Як зэльвенцы Каляду віталі

7 студзеня, у першы дзень Калядаў, па добрай традыцыі зэльвенцы сабраліся на цэнтральнай плошчы пасёлка, каб узгадаць добры старажытны абрад калядавання. У свяце прынялі ўдзел работнікі культуры, якія разгарнулі перед гледачамі тэатралізаванае дзейства.

Гаспадары з вечара ладуюць стол рознымі стравамі. На багатую куццю на стале павінны стаяць прысмакі разнастайных гатункаў. А як жа інакш, калі вось-вось на парозе з’явяцца госці?!

Здалёк раздаюцца песні калядоўшчыкаў, якія не прамінаюць і хаты гаспадароў. Для дабрабыту і ладу ў сям’і лічылася, што абавязкова трэба пачаставаць моладзь, пераапранутую ў казачных жывёл. Казе – каўбаса і сала, мядзведзю – мёд і варэнне, калядоўшчыкам – салодкія пачастункі. Узамен – добрыя пажаданні гаспадыні і гаспадару. Знайшлася сярод калядоўшчыкаў і цыганка, якая прадказала лёс на бягучы год.

У атмасферу гумару і гульні ўключыліся і прысутныя на свяце. Моладзь варажыла, дзетвара вадзіла карагоды, старэйшыя людзі падпявалі.

Таня Саўчык: “Мне вельмі цікава назіраць за абрадам. Наколькі я ведаю, яшчэ Якуб Колас ў паэме “Новая зямля” пісаў пра гэты звычай. Добра, што ён жыве і аднаўляецца на Зэльвеншчыне”.

Наталля Маўчун: “Святочнае калядаванне – гэта не толькі традыцыйны народны звычай, але яшчэ і момант, які аб’ядноўвае людзей у радасці і шчодрасці. З сённяшняга дня пачынаюцца Святкі, час насычаны песнямі, гульнямі. Таму жадаю шчодрых вечароў усім землякам!”

Шчодры вечар, добры вечар, спяваюць калядоўшчыкі і мы зычым гэтага ж усім зэльвенцам, – кажуць Галіна Сачок, Наталля Таболіч і Таццяна Цупрык.Вельмі добра, што Каляда сабрала нас усіх, каб у гэты святочны вечар разам павесяліцца, патанцаваць і паспяваць.

Людміла ПОПКА

Вам может быть интересно

Комментарии отключены