонаўну з юбілеем.

Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены