Выдатнік асветы

Для кожнага чалавека важна сустрэць на сваім жыццёвым шляху такога настаўніка, які не толькі дасць веды па прадмеце, але і дапаможа зразумець важнейшыя жыццёвыя каштоўнасці. Менавіта такім педагогам для выпускнікоў былой Бародзіцкай базавай школы з’яўляецца Раіса Васільеўна Качук.

Педагагічнай дзейнасці Раіса Васільеўна прысвяціла больш чым 40 гадоў. За гэты час праз яе рукі і сэрца прайшлі сотні хлопчыкаў і дзяўчынак, кожнага з якіх яна імкнулася выхаваць сапраўдным чалавекам – пры-стойным, працалюбівым і адказным.

– Колькі сябе памятаю, заўсёды хацела вучыць дзяцей, – прыгадвае суразмоўца. – Калі гулялі з сяброўкамі ў школу, мне заўсёды даставалася роля настаўніцы. Ведаеце, у маім дзяцінстве не было такіх ручак, як цяпер. Таму ў нашай імправізаванай школе мы пісалі звычайнымі драўлянымі палачкамі, а чарніла рабілі з соку буракоў. 

Дзіцячая мара пачала ажыццяўляцца, калі пасля заканчэння васьмігодкі дзяўчына паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча. Вышэйшую адукацыю атрымала ў педінстытуце імя Янкі Купалы ў Гродне.

Працаваць пачынала ў пачатковай школе ў Шчучынскім раёне. Штодзённа з задавальненнем спяшалася на сустрэчу з дапытлівымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, з якімі дзялілася ведамі, набытымі падчас студэнцтва.

Затым, ужо настаўніцай рускай і беларускай мовы, лёс закінуў Раісу Качук у васьмігодку. Хутка па сямейных абставінах прыйшлося пераехаць на Свіслаччыну, потым – на Зэльвеншчыну.

– Спачатку настаўнічала ў санаторнай школе, пасля – у Бародзіцкай, – расказвае педагог. – Усіх сваіх вучняў успрымала як родных дзяцей. Вучыла іх не толькі граматнасці і прывівала любоў да чытання, але і старалася, каб усе яны выраслі выхаванымі людзьмі.

У педагогіцы Раіса Васільеўна была наватарам. Менавіта па яе ініцыятыве ў Бародзіцкай школе быў створаны кабінет беларускай мовы і літаратуры. Настаўніца творча падышла да яго афармлення. На стэндах размясціла партрэты вядомых беларускіх пісьменнікаў, іх выказванні, фотаздымкі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Падрыхтавала шмат раздатачнага матэрыялу для школьнікаў.

Як класны кіраўнік Раіса Васільеўна вялікае значэнне надавала індывідуальнай рабоце з дзецьмі. Рэгулярна наведвала іх дома, гутарыла з бацькамі. Дарэчы, напаўняльнасць класаў у той час была вялікай, але для кожнага свайго выхаванца настаўніца знаходзіла час.

  Увогуле, вучні заўсёды ішлі на кантакт з педагогам. Разам рыхтавалі цікавыя мерапрыемствы. Ёй давяралі патаемнае, прыходзілі за парадай.

За час працы ў школе Раіса Качук неаднаразова ўзнагаро-джвалася ганаровымі граматамі раённага і абласнога ўзроўняў, юбілейнымі медалямі, мае ганаровае званне “Выдатнік асветы”.

На заслужаным адпачынку Раіса Васільеўна ўжо дваццаць гадоў. Захапляецца вышыўкай, вязаннем, завіхаецца па гаспадарцы. Заўсёды рада візіту дзяцей і ўнука, якія выраслі дастойнымі людзьмі. З цеплынёй успамінае мужа Пятра Васільевіча, былога настаўніка працоўнага навучання санаторнай школы-інтэрната, з якім прайшлі сумеснае жыццё ў ладзе і згодзе.

Настаўніца і цяпер не губляе сувязі са сваімі вучнямі, да сённяшняга дня добра памятае нават першых выпускнікоў. З многімі сустракаецца, падтрымлівае сувязь па тэлефоне.

– У сваёй прафесіі не расчаравалася, – адзначае жанчына. – Калі б можна было павярнуць час і пачаць усё з пачатку, без вагання выбрала б такі ж шлях. Настаўніцкі.

Наталля МАЦЮК.

 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.