Рэтра-дайджэст. Яркія эпізоды Ганненскага кірмашу 2016 года

Акцэнт – на супрацоўніцтва рэгіёнаў

У святкаванні кірмашу прынялі ўдзел госці з Латвіі.

Падчас афіцыйнай сустрэчы з кіраўніцтвам раёна старшыні Добельскага і Яўнелгаўскага муніцыпалітэтаў Андрэйс Спрыдзанс і Гунтыс Лібекс пацвердзілі гатоўнасць развіваць адносіны з Зэльвенскім раёнам. Аб гэтым сведчыць падпісанае бакамі Пагадненне.

Фота з архіва газеты «Праца».

Дакумент адкрыў магчымасці для ўдзелу ў распрацоўцы і рэалізацыі праектаў па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Літва – Латвія – Беларусь» на 2014 – 2020 гг. У прыватнасці, пагадненне нацэлена на развіццё супрацоўніцтва ў культурнай, турыстычнай, спартыўнай, адукацыйнай сферах, а таксама ў сферы сацыяльнага абслугоўвання і іншых галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.

Бакі разлічваюць, што паміж Зэльвеншчынай, Яўнелгаўскім і Добельскім краямі ўсталююцца цёплыя і сяброўскія адносіны, наладзіцца абмен вопытам, павялічыцца ўзаемны ўдзел у мерапрыемствах розных напрамкаў.

На музейных вітрынах – эпоха ХVIII стагоддзя

У Зэльве адкрыўся музейны пакой, прысвечаны Ганненскаму кірмашу.

На цырымоніі прысутнічала кіраўніцтва раёна, зэльвенцы і госці. З задавальненнем прынялі запрашэнне на мерапрыемства ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі, якая па традыцыі праходзіць у рамках кірмашу. Пасля перарэзвання сімвалічнай чырвонай стужкі, прывітальных слоў адбылася экскурсія.

Фота з архіва газеты «Праца».

Стварэнню музейнага пакоя папярэднічала карпатлівая праца па назапашванні матэрыялу. Збі- раць экспанаты, дакументы, фотаматэрыялы і іншыя памятныя рарытэты першымі пачалі супрацоўнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Частка экспазіцыі распавядае пра мінулае Ганненскага кірмашу. Тагачаснае ўбранне для шляхетных дваран, гербы роду Сапегаў, прадметы ўжытку – усё нагадвае пра XVIII стагоддзе, адкуль і бярэ свой пачатак кірмаш. Адзін з раздзелаў прысвечаны коням. На музейных вітрынах – калекцыя сувенірных фігур, вырабленых з гліны, саломкі і г.д. Асобнае месца адведзена самаробным лялькам і батлейцы. Не менш цікавыя экспанаты – тыя, што прадстаўляюць сучасны Ганненскі кірмаш. Гэта і фотаздымкі, і афішы артыстаў, якія выступалі ў розныя гады на кірмашы, разнастайная сувенірная прадукцыя.

Фота з архіва газеты «Праца».

Арганізатары заклікаюць усіх, у каго ёсць якія-небудзь памятныя рэчы, звязаныя з гісторыяй кірмашу, папоўніць фонд музейнага пакоя.

Плылі на чым папала

Падчас кірмашу ў Зэльве ўпершыню прайшоў конкурс-заплыў «На чым папала».

Фота з архіва газеты «Праца».

Арганізатары спаборніцтваў падхапілі ідэю фестывалю «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў» і наладзілі цудоўнае шоу. Работнікі Зэльвенскага лясніцтва збудавалі пірацкае судна з пустых жалезных бочак. Яркія касцюмы, адпаведная атрыбутыка, музычнае афармленне – усё было прадумана да дробязяў. Пірацкую тэматыку абралі і каманды СВК «Сынкавічы» і прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Плаўсродак РАНС паўстаў перад гледачамі ў выглядзе печы, на якой плыў на кірмаш Ямеля. І ўсё было па-сапраўднаму: з трубы ішоў дымок, а ў катле варыўся абед… Зэльвенскія медыкі адправілі ў плаванне «хуткую дапамогу» – самы мініяцюрны плаўсродак конкурсу, выраблены з пластыкавых бутэлек і пенапласту. Як і належыць, у карэце з надпісам «103» размясціўся медработнік. Прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі прадэманстравалі, што іх Жар-птушка здольная не толькі трымацца на плаву, але і танцаваць на хвалях. Судна РУП ЖКГ прыплыла на караблі з другаснай сыравіны. Бурнымі апладысментамі гледачы сустракалі спектакль, разыграны Нептунам і Русалкай – членамі каманды ДРБУ-118. Прадстаўнікі аддзела адукацыі выпусцілі на хвалі плыт ў выглядзе коннай падводы з сімволікай кірмашу.

Фота з архіва газеты «Праца».

Самымі арыгінальнымі члены журы прызналі плаўсродкі лясніцтва, РАНС і РУП ЖКГ (першае, другое і трэцяе месцы адпаведна). Прызамі рэдакцыі газеты «Праца» адзначаны судны ПМС і ЦРБ

На кірмашовай пляцоўцы – паэты

У дзень кірмашу на пляцоўцы летняй эстрады аматары паэзіі сустракалі паэтаў – зяльвян і гродзенцаў.

Паэтычную гасцёўню падрыхтавалі работнікі раённай бібліятэкі, як і дзве цікавыя выставы – “Зэльва паэтычная” і “На нёманскай хвалі”. Першая была прадстаўлена ў асноўным прадукцыяй самой бібліятэкі, а другая – персанальнымі і калектыўнымі зборнікамі членаў абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Вядучыя з гонарам за землякоў паведамілі: “Нашы паэты займаюць пачэсныя месцы ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, за сваю творчасць атрымліваюць дастойныя ўзнагароды, удзельнічаюць у шматлікіх конкурсах і становяцца пераможцамі, выдаюць уласныя кнігі, ладзяць цікавыя сустрэчы».

Адзін за адным на сцэне выступалі паэты: Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна, уладальнік медаля Францыска Скарыны Уладзімір Мазго, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянцін Семяняка, пераможца двух конкурсаў, прысвечаных Гродна, Ірына Данік і гродзенцы Дзмітрый Радзівончык, Тамара Мазур, Пётр Сямінскі.

Сустрэча атрымалася надзвычай цёплай, бо сустракалі гледачы выступленне кожнага паэта гарачымі апладысментамі.

Майстравалі лялькі

Упершыню прайшоў конкурс на лепшую кірмашовую ляльку.

Фота з архіва газеты «Праца».

Да стварэння кірмашовых лялек удзельнікі конкурсу падышлі вельмі творча. Умеліцы падрыхтавалі «канкурсантак» у розных стылях, з розных матэрыялаў. Беларусачкі і Цыганкі, Дамавіхі і Вяснянкі – усе яны каларытныя і ўнікальныя, бо створаны ў адзіным экзэмпляры. Вышыня лялек – ад паўметра і вышэй. Дарэчы, сярод «намінантаў» былі і мужчынскія лялькі. Чаго толькі каштаваў казачнік Дзед-Барадзед!

Будавалі вежы з пяску

Пафантазіраваць з пяском, камянямі, ракавінкамі і г.д. можна было падчас конкурсу пясочных фігур.

Фота з архіва газеты «Праца».

На вачах зэльвенцаў з’яўляліся скульптуры марской тэматыкі і сімволіка кірмашу.

Цікавы сюжэт прыдумалі настаўнікі і вучні дзіцячай школы мастацтваў, за што і атрымалі першае месца. Навучэнцам СШ №2 узнагародай за старанні стаў Дыплом II ступені. Пясочныя фігуры РК БРСМ і прадстаўнікоў СШ №3 ўдастоены Дыплома III ступені.

Фота з архіва газеты «Праца».

Жоўтыя, зялёныя, сінія…

Усе колеры вясёлкі можна было ўбачыць на зэльвенцах у час
фестывалю «Color Fest».

Фота з архіва газеты «Праца».

На цэнтральным пляжы пасёлка сабралася шмат людзей рознага ўзросту, якія з цікаўнасцю чакалі пачатку шоу.

Калі Color Fest стартаваў, праз пару хвілін над пляцоўкай падняўся рознакаляровы слуп пылу. «Размаляваныя» дзеці былі ў захапленні. Масавы «выкід» фарбы адбываўся кожную гадзіну. Маладыя людзі без стомы танцавалі пад сучасную музыку. Не даваў публіцы сумаваць шоу-балет «Гараж». А крыху пазней госці прыемна здзівілі прысутных майстар-класам па сучасным танцы.

Фота з архіва газеты «Праца».

Арганізатары Color Fest паклапаціліся і аб правядзенні на свяце конкурсаў. Частка пераможцаў была выбрана па выніках розыгрышу ў сацыяльных сетках. Астатнія шчасліўчыкі вызначаліся выпадкова: ды-джэі не шкадавалі пакуначкаў з фарбай і кідалі іх у натоўп самым актыўным удзельнікам.

Color Fest панаваў на Зэльвеншчыне да самай цемнаты.

Вам может быть интересно

Комментарии отключены