«Якое гэта шчасце жыць у мірнай краіне!»: муж і жонка Ксенжукі з вёскі Манцякі радуюцца кожнаму пражытаму дню, бо добра памятаюць пасляваенны перыяд

Згадзіцеся, да людзей, народжаных у год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адносіны асаблівыя. Яны нарадзіліся дзеля міру, нават калі дата іх з’яўлення на свет – першая палова года. Вызваленнем, як кажуць, пахла ў паветры.
Розныя лёсы ў сёлетніх 75-гадовых. Не ўсе з іх памятаюць сваіх
бацькоў: нехта з мужчын загінуў на фронце, нехта – у партызанах, а нехта – у печах канцэнтрацыйных лагераў, бо немцы перад уцёкамі стараліся знішчыць як найболей тых, хто не згаджаўся з акупацыяй роднай зямлі.

Што дзеці, народжаныя ў 1944-м, самі не памятаюць вайны, зразумела. Але яны праз усё жыццё пранеслі ўспаміны сваіх блізкіх пра той драматычны перыяд жыцця іх бацькоў. Пра што расказвалі сваім дзецям жыхары нашых вёсак у пасляваенныя гады?
Гэта і было наша першае пытанне да мужа і жонкі Ксенжукоў з вёскі Манцякі, якія якраз і нарадзіліся ў месяцы вызвалення – ліпені 1944 года.

“Мы абое са шматдзетных сем’яў, – дапаўняючы адзін аднаго, расказваюць Лявонцій Аляксандравіч і Зінаіда Антонаўна, – таму нашых бацькоў не забіралі на фронт пасля вызвалення”. Да таго ж бацька Зінаіды Антонаўны ўжо і па ўзросце не належаў да прызыўнікоў. (Ён быў удзельнікам яшчэ Першай сусветнай вайны). А вось брату маленькай Зіначкі давялося ўзяць у рукі зброю. Ваяваў на тэрыторыі Усходняй Прусіі і Германіі. Ён і быў асноўным “даведнікам” для сястры, калі яна цікавілася ваеннымі падзеямі.

Бацька Лявонція Аляксандравіча ў 1939 годзе, калі пачалася Другая сусветная, якраз знаходзіўся на зборах рэзервістаў у польскай арміі. Афіцэр, што камандаваў імі, на сваю рызыку адпусціў больш сталых мужчын дадому. Прасіў толькі быць асцярожнымі, не трапіць да немцаў у палон. Начамі Аляксандр Іванавіч прабіраўся да роднай вёскі – дзе інтуітыўна, дзе па гуках вызначаючы накірунак. А тут – уз’яднанне з Савецкай Беларуссю, што амаль на два гады аддаліла вайну ад нашых мясцін…

У 1941-1944 гадах жыццё пад акупацыяй у бязлесых мясцінах не было такім трывожным, як у лясных партызанскіх зонах. “Мой бацька расказваў, што партызанскія атрады былі далёка ад нас, за Ружанамі, таму немцы тут лютавалі не так. Спалілі толькі дом адной жанчыны, якая была сувязной. Сама яна паспела выратавацца – папярэдзіў аб небяспецы солтыс”, – успамінае Лявонцій Аляксандравіч.

Жыццё пасля вайны хоць і было цяжкім, але не бязрадасным. Людзі пасля перанесеных страт і мукаў жылі надзеяй на лепшае. Маладыя, ажаніўшыся, будавалі новыя хаты, нараджалі шмат дзяцей. У 50-60-ыя гады дзяцей у Манцяках было столькі, што ў мясцовай сямігодцы класаў не хапала: арэндавалі сялянскія хаты. Праўда, пра вучобу далей ад дому марылі нямногія: трэба было дапамагаць бацькам як у калгасе, так і ў хатніх справах. Вось і Зіна пачала працаваць даяркай яшчэ падчас вучобы ў школе – дапамагала матулі. А пасля і сама набрала групу кароў. Так да замужжа і працавала на ферме.

З пятнаццаці гадоў стаў памочнікам бацькоў і Лявонцій. Асвоіў усе сялянскія прафесіі: і араў, і касіў, і стагаваў, і малаціў… Калі перайшоў на ферму і асвоіў даільныя ўстаноўкі, то год доярам працаваў. Затое навучыў жанчын-даярак не баяцца тэхнікі, смялей пераходзіць на машыннае даенне, берагчы сваё здароўе.

У дзяўчат малады Лявонцій меў вялікі поспех: ён не толькі добра працаваў, але і на гармоніку вяселлі граў. Памятаеце, як у “Дзяўчатах” спявалі: “Отчего, отчего, отчего гармонь поет? – Оттого, что кто-то любит гармониста”.

Вось так і ў Манцяках усе дзяўчаты сохлі па Лявонцію, які віртуозна граў на гармоніку. А ён закахаўся ў церахоўскую дзяўчыну, нават адбіў яе ў другога хлопца.

Перавёз Лявонцій сваю Зінулю ў Манцякі. “І так я палюбіла вёску мужа – не расказаць. Яна мне здавалася сапраўдным горадам, – з замілаваннем кажа гаспадыня. – Тут так прыгожа і весела было: клуб, бібліятэка, школа, бальніца, Дом быту, сталовая пры дарозе, дзе спраўлялі вяселлі не толькі манцякоўцы”.

Муж пайшоў працаваць на ферму, а жонка – у Дом быту швачкай. За самаадданую працу абое і заахвочваліся, і ўзнагароджваліся не раз. “Жонка шмат падзяк і ганаровых грамат мела, на экскурсію ў Маскву ездзіла”, – з гонарам кажа Лявонцій Аляксандравіч. “А мой Лявонцій заўсёды ў прэзідыуме сядзеў на сходах, – любоўна згадвае Зінаіда Антонаўна.

Не дзіва, што ў сям’і Ксенжукоў, дзе панавалі каханне і згода, выраслі трое выдатных дзяцей. “Мы вельмі шчаслівыя бацькі, – кажуць муж і жонка, – нам ніколі не даводзілася чырванець за сваіх дзяцей – двух сыноў і дачку. І ў школе толькі падзякі ад настаўнікаў чулі, і ад камандзіраў вайсковых часцей падзякі атрымлівалі”.

Зараз дзеці Ксенжукоў ужо маюць свае сем’і, радуюць дзядулю з бабуляй поспехамі на працы і ладам у сваіх сем’ях. “Праўда, з нас прыклад не ўзялі, маюць толькі па аднаму дзіцяці. Але мы не трацім надзеі, што ўнукі будуць нашымі паслядоўнікамі”, – усміхаецца Зінаіда Антонаўна.

Вялікія аптымісты Ксенжукі дзівяцца з тых, хто незадаволены сваім лёсам. “На жаль, не ўсе разумеюць, якое гэта шчасце – мір. Мы, дзеці тых, хто пражыў вайну, радуемся кожнаму дню і дзякуем Богу, што жывём у мірнай краіне”,– такімі словамі праводзілі нас юбіляры сёлетняга года, года вызвалення краіны ад фашысцкай чумы.

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены