Вялікая Пятніца Мукі Пана. Каталікі Зэльвеншчыны праслаўляюць Крыж

Вялікая Пятніца – другі дзень Пасхальнага Трыдуума, калі вернікі прымаюць удзел у літургіях Мукі Пана, слова і адарацыі Крыжа. Гэта час, калі веруючыя людзі перажываюць найцяжэйшы перыяд у гісторыі Пана Езуса. Таму і святая імша ў гэты вечар не цэлебруецца.

Літургія Мукі Пана ў касцёле Святой Тройцы г.п. Зэльва распачалася з цішыні і роздуму…Роздуму над тым, што жыццё Пана перастае існаваць. Не прывітаўшы парафіян, святар дайшоў да алтара і ўпаў ніцма. У гэты момант усе прысутныя ў храме ўкленчылі перад Таямніцай.

Далей загучаў урывак з Евангелле. Святы Ян апісаў Муку Пана яскрава і дэтальна, паказаўшы паводзіны, характары і словы апосталаў. Сэнс літургіі слова быў вельмі глыбокі: Езус узносіцца на каралеўскі пасад праз здраду Іуды, у цярновым вянку, праз велізарныя мукі і боль. Смяротны прысуд здзейснены.

У разважальным слове ксёндз Яцэк Маркель заўважыў, што стоячы перад абразом ці фігуркай Пана Езуса, кожны чалавек павінен асэнсаваць сваё жыццё, свой духоўны стан і зрабіць рахунак сумлення:

Якія б цяжкія грахі мы не зрабілі, якія б складаныя абставіны нас не акружалі, мы павінны верыць, што Хрыстова Кроў, Яго Крыж і ласка, Найсвяцейшы Сакрамэнт ачышчаюць нас, даюць нам шанс паверыць ў Езуса і ісці за Ім.

У агульнай малітве вернікі далучыліся да закліку Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і памаліліся аб міры ва Украіне і ўсім свеце.

Пасля літургіі слова адбылася адарацыя Крыжа. Святар зняў з яго фіялетавы заслон, які на працягу двух апошніх тыдняў посту ахінаў укрыжаванага Езуса, і пацалункам праславіў Збаўцу. Затым з паклонам да каранаванага Валадара падыйшлі ўсе прысутныя на імшы.

Прымаючы святую Камунію, кожны ў душы прымаў Езуса і верыў у паяднанне з Богам.

Праз некалькі хвілін Найсвяцейшы Сакрамэнт быў выстаўлены каля гробу Пана. Тут ён будзе знаходзіцца да пасхальнай вігіліі. На працягу суботы зэльвенцы маюць магчымасць памаліцца каля святога месца, пабыць у цішыні і духоўна падрыхтавацца да галоўнай святой імшы літургічнага года.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены