Вялікі пост распачалі зэльвенскія каталікі

“Бог міласэрны, дапамажы з верай і надзеяй перажыць перыяд посту,” – з такой просьбай звярнуліся зэльвенскія парафіяне да Пана Езуса падчас імшы ў Попельную сераду. З 2 сакавіка каталіцкія вернікі распачалі час падрыхтоўкі да Вялікадня.

Разважаючы над Словам Божым і звяртаючыся да прысутных у касцёле Святой Тройцы г.п. Зэльва, пробашч Яцэк Маркель падкрэсліў, што перыяд посту няпросты, бо ў гэты час з’яўляецца шмат перашкод для чалавека: не хапае часу прыйсці ў святыню, памаліцца, пабыць адзін на адзін з Богам.

Сёлета пост прыпадае сапраўды на нялёгкі час. Гэта і час пандэміі, час перажыванняў з-за сітуацыі ў суседніх краінах. Але, як і штогод, так і цяпер 40-дзённы перыяд дае магчымасць кожнаму чалавеку задумацца над сэнсам свайго жыцця, асабліва духоўнага. Паверыць, што ў канечным выніку можна змяніць з дапамогай Бога і сваё жыццё, і тыя абставіны, у якія мы пагружаемся. Мы павінны зразумець: пост – гэта малітва аб міласці, умацаванне веры, надзеі і любові. Наш Адкупіцель паказвае нам правільны накірунак, у якім неабходна ісці крок за крокам да Вялікага Дня.

Святар таксама адзначыў, што перыяд Вялікага посту – гэта перыяд малітвы і добрых учынкаў, індывідуальных пастаноў для сябе. У адных гэта можа быць часцейшая прысутнасць на імшы, у другіх – малітва на ружанцы, у іншых – прысутнасць на Крыжовай дарозе, спеў песень жальбы і інш. Веруючы чалавек мае права сам выбіраць пабожныя практыкі Касцёла. Галоўнае, каб яны былі шчырымі і жаданымі.

У знак жалобы і пакаяння ксёндз Яцэк паблагаславіў попел, пасыпаў ім галовы вернікаў.

Імша завяршылася супольнай малітвай за мір у суседніх краінах і паразуменне паміж людзьмі.

Парафіянка Ірына Жамойціна выказвае сваё меркаванне:

Літургічны перыяд для меня і маёй сям’і выражаецца найперш у наведванні святыні і супольнай малітве, у пастаянным удзеле ў малітвах падчас Крыжовага шляху Хрыста, ва ўстрыманні ад мясных страў у вызначаныя дні, ад забаў. Прымаючы попел, які сімвалізуе крохкасць і прамінальнасць, абмежаванасць чалавечага жыцця, мы ўступілі ў час сардэчнага пакаяння і ачышчэння ад грахоў. Жадаю парафіянам як мага часцей наведваць касцёл, годна перажыць пост і заўсёды жыць згодна Слову Божаму.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены