Якой была Зэльва? Успамінамі дзеляцца старажылы раёна

Сведкамі гісторыі Зэльвенскага краю з’яўляюцца яго старажылы. Якім раён быў раней і як жылі людзі? Мы папрасілі людзей паважанага ўзросту правесці экскурс у мінулае сваёй малой радзімы.

Імкнуліся да вучобы і працы

Жыхар аграгарадка Кашалі Іван Шэйка ўспаміны пачаў з таго, як у 50-60-х гадах быў арганізаваны адукацыйны працэс.

– Класы былі вялікімі, па дваццаць-трыццаць вучняў, – расказвае Іван Іосіфавіч. – У школах дзеці займаліся ў дзве змены. Сшыткі, дзённікі і іншыя прылады ўсе вучні мелі аднолькавыя, таму што ў магазінах выбар канцылярскай прадукцыі быў невялікі. А пісалі дзеці чарніламі, якія сёння можна знайсці, бадай што, толькі ў музеі.

Прыгадваючы гады настаўніцтва ў Цяглевіцкай васьмігадовай школе, Іван Шэйка асаблівую ўвагу засяроджвае на тым, якое вялікае значэнне надавалася вучэбна-выхаваўчай рабоце. Наведваючы сельскіх падлеткаў на даму, педагогі кантралявалі, як яны рыхтуюцца да ўрокаў, выконваюць рэжым дня. Менавіта таму, на думку былога настаўніка, і паспяховасць у вучняў заўсёды была высокай. Сучаснасць стымулюе школьнікаў ведаць намнога больш, чым патрабуе школьная праграма. У дапамогу – інфармацыйныя тэхналогіі.

У савецкія часы вельмі моцнай была ідэалогія. Галоўнае, чаму яна вучыла, – ганарыцца сваёй краінай. Кожны чалавек лічыў за гонар уваходзіць у рады КПСС і мець членскі білет. Органам улады ў нашым раёне з’яўляўся райкам партыі. Менавіта яго рашэннем прызначалі людзей на розныя адказныя пасады. Так Івана Іосіфавіча абралі сакратаром партарганізацыі калгаса імя Чапаева.

– Мая работа заключалася ў тым, каб падтрымліваць высокі маральна-палітычны дух працаўнікоў калгаса, – знаёміць з асаблівасцямі партыйнай дзейнасці Іван Шэйка. – Можна сказаць, парторг – другая асоба ў гаспадарцы, ён адказваў за ўсе вытворчыя і выхаваўчыя пытанні нараўне з кіраўніком.

Пасля таго, як у 1965 годзе была праведзена эканамічная рэформа, у калгасе ўстанавілі гарантаваную зарплату. Калгаснікі атрымлівалі дадатковую аплату за якасць прадукцыі і працы, існавалі розныя формы матэрыяльнага і маральнага заахвочвання людзей. Штогод пры падвядзенні вынікаў работы на справаздачна-выбарных сходах перадавікі вытворчасці ўзнагароджваліся грашовымі і каштоўнымі падарункамі. Лепшым працаўнікам прысвойвалася званне «Заслужаны калгаснік». Традыцыя ўшаноўваць аграрыяў і жывёлаводаў працягваецца. Такім чынам, у кожнага ёсць стымул дасягаць яшчэ лепшых паказчыкаў.

Што датычыцца сельсаветаў, яны з’яўляліся асяродкамі грамадскага і культурнага жыцця. У вёсках стваралі сельскія камітэты – па барацьбе з пустазеллем, па забеспячэнні палівам і іншыя. Каралінскі сельсавет, які некалі ўзначальваў Іван Шэйка, адзначаўся граматамі за культурна-бытавое будаўніцтва і навядзенне парадку. Іван Іосіфавіч заўважае, што кіраўнікі сельвыканкамаў раёна не сядзяць склаўшы рукі, а сочаць за тым, каб замацаваная за імі тэрыторыя была добраўпарадкаванай.

Будавалі сваё шчасце

З задавальненнем пра былыя гады гаворыць Кацярына Шумец, якая цяпер жыве ў Зэльве. 

– Жыццё біла ключом, – дзеліцца жанчына. – У нашай вёсцы Горна было шмат моладзі. Мы заўсёды цікава арганізоўвалі вольны час. Хлопцы і дзяўчаты часта збіраліся ў клубе на танцы. Нярэдка ладзілі пасядзелкі ў кагосьці дома. Бывала, скінемся па некалькі капеек і запросім музыканта. Да нас нават прыходзіла моладзь з суседніх вёсак. У час адной з такіх гулянак я сустрэла свайго нарачонага.

Добра памятае Кацярына Іосіфаўна, як у в.Горна арганізавалі калгас.

– Усе жыхары разам дружна выходзілі ў поле, – расказвае бабуля. – Палолі і ўбіралі буракі, сеялі і жалі збожжа… Працавалі з раніцы да вечара. Нават студэнтаў з Гродна вучылі, як трэба апрацоўваць лён. Усе работы выконвалі ўручную. Пазней з’явіліся камбайны. Спачатку ўсе дзівіліся, што гэта за цуда-тэхніка. Аднак хутка зразумелі, што яна значна аблягчала нашу працу.

З часам Кацярына Шумец з мужам вырашылі пераехаць у райцэнтр. Праўленне мясцовага калгаса выдзеліла ім участак пад будаўніцтва жылля. Узвесці свой дом тады было складана – не хапала сродкаў, будаўнічых матэрыялаў (не тое што цяпер іх вялікі асартымент). Бацькі трымалі вялікую гаспадарку, грошы ад продажу жывёлы аддавалі маладой сям’і на будоўлю.

Адзначае жанчына, як няпроста было і дзяцей гадаваць:

– Гэта цяпер маці можа тры гады быць у дэкрэтным водпуску і гадаваць сына ці дачку. А раней такі водпуск доўжыўся ўсяго два месяцы. Дзіцячы сад у Зэльве дзейнічаў толькі адзін. Размяшчаўся ён па вуліцы Чапаева (сёння будынак дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы). І дзяцей бралі туды толькі ў паўтарагадовым узросце. Хоць і існавалі свае цяжкасці, аднак мы спраўляліся.

Аддавалі прыярытэт здароўю

Ірына Тукальская ў гарадскім пасёлку больш за 60 гадоў. Прыехала ў Зэльву ў 1955-м пасля заканчэння Гродзенскага тэхнікума фізічнай культуры. Першым рабочым месцам маладога спецыяліста стала сярэдняя школа па вуліцы 17 Верасня (стары будынак гімназіі).

– Тады Зэльва адносілася да Ваўкавыскага раёна, – пачынае аповед Ірына Станіславаўна. – У райцэнтры не было спецыяльнай установы, дзе дзеці маглі б удасканальваць свае спартыўныя навыкі. Нягледзячы на гэта, мы, настаўнікі, удзялялі вялікую ўвагу заняткам фізкультурай. На базе нашай школы працавалі розныя секцыі – па гімнастыцы, футболе, гандболе, баскетболе, лёгкай атлетыцы…

Па словах жанчыны, заняткі падлеткі наведвалі з вялікай ахвотай. Асабліва любілі дні здароўя – усе вучні выходзілі на пляцоўку каля школы, каб правесці сумесную зарадку. Зімы тады былі снежнымі, таму ў гэтую пару года на ўроках фізкультуры праводзілі лыжныя заняткі.

У Ірыны Станіславаўны захавалася шмат старых фотаздымкаў. Дэманструючы іх, бабуля расказвае, як змяніўся пасёлак:

– На цэнтральнай плошчы не было тратуарнай пліткі, кветкавых клумбаў. На месцы, дзе цяпер знаходзіцца помнік Леніну, раслі дрэвы. Непадалёку быў усталяваны помнік савецкім воінам і партызанам з вялікай пяціканцовай зоркай. Пазней астанкі салдат, якія загінулі ў гады вайны, былі перапахаваны ў парку на горцы.

У будынку цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, вядомага ўсім як Дом піянераў, размяшчаўся Дзяржаўны банк СССР. Насупраць царквы Святой Жываначальнай Тройцы быў тэлеграф. Побач – закусачная.
А колькі гледачоў рэгулярна збіраў кінатэатр “Мір”! Па вечарах моладзь спяшалася сюды на прагляд папулярных індыйскіх фільмаў. Прагрэс не стаіць на месцы – тэлевізар мае кожная сям’я. Так што, калі ласка, – глядзі, што хочаш і колькі хочаш.

Пракладвалі свае дарогі

90-гадовы рубеж перакрочыў зэльвенец Мікалай Попка. Шмат чаго яму давялося пабачыць на сваім вяку. Выхадзец з сельскай мясцовасці, Мікалай Васільевіч дзеліцца, якім раней быў вясковы быт:

– Хаты ў асноўным узводзілі драўляныя. Хто меў дастатак, мог пабудаваць цагляны гмах. Пакоі ў дамах былі маленькімі, а сем’і – вялікімі. Але жылі дружна, месца хапала ўсім. У 30–40-х гадах у нашай вёсцы Бародзічы было тры магазіны, і тыя прыватныя. Асартымент тавараў – невялікі. Хлеба ў продажы не было – яго мы пяклі самі. Цяпер у які гандлёвы аб’ект ні зойдзеш – вочы разбягаюцца.

Пасля службы ў арміі Мікалай Попка пайшоў працаваць у Ваўкавыскае ДЭУ. Арганізацыя накіроўвала тэхніку ў Зэльвенскі раён для выканання дарожных работ. Мужчына прыгадвае, як пачыналі добраўпарадкоўваць мясцовыя дарогі. Дарэчы, яму давялося прымаць удзел у асфальтаванні праезнай часткі ад лясніцтва да вёскі Ярнева.

Праз некаторы час Мікалай Васільевіч уладкаваўся ў МТС (сельгасхімію).

– Гэта было буйное прадпрыемства, і працаваць тут лічылася прэстыжным, – гаворыць мужчына. – У нас было шмат трактараў, камбайнаў для палявых работ. Дзейнічаў цэх па рамонце матацыклаў. Уявіце, мотатэхніку сюды дастаўлялі з усёй Беларусі! На сённяшні дзень арганізацыя асвойвае новыя віды паслуг.

Большая частка працоўнай біяграфіі Мікалая Васільевіча звязана з бальніцай. Напэўна, зараз складана ўявіць, што некалі ўстанова аховы здароўя была меншай разы ў два. Да ўзвядзення сучаснага будынку непасрэднае дачыненне мелі самі работнікі. Цэглу прывозілі з в.Пустаборы, дзе размяшчаўся завод па вытворчасці гэтага будматэрыялу. Мужчыне давялося працаваць вадзіцелем першай хуткай дапамогі – жоўтага грузавога аўтамабіля ПАЗ-650.

Людзі старэйшага пакалення помняць, што паліклініка размяшчалася па вул.Савецкай, цяпер там крама. На абследаванне малых дзяцей прыводзілі ў дзіцячую кансультацыю па вул.17 Верасня. Зараз, што вельмі зручна, неабходныя медыцынскія паслугі можна атрымаць у адным будынку.

Сталела разам з Зэльвай

– На маіх вачах Зэльва расла і развівалася, – сцвярджае мясцовая жыхарка Аляксандра Смурага. – Помніцца, у пяцідзясятых гадах існавала ўсяго некалькі вуліц – Савецкая, 17 Верасня і Пушкіна, якая называлася Ружанскай (мабыць, таму што вяла на Ружаны). У раёне аўтавакзала было балота, саджалі агароды. Пазней на гэтым месцы з’явіліся шматпавярховыя дамы, стала добраўпарадкавацца тэрыторыя каля іх.

Шмат адпачывальнікаў зараз аблюбавала наша вадасховішча. А некалі месца, дзе працякае рака Зальвянка, было падобнае на мора. Што цікава, па ёй часта хадзілі лодкі, сплаўлялі лес. Кліматычныя ўмовы паспрыялі таму, што вадаём зменшыўся ў памерах. Дзе знаходзіцца выратавальная станцыя, апрацоўвалі драўніну. У гэтым жа будынку часалі шэрсць, рабілі сланечнікавы алей.
Праз дарогу размяшчаўся аэрадром, пабудаваны ў гады вайны. У мірны час сюды прыляталі самалёты з Гродна, якія займаліся транспарціроўкай цяжка хворых. Мала каму вядома, што на месцы кафэ «Белыя ветразі» была паліклініка, на другім паверсе – інфекцыйная бальніца, у склепе – пральня.

– Дзе будынак райвыканкама, знаходзілася рыначная плошча, – апавядае Аляксандра Серафімаўна. – Кожны месяц трэцяга чысла сюды з’язджаліся людзі з усіх навакольных вёсак. На продаж прывозілі збожжа, ягады, яйкі, хатніх жывёл і птушак. Дарэчы, жывёл можна было купіць на сельскагаспадарчым рынку, за касцёлам.

Праз некалькі гадоў у райцэнтры пабудавалі драўляны будынак, дзе размясціліся органы мясцовага самакіравання. Затым на яго месцы ўзвялі сучасны райвыканкам.

Шмат гадоў жанчына адпрацавала ў спажывецкай кааперацыі. Кантора райспажыўсаюза размяшчалася на скрыжаванні вул. 17 Верасня і Пушкіна. Гандлёвае абслугоўванне, як і цяпер, было наладжана не толькі ў пасёлку, але і ў кожнай вёсцы…

Жыццё ідзе сваёй чаргой. На змену старэйшаму пакаленню прыходзіць малодшае. У сілах нашчадкаў зрабіць усё, каб любы сэрцу куточак стаў яшчэ больш прывабным і ўтульным.

Наталля МАЦЮК

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.